Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 171 172 173 174 175 176 177 178 179 ... 268
Перейти на страницу:

— А не падавіцеся? — раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.

Стась ускінуў галаву.

— Што?

— Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!

— Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія — паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! — свірэпа закончыў Стась.

Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца — дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.

Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад’ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.

Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэ, падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.

— Праклятыя вы! Каб вам да нядзелі не дажыць! Каб вы маці сваіх не ўбачылі!

— Ну-ну! Жыва, сказана! Жыва!!

— На каго я дзяцей пакіну, гадаўё вы неміласэрнае!..

— Жыва!

Так, не выйшла, забіралі і яе — значыць, іхняе становішча і яшчэ ўскладнялася. Мабыць, будзе і горш. Сотнікаў зірнуў на Рыбака. Той сядзеў да яго бокам, і здалося, на яго аброслым шчаціннем твары слізгануў пакутлівы цень. Было ад чаго.

Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі… Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД — значыць, спакойнага часу асталося надта мала — трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе — брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.

— Звяры! Фашысты! Куды вы мяне везяцё? Там дзеці! Дзетачкі мае родненькія, залаценькія мае! Гэлечка мая, як жа ты будзеш…

— Трэ было раней думаць!

— Ах ты, погань нячыстая! Ты мяне папракаеш яшчэ, запраданец нямецкі! Што я зрабіла вам?

— Бандытаў хавала.

— Гэта вы бандыты, а тыя як людзі: зайшлі і выйшлі. Што я знала, што яны на гарышча ўзлезлі? Што я — сваім дзіцям на загубу? Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!

— Маўчаць! Бо кляп усаджу!

— Каб табе кол усадзілі, нячысцік!

— Так! Стась, стой! — гукнулі з задніх саней, і абое сані спыніліся, не даязджаючы дзвюх тоненькіх бярозак, што пагойдваліся на ветры ў кусце лазняку за канавай. Рыбак і возчык цікаўна азірнуліся, а Сотнікаў толькі сцяўся нутром, чакаючы чагось абразлівага і страшнага. І сапраўды Дзёмчыха неўзабаве закрычала, затузалася, сані ззаду скрануліся на дарозе, рыпнуў хамут, і нават конь неспакойна пераступіў на снезе. Потым усё сціхла. Стась саскочыў быў з развальнёў, ды хутка зноў задаволена паваліўся на сваё месца.

— Хе! Рукавіцу ў зяпу — не крычы, шалёная баба!

Сотнікаў з натугай павярнуў галаву і апынуўся твар у твар з канваірам.

— Падлюгі!

— Ты, заступнік! Адвярні нюхаўку, а то красную юшку спушчу!

Паліцай зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Але Сотнікаў ужо ведаў, з кім мае справу, і з выклікам і непрыкрытай варожасцю вытрымаў гэты позірк.

— Спрабуй, гад!

— Ха, пагражае! Ды знаеш — я цябе зараз шпокну і атвячаць не буду! Гэта табе не Саветы!

— Шпокні! Зрабі ласку.

— А то слабо? — Паліцай узяўся за затвор вінтоўкі, але толькі пырануў ствалом у грудзі і вылаяўся.

Сотнікаў нават не міргнуў — ён ужо не баяўся гэтага вылюдка. Ён ведаў, што на яго нахабства трэба адказваць такім жа нахабствам — гэтыя людзі разумелі абыходжанне толькі ў іх тоне. Самая малая прыкмета страху, залежнасці адзывалася ў іх звыклай рэакцыяй драпежніка перад безабароннай ахвярай.

1 ... 171 172 173 174 175 176 177 178 179 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)