Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 167 168 169 170 171 172 173 174 175 ... 268
Перейти на страницу:

Сотнікаў сашчаміў зубы, учапіўся рукамі ў лаўку, і Рыбак як-колечы сцягнуў з яго нагі акрываўлены мокры бурак. Далей трэба было зняць штаны, і Сотнікаў, паморшчыўшыся, выціснуў:

— Я сам.

Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён, расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Сярод падсохлых крывавых пацёкаў на яго целе Рыбак згледзеў урэшце ранку. Яна аказалася зусім невялічкай, падпухлай, з сіняватым абадком наўкруг — тыповай кулявой ранай, якая трохі яшчэ крывяніла. З другога боку сцягна выхаду не было, што значыла: куля засела ў назе. Гэта ўжо было горш.

— Да, сляпое, — заклапочана сказаў Рыбак. — Трэ даставаць.

— Ты ж не дастанеш, — пачаў раздражняцца Сотнікаў, — дык завязвай, і годзе.

— Нічога, нешта прыдумаем. Хазяюшка, можа, перавязаць чым знойдзецца? — гукнуў Рыбак за перагародку, а сам мокрым ручніком пачаў аціраць падсохлую кроў.

Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча, той, аднак, намогся і трываў, і Рыбак падумаў, што ўвогуле рана не такая і страшная, калі толькі куля не зачапіла косці. Калі яе выняць, дык праз месяц усё загоіцца. Куды важней гэты месяц недзе перабыць, перахавацца, каб не папасціся ў лапы да немцаў.

Калі Дзёмчыха з’явілася ў дзвярах з кужэльным кавалкам у руках, Сотнікаў сарамяжліва схамянуўся, і яна заўважыла тое.

— Не бойся. На во, перавязвайце, чым знайшла.

Увесь час, пакуль Рыбак абкручваў сцягно, Сотнікаў душыў у сабе стогн і, калі ўсё было скончана, пластам упаў на лаву. Рыбак спаласнуў у чыгунку рукі.

— Ну во, аперацыя і скончана. Хазяюшка!

— Бачу, не сляпая, — сказала Дзёмчыха, з’яўляючыся ў дзвярах.

— А што далей, ось загвоздка! — Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну.

— А я хіба ведаю, што далей.

— Ісці ён не можа — факт.

— Сюды ж прыйшоў.

Мабыць, яна нешта адчула ў яго далекаватых закідах, і яны пільна і насцярожана паглядзелі адно на аднаго. І гэтыя іх позіркі засведчылі куды болей, чым было сказана ў словах. Рыбак зноў адчуў сваю няўпэўненасць, слабасць свайго лагічнага грунту — як было давесці гэтай жанчыне, што іншага выйсця ў іх няма. Але і яна, відаць, няблага разумела, чым рызыкавала, згадзіўшыся на іх патрэбу, і мела намер стаяць на сваім.

У даволі лёгкай, амаль дробязнай дагэтуль размове настала дакучлівая замінка. Сотнікаў задышліва прыціх на лаве, а Рыбак у клапоткім роздуме зірнуў у акно.

— Немцы!!

Як уколены, ён адскочыў у парог, за якую долю секунды ўсё ж паспеўшы згледзець некалькі ўзброеных постацяў, што стаялі на могілках. Менавіта стаялі, а не ішлі, ён нават не зразумеў, куды яны былі звернуты тварамі, ён толькі ўбачыў абрысы постацяў са стваламі вінтовак над іх плячамі.

Сотнікаў падхапіўся з лавы, шырока замахаў ля сябе рукой — стараўся схапіць вінтоўку. Гаспадыня як стаяла, так і збялела да белага палатнянага колеру. Рыбак спярша хацеў быў выскачыць за дзверы, ды зноў вярнуўся зірнуць у акно, але яго апярэдзіла Дзёмчыха.

— Ідуць! Трое сюды ідуць!

Сапраўды, трое з могілак накіроўваліся ўніз да сцежкі, якраз, мусіць, па нядаўніх іхніх слядах. Як толькі Рыбак згледзеў тое, усё ў ім апала ўнутры ў шчымлівым прадчуванні бяды. Ніколі ён не палохаўся так, нават сёння ўначы, а цяпер нешта сказала яму, што будзе найгоршае. На нейкае імгненне ён сапраўды разгубіўся. Здаецца, найлепей было ўцякаць, аднак ён зірнуў на скурчанага на лаве Сотнікава, які сціскаў у адной руцэ вінтоўку, і спыніўся. Уцякаць не выпадала. Дзёмчыха, мусіць, таксама зразумела гэта і трывожлівым шэптам загаманіла:

— На гарышча! Лезьце на гарышча!!

Вядома, на гарышча, куды ж яшчэ можна было падацца ў сялянскай хаце? Яны сунуліся ў цемнаватыя сенцы, у куце якіх чарнеў квадратны лаз на гарышча, але драбіны пад ім не было, і Рыбак ускочыў на круглыя камяні жорнаў. Найперш ён перакінуў на гарышча вінтоўку і азірнуўся.

— Давай тваю!

Сотнікаў, расставіўшы рукі, гробся цераз парог, Дзёмчыха падтрымлівала яго, ён падаў вінтоўку, і Рыбак таксама сунуў яе ў цёмную дзірку гарышча. Потым, ледзь не паваліўшы жорны, узвалок на іх Сотнікава. Верхняе бервяно адсюль усё яшчэ было высока, ухапіўшыся за яго рукамі, ён зашкрэбаў па сцяне ботамі і неяк ускараскаўся. Тут жа ўхапіў працягнутыя рукі Сотнікава. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты.

— Пакулле там! За пакулле лезьце! — падказвала знізу гаспадыня.

1 ... 167 168 169 170 171 172 173 174 175 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)