Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 163 164 165 166 167 168 169 170 171 ... 174
Перейти на страницу:

Глыкс віснуў і расьціснуў пальцы, а Сэм крочыў наперад і, ня трацячы часу, каб перакінуць кій у другую руку, ударыў пачвару яшчэ раз. Па-зьмяінаму спрытна Глыкс сьлізнуў прэч, і ўдар, накіраваны ў галаву, трапіў на сьпіну. Кій храснуў ды зламаўся. Але Глыксу было досыць. Наскочыць ззаду й ухапіць было ягоным улюбёным прыёмам, і амаль заўжды пасьпяховым. Аднак гэтым разам, здурнелы ад нянавісьці, ён памыліўся – пакпіў да таго, як абедзьвюма рукамі схапіў ахвяру за шыю. Усё, усё пайшло наўскасяк у ягоным цудоўным пляне, калі тое жудаснае сьвятло нечакана зьявілася ў цемры. А зараз ён апынуўся нос да носу з шалёным ворагам, памерам амаль зь яго самога. Такія бойкі былі не для Глыкса. Сэм падхапіў зь зямлі корд і замахнуўся. Глыкс завішчэў, скочыў убок на карачкі й кінуўся прэч, перавальваючыся, бы рапуха. I не пасьпеў Сэм нават крануць яго, як той ужо даваў драла зь незвычайнаю хуткасьцю назад, да тунэлю.

З кордам у руцэ Сэм кінуўся за ім. На які момант забыўся на ўсё, апрача лютага шаленства й жаданьня забіць Глыкса. А дагнаць не пасьпеў. Глыкс зьнік. I тады, калі перад хобітам паўстала чорная дзірка й насустрач хваляю выкаціўся смурод, думка пра Фрода й павучыху громам грымнула ў Сэмавым розуме. Ён разьвярнуўся й дзіка панёсься па сьцежцы, гукаючы, выклікваючы гаспадарова імя. Ён спазьніўся. Гэтая частка Глыксавага пляну спраўдзілася.

10. Выбар спадара Сэмвайза

Фрода ляжаў ніцма на зямлі. Пачвара нахілілася над ім, у хцівасьці не зьвяртаючы ўвагі на Сэма й ягоныя выклікі, пакуль той зусім не наблізіўся. Падбягаючы, Сэм убачыў, што Фрода ўжо цалкам спавіты ў павуціньне, ад глізнаў да плячэй, і пачвара пярэднімі нагамі прыўзьняла яго, каб адвалачы ў логава.

Побач з Фрода, з Сэмавага боку, ляжаў эльфскі клінок, бескарысны, выпалы зь бясьсільнай рукі гаспадара. Сэм, ахоплены ці адвагаю, ці вернасьцю, ці ўпрост шалёнаю злосьцю, не марнаваў часу на развагі. З рыкам скочыў наперад, падхапіў гаспадароў корд у левую руку й кінуўся на пачвару. Не было нападу шалёней у жорсткім жывёльным сьвеце, дзе здараецца часам, што маленечкі зьвярок з слабымі зубамі кідаецца ў адчаі на волатавую драпежную груду тоўстай шкуры й рогу, баронячы свайго брата.

Нібы абуджаная слабым Сэмавым выгукам ад салодкага, злараднага сну пра сакавітую ежу, павучыха павольна перавяла жудасны позірк на яго. Але не пасьпела ўцяміць, што з такім шаленствам не сустракалася незьлічоныя гады, як зіхоткае лязо ўпілося ў яе нагу й адцяла клюшню. А Сэм скочыў пад яе нагамі ды імгненным выпадам другой рукі джгнуў гронку вачэй на яе пахіленай галаве. Вялізнае вока, працятае, паблякла.

Зараз маленькі разьюшаны зьвярок быў упрост пад Вялікай Шэлаб, на момант недасягальны для яе джала й кіпцюроў. Велізарнае пуза сьвяцілася над хобітам засьмердлай гнільлю, і ад смуроду Сэм амаль страціў прытомнасьць. Аднак ягонага шаленства хапіла яшчэ на ўдар, і не пасьпела павучыха адказаць, расплюшчыць малога нахабу пузам, як ён наўсьцяж паласнуў з адчайнаю сілаю зыркім эльфавым лязом.

Але Шэлаб ў адрозьненьне ад цмокаў ня мела слабых месцаў, апрача вачэй. Скура яе была вузлаватая, зарослая шматвекавым брудам і тоўстымі рубцамі шнараў, разьдзьмутая знутры пластамі смуроднай поскудзі, непрабівальная. Лязо пакінула жудасны шнар, але ж тыя мярзотныя складкі й зморшчыны аніякая чалавечая моц не прабіла б. Ані эльфы, ані гномы не маглі б скаваць сталь, здольную на такое, нават калі б рука Бэрэна ці Турына трымала яе. Атрута забурліла, пырснула з раны. Раскірачыўшы ногі, павучыха абрынулася пузам на Сэма – ды пасьпяшалася. Бо Сэм яшчэ цьвёрда стаяў на нагах і, выпусьціўшы ўласны корд, абедзьвюма рукамі схапіўся за эльфаў клінок, трымаючы яго вастрыём угару, каб ня даць апусьціцца жудаснай столі. I так Шэлаб уласнаю жорсткаю воляю, зь сілай, больш моцнай, чым у любога ваяра, насунулася на востры шып. Глыбока-глыбока зайшоў ён, пакуль Сэма павольна прыплюшчвала да зямлі.

Такога болю й страху Шэлаб ня ведала, нават не ўяўляла за ўсе незьлічоныя гады сваіх злачынстваў. Ані найсталейшы ваяр былога Гондару ані найшалёнейшы орк, загнаны ў кут, не пратрымаліся б столькі супраць яе й не кранулі б мечам Шэлабіну нутрыну, яе ўлюбёнае, найкаштоўнейшае ўласнае цела. Яна скаланулася. Ускінуўшы пуза, адсунула яго ад крыніцы болю, выпрастала дрыготкія ногі дый, трасучыся, адскочыла назад.

Сэм укленчыў побач з Фродавай галавою, здурнелы ад лютага смуроду, але абедзьвюма рукамі яшчэ трымаючы корд. Праз смугу перад вачыма ўсё ж пабачыў Фродаў твар – і ўцята перамог сябе, пераадолеў дурноту. Павольна ўзьняў галаву й заўважыў страшыдлу ўсяго за колькі крокаў, убачыў, як яна глядзіць на яго. Складзеныя дугі яе ног уздрыгвалі, яна напружвалася для другога скоку – на гэты раз расьціснуць, заджаліць да сьмерці, не заліць маленькай порцыяй атруты, каб сьцішыць мітусьню ахвяры, але каб забіць, а тады разадраць на кавалкі.

1 ... 163 164 165 166 167 168 169 170 171 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)