Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 162 163 164 165 166 167 168 169 170 ... 174
Перейти на страницу:

Небарака Сэм не здагадваўся, якое ліха яны абудзілі дый узьнялі супраць сябе, аднак страх рос у ім, пачуцьцё нябачнай пагрозы, і такім цяжарам навалілася яно, што й бегчы стала немагчыма, бо ногі нібы наліліся сьвінцом.

Жах апанаваў яго, бо ворагі чакалі наперадзе, а гаспадар у бязглуздай радасьці бег ім насустрач. Адарваўшы позірк ад ценяў ззаду й глыбокага змроку пад скаламі леваруч, ён зірнуў наперад – і пабачыў тое, што ўкінула ў адчай. Корд, які Фрода яшчэ трымаў аголеным у руцэ, зьзяў блакітным полымем. I хоць нябёсы па-за вежаю пацямнелі, вежавае вакно яшчэ сьвяцілася чырваньню.

– Оркі! – прамармытаў ён. – Гэтак мы не праскочым. Тут процьма оркаў, і горш за оркаў таксама.

Тады, узгадаўшы зноў на сваю даўнюю асьцярожнасьць, прыкрыў даланёю каштоўную шклянку, якую ўсё трымаў у руцэ. Рука засьвяцілася пунсовым ад ягонай уласнай жывой крыві, і ён сунуў сьвятлінку, што магла выдаць ворагам, глыбока ў кішэню на грудзёх дый запахнуўся шчыльна ў эльфаў плашч. А тады паскорыў крок. Бо гаспадар аддаляўся й быў ужо кроках за дваццаць, несучыся, што цень, хутка ён зусім зьнікне з вачэй у шэрым навакольлі.

Не пасьпеў Сэм схаваць сьвятло зорнага фіяла, як зьявілася Шэлаб. Вынырнула з чорнай яміны ценю пад скалою крыху наперадзе й зьлева, паўстала перад Сэмам – найвусьцішнейшая пачвара з усіх бачаных у жыцьці, жахлівейшая ад найчарнейшага начнога трызьненьня. У павучыным падабенстве, але большая за буйных драпежных зьвяроў і значна жудасьнейшая, бо ў яе бязьлітасных вачох зьзяла ліхая воля. Тыя самыя вочы, што ён палічыў адагнанымі, пераможанымі, ізноў запаліліся шалёнай злосьцю, бы згусткі ліха на выцягнутай наперад пачварнай галаве. Шэлаб мела вялікія рогі, а за кароткай шыяй боўталася непамернае разьдзьмутае цела, веліканскі бурдзюк, які калыхаўся й тросься паміж яе нагамі. Чорную сьпіну пярэсьцілі рэдкія блядна-сінюшныя плямы, а пуза зьнізу, цалкам бледнае, нават сьвяцілася гнільлю й невыносна сьмярдзела. Высока над сьпінаю тырчэлі складзеныя ногі, з вузлаватымі суставамі, з валосьсем, што сталёвы дрот, а на канцы кожнай нагі кляцала клюшня.

Як толькі яна праціснула мяккае булькатлівае цела й складзеныя ногі праз дзірку, то пабегла з жудаснай хуткасьцю, рыпячы нагамі, раптоўна падскокваючы. Апынулася паміж Сэмам і ягоным гаспадаром. Альбо Сэма не заўважыла, альбо не хацела пакуль што набліжацца да носьбіта сьвятла й палявала спачатку на Фрода, пазбаўленага фіяла. А Фрода ўсё бесклапотна бег па сьцязе, не падазраючы пра небясьпеку. Хутка бег, але Шэлаб – хутчэй, вось ужо ёй не стае некалькі скокаў...

Сэм вохнуў ды сабраў рэшткі сілаў, каб закрычаць.

– Спадару, ззаду! Азірніцеся, спадару! Я...

Доўгая ліпучая рука закрыла яму рот, другая абхапіла шыю, і нешта абвілося вакол нагі. Перахоплены зьнячэўку, ён зваліўся назад, проста ў рукі нападніка.

– Патрапілісься! – прашыпеў Глыкс яму на вуха. – Нарэсьсьце, мая кашштоўнасьсьць, патрапіўсься нам гідкі тоўссты хобітсс, таксс! Мы з гэтым разьберамосься. А яна возьме другога, таксс, Шшэлаб возьме яго, не Сьмеяголь, бо ён жа абяцаў, ён пальцам пана не кране! Але ён злавіў цябе, гідкі брудны маленькі шшныраксс!

Ён хоркнуў на Сэмаву шыю.

Шаленства ад здрады, ад адчаю не пасьпець, калі гаспадар у сьмяротнай небясьпецы, дало Сэму зьнянацку такую злосьць ды моц, якіх ён ня мог уявіць. Не чакаў такога Глыкс ад няўклюдага дурнаватага хобіта, якім лічыў Сэма. I сам здрадца ня вывернуўся б гэтак спрытна й рэзка. Глыксава рука сасьлізнула з Сэмавага роту, а Сэм нахіліўся й рвануў наперад, намагаючыся выбрацца з Глыксавай хваткі, вызваліць шыю. Яшчэ трымаў корд у правай руцэ, а ў левай – Фараміраў падарунак, падарожны кій. Сэм адчайна выгнуўся, спрабуючы пырнуць ворага. Але Глыкс стаўся спрытнейшым. Ягоная правая рука ўскінулася, схапіла Сэмава пясьце, пальцы сашчапіліся, як абцугі, і пачалі бязьлітасна выкручваць руку, нахіляючы наперад і долу. Зь енкам болю Сэм выпусьціў меч, і той ляснуўся аб зямлю, а Глыксава рука ўсё шчыльней здушала глотку.

Тады Сэм апошнім адчайным намаганьнем адсунуўся, моцна ўперся нагамі ды раптоўна адштурхнуўся, адкінуўся назад з усяе моцы.

Не чакаючы ад Сэма нават такіх простых хітрыкаў, Глыкс упаў разам зь ім, і цяжар каржакаватага хобіта прыйшоўся яму на жывот. Рэзкае шыпеньне вырвалася зь ягонага роту, і на імгненьне хватка на Сэмавай шыі паслабла, хоць другая рука ўсё яшчэ трымала Сэмава пясьце. Сэм жа выбраўся канчаткова, рушыў наперад ды ўскочыў і павярнуўся направа, яшчэ трыманы за правую руку. Узьняўшы левай кій, Сэм размахнуўся й абрынуў яго зь сьвістам на выцягнутую Глыксаву руку, і патрапіў якраз пад локаць.

1 ... 162 163 164 165 166 167 168 169 170 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)