Сэрца на далоні
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Сэрца на далоні». Краткое содержание книги:
Раман I. Шамякіна «Сэрца на далоні» аб чэсці чалавека — працоўнай і прафесійнай, аб духоўна багатых і прыгожых людзях і аб тых, хто маладушны і подлы. Гэта шматпланавы, шматпраблемны твор, з мноствам сюжэтных ліній, з разнастайнасцю людскіх лёсаў і характараў. Два галоўныя факты — «асэнсаванне чалавечага падзення» мужных людзей і гісторыя кіраўніка падполля, які быў аб'яўлены здраднікам — асноўныя сюжэтныя лініі твора. Дзеянне твора размеркавана па двух планах часу — ваенным і сучасным, а ідэя выяўлена ўжо ў самой назве твора, як бы падкрэсліваючы думку пра неабходнасць гуманнага стаўлення да чалавека. Цяперашняе і мінулае як бы сплятаюцца ў рамане, вырашаючы самыя важныя праблемы жыцця ўсяго грамадства ў пачатку 60-х гадоў: праўда мінулага і сучаснага, адносіны паміж пакаленнямі, чалавек як асоба і іншыя.
— Гэта вы самі надумалі? А ў Наташы вы спыталі? А ў Віці?
Яны, Наташа і Віця, разумелі, што падслухоўваць чужыя размовы нядобра. Спальня — найбліжэйшы пакой ад кухні, і яны мімаволі пачулі першыя словы маці. Каб больш нічога не чуць, яны, не згаворваючыся, падняліся і перайшлі ў бацькаў кабінет — самы ізаляваны пакой. Селі там, адно — на канапе, другое — у крэсле, і моўчкі сядзелі. Не чыталі, не размаўлялі, нават не маглі чамусьці паглядзець адно аднаму ў вочы, быццам саромеліся. Проста чакалі, як у прыёмнай бальніцы ці суда. Доўга чакалі. Можа, праўда саромеліся за маці? Ці шкадавалі яе?
Калі нарэшце Тарас вярнуўся, яны паглядзелі на яго з надзеяй, з запытаннем. Наташа нават саскочыла з канапы і памкнулася насустрач. Тарас усміхнуўся ім знясілена, але паабяцаў з ранейшай упэўненасцю:
— Я іх паміру.
34
— …Не, скажы, верыў ты, што Савіч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!..
— Ты не ўяўляеш усёй складанасці барацьбы.
— Дапусцім, што акрамя цябе ёсць людзі, якія таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе?
— Не.
— Чаму?
— Тваё пытанне наіўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабілітаваць Савіча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе і трапіў у час, калі нічога нельга было зрабіць, калі ішлі арышты, правальваліся яўкі. Пасля гэтага я прыйшоў бы і паведаміў: мяне хаваў Савіч, якога забілі падпольшчыкі, а немцы з пашанай пахавалі. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, відаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, які быў час.
— Карацей кажучы, ты пабаяўся.
— Ну пабаяўся, пабаяўся! Калі табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуіраваў горад — не баяўся. Адступаў да Масквы — не баяўся. Мяне паслалі назад у тыл — я не баяўся, не бегаў па камісіях, як другія. Ні разу не скакаў з парашутам — скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнізона. Вадзіў людзей на аперацыі — не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзіць разбітае падполле, — не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася…
— Не крычы. І не бразгай сваімі медалямі. Тое, што рабіў ты, рабілі тысячы, мільёны… Мы выконвалі свой абавязак.
— Але, я пабаяўся. А другія не баяліся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерці ад кулі ворага. А памерці ад рук сваіх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты ні ў чым не вінаваты… Ты ўяўляеш? Ты думаў калі-небудзь пра гэта?
— Думаў. І цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф'я Савіч, калі пасля фашысцкага канцлагера трапіла ў Сібір.
Паўза. Гучна, з лёгкім меладычным звонам адбіваў секунды вялікі медны маятнік стаячага гадзінніка. Астматычна дыхаў адзін з двух, што прысутнічалі ў кабінеце.
— Я думаў і бачыў многа разоў, як ішлі на смерць, каб ратаваць таварыша. І я гэта разумеў. А вось такі данос на людзей, якія ратавалі цябе, — гэтага я зразумець не магу.
— Ну, змаладушнічаў! Я ж не хаваю. Я напісаў пра гэта ў тлумачальнай запісцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гісторыяй, даказваць… Нічога ж не змянілася ў сорак пятым, ты ведаеш.
— Мы перамаглі фашызм, і нічога не змянілася?! Для цябе нічога не змянілася?
— Цяпер лёгка разважаць.
— Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру…
— Я прашу…
— Чаго там «прашу»! Не іграй святую невіноўнасць. Дрыжаў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар'еру — вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыі. Амаль шэсць год пасля дваццатага з'езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другіх? Дзеля чаго, у імя якой ідэі ты хаваў яе?
— Гэта што, допыт?
— Я не прасіў цябе. Ты прыйшоў сам, каб «раскрыць душу», параіцца.
— Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбіралі справы некаторых з тых, хто пісаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былі аб'ектыўнымі.
— Мы разбіралі кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялі часам лібералізму. Між іншым, некаторых з іх браў пад абарону ты. З пазіцый высокага гуманізму. А Шыковіча хацеў выключыць за ўчынак сына.
— Падбіраеш факты?
— Не. Проста прыгадваю. Факта даволі аднаго. Якія яшчэ патрэбны факты?
Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкія крокі.