Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 156 157 158 159 160 161 162 163 164 ... 268
Перейти на страницу:

І тут ён здагадаўся, што баяўся дарма: непадалёк з-пад пагорка прагучаў стрэл у адказ. Значыць, вартаўнік усё ж астаўся. Тыя, мабыць, адправіліся па падмогу, а аднаго пакінулі сачыць за ім і трымаць пад абстрэлам. Мусіць, яны сцямілі, што ён паранены і далёка ад іх не ўцячэ. Што ж, усё правільна.

Гэта засмуціла і яшчэ больш. Найгорш, што ён зусім не бачыў таго пад пагоркам, мусіць, добра замаскіраваўся, гад, а па стрэлах уначы не ўгадаеш, дзе ён засеў. Па-ранейшаму было млосна і трошкі блажыла, нібы ён з’еў што нядобрае. Хацелася піць. Дрыготка ж калаціла ўжо нясціхна, і ён падумаў, што, мабыць, доўга так не прачакае.

Але ён чакаў, невядома на што спадзеючыся, хоць так проста было скончыць з усім. Можа, ён хацеў жыць? Відаць, што хацеў, асабліва цяпер, калі тыя знялі аблогу — сапраўды, яму захацелася выжыць. Толькі як? Балючай нагой ён стараўся не кратаць, нават найменш варушыцца наогул. Але здаровая ступня ўжо, мабыць, адмерзла — значыць, ён зусім аставаўся без ног. А без ног — які ж паратунак?

Пакінуўшы ў снезе вінтоўку, ён павярнуўся на бок, пашукаў побач бурак. Той ляжаў блізка, халявай у снезе. Ён дацягнуўся да яго, высыпаў снег і пачаў намацваць здранцвелай нагою, каб надзець. Надзець, аднак, не ўдалося, гэта аказалася трудней, чым здзерці. Ступня толькі ўлезла ў халявіну, як у яго зноў закружылася ў галаве, поле паплыло кудысь вялізнаю сцюдзёнай крыгай. Стала нясцерпна, і ён сцяўся, стараючыся ператрываць пакуты. У той час здаля бахнуў і пакаціўся гулкім марозным рэхам вінтовачны стрэл — усё адтуль, з-пад пагорка. Бахнуў і другі раз, і трэці. Куль, аднак, ён не пачуў, ды ён і не слухаў. Бокам скурчыўшыся ў сваім снежным лаўжы, ён з усяе сілы стараўся ўздзець бурак. І ён уздзеў яго, хоць і не да канца, неяк ператрываў прыступ асабліва нясцерпнага болю, і яму стала лягчэй. Ён нават павярнуў твар, бо дужа пякло марозам шчаку і лоб. І тады пачуў голас:

— Сотнікаў, Сотнікаў…

Гэта нібы ўдарыла яго нямым здзіўленнем, але ён тут жа падумаў, што, мабыць, яму здалося. Тым не менш ён азірнуўся — ззаду ў змроку варушылася нешта жывое, рухава паўзло і паўтарала ціха, але настойліва:

— Сотнікаў! Сотнікаў!

Вядома, гэта Рыбак. Сотнікаў пазнаў яго басавіты голас і тады зусім ужо апаў у сваім пакутным напружанні. Хоць у той час ён яшчэ не ведаў, добра гэта ці не, што Рыбак вярнуўся, але ўжо разумеў, што як ні дзіўна, але і гэты раз ягоны канец адсоўваецца на няпэўнае, невядома якое будучае…

7

Яны папаўзлі да кустоўя — наперадзе Рыбак, за ім Сотнікаў. Гэта быў доўгі і цяжкі шлях. Сотнікаў не спраўляўся за сябрам, а часам і зусім заміраў у снегавой баразне, і тады Рыбак, абярнуўшыся, хапаў напарніка за каршэнь і валок за сабой. Ён таксама выбіўся з сілы — мала таго што памагаў Сотнікаву, дык яшчэ валок на сабе абедзве вінтоўкі, якія штораз спаўзалі са спіны і блыталіся пад каленямі ў снезе. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. З пагорка два разы грукнулі стрэлы — мусіць, той паліцай нешта ўсё ж заўважыў.

Як-колечы дабраўшыся да кустоўя, яны залеглі між мяккіх заснежаных купін. Шэрае галлё алешніку някепска хавала іх у прыцемках ночы. Рыбак быў увесь мокры — раставаў снег у рукавах і за каўняром кажушка, ад поту змакрэла спіна. Ён так замарыўся, як не марыўся, мабыць, ніколі ў жыцці, і хвіліну немачна ляжаў ніц, толькі пазіраў на пагорак: ці не бягуць за імі. Але ззаду нікога не было, паліцай калі што і заўважыў, дык, мабыць, даганяць не адважыўся — тут нядоўга было злавіць кулю самому.

— Ну, як ты? — нарэшце азваўся Рыбак, усё яшчэ горача дыхаючы густой парай.

— Кепска, — проста прызнаўся Сотнікаў.

Ён ляжаў на баку побач, знясілена адкінуўшы галаву ў шчыльна аблеглай, са змёрзлымі краямі пілотцы. Параненая яго нага была трошкі прыўзнята каленам угору і дробненька нервова дрыжала.

Рыбак ціха пры сабе вылаяўся.

— Давай панясу. А то… Абложаць — не вырвешся.

Трохі прыпадняўшыся, ён выцяг з-пад каўняра ў Сотнікава скамечаны свой ручнічок і дрыготкімі ад стомы рукамі перавязаў ягоную нагу вышэй калена. Сотнікаў здрыгануўся, разы два прамычаў ад болю і змоўк. Потым Рыбак, прыўзняўшыся на каленях, падставіў яму спіну.

1 ... 156 157 158 159 160 161 162 163 164 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)