Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 153 154 155 156 157 158 159 160 161 ... 268
Перейти на страницу:

Ад гэтае думкі-здагадкі Рыбаку стала зусім ніякавата — то было вышэй за яго магчымасці. Паліцаі зверху, з пагорка, мусіць, добра бачаць адзінокага чалавека на снезе і мала што пакуль не бягуць да яго — яны, безумоўна, застрэляць яго з вінтовак. Калі ён, Рыбак, кінецца на дапамогу, заб’юць абодвух — гэта ж так проста. Як бывала ў фінскую, калі праклятыя снайперы з дрэў набівалі па чатыры-пяць чалавек за хвіліну, і ўсё тым жа самым прымітыўным спосабам: да першага падстрэленага на выручку кідаўся сусед па ланцугу і тут жа клаўся з прастрэленым нутром побач, потым да іх поўз наступны. І кожны з гэтых наступных напэўна ведаў, што яго чакае там, але не мог стрымаць сябе, чуючы, як гэтак блізка стогне-канае таварыш.

Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць. Сотнікава ўжо не ўратуеш, а самому загінуць вельмі проста. Рашыўшы так, Рыбак хуценька закінуў за спіну карабін, рашучым намаганнем узваліў на плячо авечку і, спатыкаючыся ў снезе, прыпусціў краем балотца.

Мусіць, ён далёка ўжо адбег ад таго месца і зноў здорава замарыўся. Стрэлы ззаду на нейкі час быццам сціхлі, і ён, услухоўваючыся ў цішыню, з цьмянай палёгкай падумаў, што там усё скончана. Але праз хвіліну яны пачуліся зноў. Бахнула разы тры, адна куля з віскам прайшла над балотам. Значыць, Сотнікаў яшчэ жывы. І менавіта гэтыя стрэлы азваліся ў Рыбаку новай трывогай, панішчыўшы кволую радасць ад таго, што сам уратаваўся. Яны напаміналі і страхавітаю горыччу варушылі разгарачанае яго пачуццё. Авечка ўсё цяжэла, часам яе скалянелы цяжар здаваўся чужым і апрыклым, і ён валок яе, думаючы зусім аб іншым.

Праз хвіліну наперадзе паказаўся неглыбокі равок, можа, бераг рачулкі. Пэўна трэба было перайсці на той яго бок, Рыбак сунуўся з берага, але паслізнуўся — ноша яго звалілася на ўзгорак, а ён на спіне ссунуўся ўніз. Войкнуўшы, ускочыў, на руках і каленях выбраўся з раўка і раптам выразна адчуў, што рабіў не так. Як было столькі сілы выдаткоўваць на гэту праклятую авечку, калі там аставаўся таварыш? Ён яшчэ жыў і напамінаў аб сабе стрэламі, а Рыбак, па сутнасці, кідаў яго ворагам. Відочная недарэчнасць ранейшага намеру стала такая выразная, што Рыбак вылаяўся і збянтэжана сеў на ўзгорку. Якраз у той час за хмызняком грымнуў яшчэ адзін стрэл, і болей стрэлаў з пагорка ўжо не было. «Можа, там што перайначылася?» — падумаў Рыбак. Настала няпэўная паўза, яна, аднак, падштурхнула Рыбака, і ён ускочыў.

Стараючыся не разважаць болей, ён хуткім крокам кінуўся па сваім следзе назад.

6

Сотнікаў не меў ніякага намеру пачынаць перастрэлку — ён проста ўпаў на схіле, у галаве закружылася, усё навокал паплыло, і такая знямога скавала цела, што ён, бы нежывы, распластаўся ніц, убіўшы ў снег галаву.

Перад тым як упасці, ён убачыў, што Рыбак шпарка шыбаваў наперадзе, але рукі ў таго былі заняты ношай, ды ён, мабыць, і не заўважыў, што стала з напарнікам, які і не азваўся, не крыкнуў, бо ведаў: дарма, яго ратаваць позна. І Сотнікаў ляжаў некалькі доўгіх секунд, пакуль не пачуў ззаду галасы і не зразумеў, што яго хутка схопяць. Тады ён выдзер са снегу вінтоўку і, каб на якую хвіліну адсунуць ад сябе тое самае страшнае, што павінна было адбыцца, не ўстаючы, стрэліў у змрок. Хай ведаюць, што так проста ён ім не здасца. Мусіць, гэта падзейнічала: яны там, у полі, нібы прыпыніліся, і ён падумаў, што трэба паспрабаваць яшчэ. Хоць ён і ведаў, што шансы яго надта мізэрныя, але ўсё ж неяк саўладаў з сваёй слабасцю, намогся і, абапёршыся на вінтоўку, устаў. У той момант яны паказаліся нечакана блізка — тры чорныя цені на шэрым горбе пагорка, прыпыніўшы бег, насцярожана пазіралі ўніз. Мабыць, згледзеўшы яго, крайні справа штось крыкнуў, і Сотнікаў, амаль не цэлячыся, стрэліў другі раз. Было бачна, як яны там хіснуліся долу ад яго кулі, папрыселі, мусіць, чакаючы новых стрэлаў, а ён, заграбаючы нагамі снег, слаба і няўклюдна пабег, кожную секунду рызыкуючы зноў грымнуць на снегавы дол. Рыбак ужо быў далекавата наперадзе, спорна шыбаваў да ляска, і Сотнікаў падумаў: можа, уцячэ. Ён і сам стараўся з астатніх сіл як надалей адбегчыся ад таго пагорка, ды ззаду ледзь не залпам ураз бабахнулі тры стрэлы.

Некалькі крокаў ён яшчэ прабег, але ўжо ведаў, што ўпадзе, — у правым сцягне жахліва запякло, ліпкая гарачыня палілася па калене ў брак. Яшчэ праз два крокі ён перастаў адчуваць нагу, якая незразумела змярцвела, падвярнулася, і ён спотырч рухнуў грудзьмі на снег. Вялікага болю ён не адчуваў, было толькі млосна і надта горача вышэй калена, у калашыне хутка макрэла. Некалькі часу ён нязрушна ляжаў так, да болю закусіўшы губу. У яго свядомасці ўжо не было спалоху, ён перажыў яго трохі раней, не было нават жалю — было толькі надта выразнае, цвярозае і быццам не яго, а чужое ўсведамленне таго, што гэта — канец.

1 ... 153 154 155 156 157 158 159 160 161 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)