Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пасля Жыццё [Пасляжыццё, be]». Краткое содержание книги:
Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў. Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі.
Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць. Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.
Пры афармленні кнігі нам хацелася падкрэсліць актуальнасць прозы Васіля Уладзіміравіча, таму за аснову была ўзятая коміксавая стылістыка. Дызайн выдання — гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка. Кожная ілюстрацыя — своеасаблівы кейген да таго ці іншага твора і гэтага тома ў цэлым.
− Баішся, паганы трус! Баішся! А ну, устаць!.. Устаць!!! − ледзьве не крыкнуў Тарасікаў.
І ён заварушыўся, прыўзняў голаў − цераз узмежак агнявымі пчоламі імчалі ў хмызняк раі куль, наперадзе, з-пад цёмнай гарбіны будыніны, пыхкаў і пыхкаў агеньчык, і выляталі тыя бліскаўкі-трасы.
«Баішся! Калоцішся! − з помслівай асалодаю здзекваўся з сябе Тарасікаў. − А ну, уставай! Агонь!!!»
− Тарасікаў, агонь! Агонь! Такую тваю… − гучэла ў вушах суровая каманда Жаркова.
І хлопец устаў, нясмела прыўзняў голаў, падсунуўся да кулямёта, каб захінуцца яго сталёвым шчытком, і паглядзеў наперад. Каля самага вуха люта фыркнула некалькі нябачных куль, узляцела ракета, хлопец зноў тыцнуўся тварам у зямлю, а калі зноў счарнела ўваччу, торапка, каб не даць узгарэцца ў сабе спалоху, ухапіў ручкі кулямёта і націснуў спуск.
Чарга аглушыла яго, збянтэжыла, але ён не адпусціў пальцаў і яшчэ праз некалькі секунд здзіўлена сцяміў, што жывы і што трасы нейкім незразумелым чынам міналі яго, рассейваючыся скрозь у чарнаце ночы. І тады ён на момант прыпыніўся і зірнуў у прыцэл. У вузенькай рамцы відаць быў кароценькі мігатлівы бляск пад чорным узгоркам будыніны, і хлопец, давярнуўшы кулямёт, зноў націснуў на спуск.
Ён ціснуў яго, аж покуль хапіла духу ў грудзях, а калі задыхнуўся ад напружання, адняў пальцы. У вачах усё бліскалі аранжавыя пыхаўкі ад кулямёта. Сэрца яго шалёна стукацела, было дужа страшна − хлопец рассунуў локці і зноў прыпаў да зямлі. І, відаць, зрабіў гэта ў час, бо зараз жа з варожага боку сыпануў сюды рой куль. Некалькі іх мільганула ўгары паверх кулямёта, а некалькі гучна ляснулі ў шчыт і агністымі мухамі зыўкнулі ўгору і ўбакі; Тарасікаў аж здрыгануўся, абмёр, але спакваля сцяміў, што жывы і нават не ранены. Ён асцярожна прыўзняў голаў у касцы і зірнуў з-за кола − там, наперадзе, на рагу чорнай пахілай будыніны па-ранейшаму кораценька і часта папыхквала полымя.
Было цёмна і ў гэтае цемры Тарасікаў адчуў сябе трошачкі схоўней. Ракеты, мабыць, болей за іншае прыгняталі яго (можа быць, яшчэ ад тае ночы, калі іх бамбілі на вялікай станцыі − тады ўсё ў доле было заліта святлом мноства страшэнна яркіх ракет-ліхтароў, што віселі ў небе). У цемры ж адчуваць сябе куды лепей, калі б толькі даўжэй была тая жыцце-ахоўная цемра.
Трошкі аддыхаўшыся і асмялеўшы, Тарасікаў яшчэ раз зірнуў наперад − кулямёт з-за будыніны папыхкваў кудысь, але трасы ішлі ўбок, і Тарасікаў, хуценька прыўзняўшыся, навёў кулямёт і замацаваў яго. Калі ён зноў узяўся за ручкі і прыўзняў ахоўнік, хваляванне і нерашучасць зноў ахапілі хлопца, і ён паляжаў яшчэ, не адважваючыся ўтапіць спуск. Але ўрэшце з ярасцю і злосцю на сябе зрабіў гэта, кулямёт затрэсся і хлопец, здаецца, ад страху ажно прыплюшчыў вочы. Ён разумеў, што цяпер нямецкі кулямётчык прыкмеціць яго і ў самыя бліжэйшыя секунды будзе вырашана, хто каго.
Кулямёт пратарахцеў доўгую чаргу і змоўк, Тарасікаў здзівіўся, не адразу здагадаўшыся, што скончылася стужка. У той час загарэлася ўгары ракета, і ён раптам убачыў, як наперадзе, да тае пунькі, дзе страляў яго вораг, бяжыць нейкі салдат. Трапіўшы пад ракету, ён пляцнуўся на гарод, умомант раскінуў ногі і пусціў з аўтамата чаргу. «Заб’юць! Заб’юць! − стукнула ў голаў думка. − Там жа кулямёт!» І Тарасікаў, спалохаўшыся за таго смельчака, не стаў ужо хавацца ад ракеты, а ўхапіў зводдаль новую каробку і стаў зараджаць «гарунова».
Ракета пагасла, а Тарасікаў, сцяўшы белыя броўкі, нейкі час узіраўся ў цемру, каб пабачыць, што сталася з тым байцом. Навёўшы кулямёт, ён пачаў пільнаваць тую плямку, каб адразу, як пыхне яна, пусціць туды струмень сваіх нябачных смяротных куль.
Аднак кулямёт той болей і не стрэліў.
Тым часам страляніна трохі паслабла, Тарасікаў адзначыў гэта і здзівіўся, падумаўшы, што бой быццам сціхае, а ён усё жывы. Хлопец папільнаваў яшчэ, думаючы, што, можа, урэшце блісне ўсё ж варожы стрэл, але час ішоў, а агеньчыка ўсё не было. Тады раптам Тарасікаў адчуў, што чамусьці аж шкада яму − хлопец толькі што ўбачыў у сабе маленькую яшчэ і такую радасную надзею, што пераможа. Ён пачаў ужо спадзявацца на сябе, бо ведаў, што страляць умеў трапна, вока ў яго было вострае, вось толькі нянавісны неадчэпны страх − з ім хлопец ніяк не мог зладзіць.
Але раптам ён спахапіўся, што нікога не чуваць побач, мабыць, усе ўжо пабеглі далей, можа, нават узялі вёску, а ён застаўся з кулямётам адзін. Адрывацца ж ад усіх, заставацца ззаду Тарасікаў не хацеў, хоць і было вельмі страшна, ён усё ж імкнуўся заўсёды не адстаць, бо адзінота палохала яго не меней, чым нямецкі агонь.