Чамяры і чамяроўцы
- Автор: Чыгрын Сяргей
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Кнігазбор
- Жанр: История
Электронная книга - «Чамяры і чамяроўцы». Краткое содержание книги:
На другі дзень, калі разбіралі гэты выпадак, Андрэй Пракапчук сказаў: "Не трэба было рабіць кесарава сячэнне. Я дастаў бы дзіця звычайным шляхам. Праўда, яно было б мёртвае, але затое жанчына засталася б жыць".
Вейсброд раз'юшыўся, раскрычаўся: маўляў, яйцо курыцу вучыць. А пасля перавёў Пракапчука ў скурную бальніцу да прафесара Мяшчэрскага. [19]
Германа Іванавіча Мяшчэрскага наш зямляк ужо ведаў, бо здаваў яму экзамен па дэрматалогіі. Адказваў, трэба прызнацца, кепска, на троечку. "Ну, што ж, пастаўце яму тройку. Дэрматолага з яго ўсё роўна не будзе", — казаў свайму асістэнту прафесар.
Праз многа гадоў, калі працы Андрэя Пракапчука па дэрматалогіі былі прадстаўлены ў якасці дакладаў на міжнародным кангрэсе дэрматолагаў у Будапешце, наш зямляк, сустрэўшыся з Мяшчэрскім у Маскве, напомніў яму пра яго фразу. Прафесар доўга рагатаў.
Але гэта было пазней. А тады чамяровец з пэўнай асцярогай узяўся за новую для сябе справу...
Работа з Мяшчэрскім ужо не ў якасці студэнта-практыканта, а ўрача была для Пракапчука вялікай школай, навучыла самастойна думаць. Прафесар бачыў гэта і, калі Пяцігорскай гразелячэбніцы спатрэбіўся спецыяліст, парэкамендаваў яго.
Менавіта ў Пяцігорску пачалася дарога нашага чамяроўца ў навуку. Там ён пачаў сапраўдныя даследаванні, якія павінны былі вызначыць, у прыватнасці, дозу ўжывання лекавай гразі.
Пра сваю работу ў Пяцігорску Пракапчук паведаміў у навуковым друку: "Русский вестник дерматологии" надрукаваў яго артыкул аб аміятрофіях, а часопіс "Курортное дело" змясціў артыкул "Лячэнне сіфілісу на каўказскіх мінеральных водах". Пасля гэтага яму прапанавалі пасаду ўрача Мінводаў. Гэта была вялікая радасць для Андрэя Пракапчука. Праўда, праз некаторы час яго зноў выклікаюць у Маскву, і на Каўказ ён больш не вярнуўся. Справа ў тым, што ў Маскве старшыня ЦВК БССР Чарвякоў сабраў у беларускім прадстаўніцтве ўсіх беларусаў, якія вучыліся ў маскоўскіх ВНУ, і паведаміў, што беларускі народ кліча іх на радзіму ў Беларусь.
У 1927 годзе наш зямляк вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце на медыцынскім факультэце намеснікам дэкана і старшым выкладчыкам кафедры. З гэтага ўніверсітэта быў камандзіраваны ў Парыж з навуковай мэтай удасканалення сваіх ведаў.
У Парыжы ён працаваў у шпіталі святога Людовіка пад кіраўніцтвам прафесара Гужэро, практыкаваўся ў таленавітых французскіх вучоных і ў Пастэраўскім інстытуце.
Гэта быў надзвычай плённы час доктара са Слонімшчыны. Ён атрымаў дыплом Сарбоны па спецыяльнасці гісталогія і яшчэ адзін дыплом, у якім было напісана, што "мусьё Пракапчук мае права загадваць сералагічнай лабараторыяй у Францыі і яе калоніях...".
Акрамя таго, ён надрукаваў у французскіх навуковых выданнях некалькі сваіх прац, у прыватнасці, у часопісе Гастона Міліяна быў змешчаны яго артыкул "Пігментная хвароба Шамберга". Французскія "Аналы дэрматалогіі" змясцілі яго працу "Псіхозы воцатнакіслага калія".
Калегі з Францыі, у прыватнасці Перэн, гаварылі Пракапчуку, што яго працы вартыя таго, каб на іх падставе абараніць дысертацыю, але ў Парыжы гэта будзе вельмі дорага каштаваць. "Раю вам, — гаварыў Перэн, — вярнуцца на радзіму і абараніць дысертацыю ў інстытуце акадэніка Паўлава".[20]
Пракапчук паслухаўся Перэна і напісаў пісьмо ў Ленінград. Адтуль атрымаў станоўчы адказ. У Ленінградзе нашаму земляку давялося працаваць пад кіраўніцтвам прафесара М. М. Анічкава ў інстытуце эксперыментальнай медыцыны. Дапамагалі Пракапчуку не толькі прафесар Анічкаў, але і яго калегі — вядомыя вучоныя. Дзякуючы ім беларускі юнак з Чамяроў пабываў і на славутых паўлаўскіх серадах, быў прадстаўлены вялікаму вучонаму. Між іншым, менавіта акадэмік Паўлаў паспрыяў таму, што яго шэфам стаў прафесар Анічкаў.
У горадзе на Няве Андрэю Пракапчуку была прысуджана ступень доктара медыцыны. Тут ён атрымаў і званне прафесара.
Імя нашага земляка Андрэя Якаўлевіча Пракапчука здабыло сусветную славу. Ён з'яўляецца аўтарам больш як 200 навуковых прац, распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам. Адны назвы яго медыцынскіх прац гавораць аб шырыні і разнастайнасці прафесійнай дзейнасці нашага земляка. Гэта яго даследаванні «Бэта-выпраменьвальнікі ў дэрматалагічнай практыцы», «Змяненні нервовых элементаў скуры трусоў пад уздзеяннем радыёактыўнага фосфара», «Гнойныя захворванні скуры і іх папярэджанне», «Клініка рэдкіх дэрматозаў» і многія іншыя.
Андрэй Пракапчук даследаваў гісторыю беларускай медыцыны. У матэрыяле «Да гісторыі вышэйшай медыцынскай адукацыі і навуковых медыцынскі таварыстваў у Літве і Беларусі», які быў апублікаваны ў «Сборнику научных работ» (Мн., 1959) ці не ён першы ў пасляваенны час расказаў пра Віленскае, Беластоцкае, Магілёўскае, Віцебскае медыцынскія таварыствы, сябры якіх працавалі па ўсёй Беларусі. У прыватнасці, наш зямляк згадвае: «Члены Виленского медицинского общества работали по всей территории Белоруссии и Литвы. В 1820 г. среди его членов был инспектор Минской врачебной управы Бернгард, который в 1818 г. читал в Вильно доклад о колдуне. Из врачей, работавших в Белоруссии, в различное время были членами общества: Эразм Брезинский из Пинска, Фредерик Бранденбург из Могилёва, яков Франк из Минской губерни, Карл Гибенталь из Витебска, Осип Ясинский из Новогрудка, Гаспар Климкович — доктор медицины и хирургии из Минска, Осип Грабовицкий из Гродно, Иван Беренд из Белостока, Францишек Пучковский из Слонима, Даниил Стахович — доктор медицины и инспектор Минской врачебной управы, доктор Казимир Харьковский из Несвижа, доктор Радкевич из Слонима, предложивший лечение полипов носа едкими веществами и зачитавший доклад о колдуне, Ян Островский из Слонима — дивизионный врач, Ян Козел из Минска, Игнатий Булгак, Вильчинский из Бобруйска, Гриневич из Кобрина, Свидерский из Минска, доктор медицины Ясинский из Витебска…».[21] Пра ўсіх гэтых дактароў сёння трэба шукаць звесткі, пісаць кнігі. Дарэчы, пад кіраўніцтвам чамяроўскага доктара дваццаць пяць урачоў напісалі і абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.
19
Пракапчук Андрэй. З перажытага // Полымя.1968, № 11. С. 169
20
Пракапчук Андрэй. З перажытага // Полымя.1968, № 11. С. 171
21
Сборник научных работ. Мн., 1959, т.4. С. 360-361