Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Споведзь - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Споведзь

Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:

На споведзі гавораць толькі праўду. Прыспела пара i паэту Сяргею Грахоўскаму голасна паспавядацца перад сваімі сучаснікамі, расказаць пра пакутныя дзесяцігоддзі сваёй маладосці i сталасці, пра трагічныя лёсы сяброў i знаёмых — партыйных работнікаў, пісьменнікаў, артыстаў, вучоных i калгаснікаў, знішчаных i замардаваных у пару сталінскіх рэпрэсій. У кнігу ўвайпілі дзве аўтабіяграфічныя аповесці i вершы апошніх гадоў.
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 136
Перейти на страницу:

Прайшло болей паўстагоддзя, а памяць зноў і зноў вяртае ў той дажджлівы кастрычніцкі вечар 1936 года. Я працаваў у радыёкамітэце. Рана здаў усе перадачы, а дамоў ісці не хацелася: сланяўся па рэдакцыі, гартаў падшыўкі газет, чамусьці было страшна выйсці ў трывожную слату асенняга вечара. Пабадзяўся па гастраноме, пастаяў у чэргах, даехаў трамваем да Камароўкі і марудна паплёўся па цёмнай і гразнай Цнянскай вуліцы да барачнага тыпу дома, дзе і мне далі пакойчык. Здалёк убачыў сваё асветленае акно, і апанаваў невядомы страх. Стрымлівала нейкае трывожнае прадчуванне. I яно не падвяло: бяда ўжо чакала мяне і правяла 19 кастрычніка жалобную рысу ў маім жыцці.

Увайшоў у пакой і сумеўся: заплаканая жонка сядзела на ложку, а за сталом два вайскоўцы з лётнымі пятліцамі і лейтэнанцкімі кубікамі гарталі кніжкі, знятыя з адзінай этажэркі. Каб не кідацца ў вочы блакітнымі фуражкамі, аператыўнікі часта з’яўляліся ў цывільным або ў агульнавайсковай форме. Я адразу не спалохаўся і не разгубіўся, бо ведаў, што за мною няма ніякай віны. Магла быць адзіная зачэпка — вярнуўшыся з камандзіроўкі ў пагранічны раён, не паспеў своечасова здаць у камендатуру візу. Вось, думаю, адзіная прычына такога нечаканага візіту. Пацікавіўся, з якое прычыны яны капаюцца ў маіх кніжках, а мне працягнулі ордэр на права вобыску і арышту. I гэта мяне не вельмі ўразіла. Думаю, паўшчуваюць, папалохаюць і раніцай пусцяць дадому. Але аператыўнікі вельмі ж уважліва ўглядаюцца ў кожную старонку, дзе толькі падкрэсленне ці паметкі, — адкладаюць убок, складаюць у папку мае скрэмзаныя чарнавікі, лісты і фотаздымкі. Глядзеў на іх работу, пакуль не змарыў сон, і я спакойна заснуў.

У пяць гадзін раніцы разбудзіў пад акном гул машыны, тупат і незнаёмыя галасы людзей, што ўваліліся ў мой невялічкі пакойчык у агульнай кватэры радыёкамітэцкага дома. Ён стаяў у полі на пясчаным узгорку. Я яго адшукаў пасля вайны. Ён яшчэ доўга ліпеў паміж новых дамоў. Я хадзіў вакол яго, пазіраў у колішняе маё акно, бачыў нейкія постаці, а ў пакой зайсці не адважваўся, баяўся, што расплачуся. На тым парозе абарвалася мая маладосць, страчанае назаўсёды каханне, там убачыла свет маё дзіця, толькі я яго ніколі не пабачыў, а неўзабаве і яно стала ахвяраю крывавага тэрору: жонку з дзіцём на руках выселілі з ведамаснай кватэры, выключылі з інстытута. Без прытулку і грошай да самых маразоў яны начавалі ў скверы на плошчы Волі, сябры і знаёмыя пазбягалі, баяліся даць прытулак. Калі пахавала сына, падалася на нейкі торфазавод, і нашы шляхі разышліся назаўсёды.

А мяне ў тое кастрычніцкае ранне пяць узброеных чалавек везлі ў нейкую страшную невядомасць. Побач сядзеў мой будучы следчы, высокі з шэрым тварам і цёмнымі кругамі пад вачыма старшы сяржант Даўгаленка, з другога боку прыціснуўся маленькі ў скураным паліце, з авечым профілем начальнік сакрэтна-палітычнага аддзела Шліфенсон, у патыліцу дыхаў гніллю зубоў высачэзны міліцыянер, спераду сядзелі два «лётчыкі» на стосах забраных у мяне кніг. Нават Чэхаў і Горкі трапілі ў «крамольную» літаратуру.

У дарозе мяне агарнула трывога: калі іх столькі сабралася, выходзіць, справа не ў візе. Ламаю галаву, што мог кепскага зрабіць, і нічога прыпомніць не магу, а прадчуванне бяды сціснула сэрца і стукае ў скроні.

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 136
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)