Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 155 156 157 158 159 160 161 162 163 ... 171
Перейти на страницу:

Юстын маўчаў.

— А пра тых — што сказаць. Вось таму, што яны штогадзінна забіваюць гэтую прагу іншага, прагу святога — адбярэцца ў іх праўда і дадзена будзе Чалавеку. Мабыць, няскора! Але ж адкуль ён народзіцца, Чалавек, калі ўсе мы зараз будзем таптаць у сабе ягоныя іскры?

— Значыцца…

— Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны.

Стала так ціха, што чуць было, як звонка плёскае ў місу вада з рукамыйніка.

— Слухай, — Юстын раптам спаймаў Хрыстову руку. — Яшчэ перад судом гэтая… Магдаліна… угаворвала мяне, каб я… Я вагаўся. Што змянілася б ва ўсім гэтым свінстве? Але цяпер бачу: з самага пачатку не рабілі ў Гародні больш чорнай справы. — Ён заглядаў Юрасю ў вочы амаль умольна. — Слухай, уцякай. Слухай, я падрыхтую вазок. Выпушчу цябе. Скажу — узнёсся. Няхай чысты будзе канец маіх дзён.

Хрыстос жартам барнуў яго галавою:

— Гэх, Юсціне. І так ён у цябе будзе спакойны і чысты. Прапанаваў такое — лічы, што зрабіў. Толькі… не пайду я, не трэба мяне ратаваць. Дзякуй, Юстын.

— Але чаму, чаму?

— А таму, — пасур'ёзнеў вязень. — Часам мне здаецца — сатана не з неба зваліўся. Ён з зямлі прыйшоў. Яго цэрквы спарадзілі. Яго цары спарадзілі. Ваяводы. Тысячаначальнікі. Нельга, каб сярод людзей жылі, чынілі сваю волю такія. Чым хутчэй яны знікнуць — тым лепей. Можа, мая смерць хаця на таўшчыню воласа наблізіць гэта.

Паклаў руку Юстыну на плячо:

— Ты не думай, я хораша памру. Кажуць, у такіх выпадках падыходзяць у шкарпэтках, адчыняюць нечакана дзверы і хапаюць у сне, каб не роў, не адбіваўся?

— Быв-ваюць і такія… Заг-гад.

— Загад для большага прыніжэння. Адзінае маё жаданне: гэтага не трэба. Ува ўсёй гэтай навалачы ногі будуць калаціцца больш, чым у мяне… Вось і ўсё… А заўтра ўсе яны запаляць мой агонь, якога ім не згасіць.

Ён убачыў, што ў Юстына між пальцаў рук, прыціснутых да аблічча, сплываюць, точацца слёзы.

— Кінь. Ты хацеў і мог памагчы. Ты не вінен ні ў чым. Ты не вінаваты, што я адмовіўся.

Юстын устаў. Занадта паспешліва. Пакрочыў да дзвярэй.

— Бывай, — ён кінуў гэта, нібы выплюнуў. — Прабач.

— Няма за што. Бывай. Дзякуй, Юстын.

Дзверы грукнулі, нібы іх зачыніў глухі ад нараджэння. Рэха загудзела пад скляпеннем цэлі. Змоўкнула.

РАЗДЗЕЛ LVІ «ДА ЖЫВЁЛАЎ І ГАДАЎ…»

Не капай другому ямы — сам увалішся ў ню.

Скарына

Мы пацалуем папу ў зад, таму што зад у папы, вядома, ёсць. Пра гэта сказана ў нашых дэкрэталіях. Калі ж ёсць папа — значыцца, у яго ёсць і зад. Калі б у свеце перасталі існаваць зады, значыць, не стала б і папы.

Рабле

Ужо некалькі дзён хадзіў па вуліцах Гародні дзіўны чалавек. Галава і амаль усё аблічча абматаныя суровай палатнінай. З-пад яе выглядаюць вока і адзін вус, тупы і кароткі. На плечы накінуты цёмны, грубага сукна плашч. Прыпол плашча ззаду ўзняты, відавочна, канцом мяча, што вісіць пад гэтым плашчом пры боку. Суконны сіні кітлік цеснаваты, як толькі не лузне на грудзях і плячах. На рукаве кітліка нашыты белы крыж.

Людзі адхіналіся ад яго на вуліцах, адступалі ўбок. Пайшла пасля «ночы крыжоў» і трымалася яшчэ некаторы час гэткая паршывая мода: не адпорваць знака крыжа і не здымаць павязак, як быццам невядома якое геройства рэзаць сонных і сячыся з заспетымі неспадзеўкі. Усе гнілыя фацэты фарсілі так.

Вось і гэты — па ўсім відаць — хвалько і забіяка, адарвірог. Рукі ледзь ад крыві адмыў, а ўжо вокам свідруе. Вусы абцяў (падсмаленыя, відаць, былі), варушыць імі. Меч пры боку, а сумлення ў душы чорт ма.

Каб гэтыя самыя людзі мелі магчымасць сачыць за дзіўным чалавекам па працягу цэлага дня, яны б здзівіліся яшчэ больш. Чалавек снедаў у якой-небудзь кепскай карчомцы, а пасля ішоў у нейкі касцёл (цэркваў пазбягаў), хрысціўся пад плашчом (справа налева), а пасля клаўся на падлозе крыжам і ляжаў так гадзінамі. Вочы ягоныя былі заплюшчаны, дыханне глыбокае. Страшэнна, відаць, перажываў чалавек нейкія свае грахі. І падумаць толькі, што нечы забойца, а такі набожны!

Дзе ён начаваў, ніхто не ведаў і не бачыў. Цалкам магчыма, што нідзе, бо ўначы рэдкія прахожыя часам таксама бачылі яго на вуліцах.

Людзі здзівіліся б яшчэ больш, каб даведаліся, што гэтага чалавека ўжо колькі дзён беспаспяхова шукаюць па ўсім наваколлі сокі і служкі доказнай інквізіцыі. Шукаюць, але не могуць нават падумаць, што ён тут, побач, у самым логаве. У чалавека не было страхі над галавою, і таму начамі ён хадзіў, і таму, будучы праваслаўным, хадзіў у касцёлы. У царкве, стоячы на нагах, не дужа разаспішся, а тут лёг крыжам і… Страшэнна зручная вера каталіцызм!

Чалавека звалі Багдан Роскаш, а падчас Хрыстовай эпапеі — Тумаш Няверны, званы Блізнюк.

Ён кружляў па горадзе, сам не ведаючы чаго. Проста тут сядзеў Хрыстос, а Фама быў не з тых людзей, што кідаюць друга ў бядзе.

1 ... 155 156 157 158 159 160 161 162 163 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)