Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
– Я ня памятаю гэтага месца ўвогуле, – паскардзіўся Гэндальф, стоячы пад аркаю дый азіраючыся. Падняў кій – пабачыць, ці ёсьць якія пазнакі ці надпісы, якія праясьнілі б справу, але не знайшоў анічога.
– Напэўна, я надта стаміўся, каб выбраць правільна, – хіснуў галавою. – Мяркую, і вы стаміліся ня меней за мяне, калі ня болей. Лепей прыпыніцца тут, адпачыць да раніцы, колькі там да яе засталося. Вядома, тут заўсёды змрок, але вонкі ветах ужо павярнуў на захад і поўнач мінула.
– Небарака Біл, – уздыхнуў Сэм. – Дзе ён, бедны? Спадзяюся, ваўкі яго ня зжэрлі.
Леваруч ад аркі знайшлі каменныя дзьверы, напаўзачыненыя, але ж яны адчыніліся ад лёгкага штуршка. За імі бачыўся вялізны пакой, вычасаны ў скале.
– Цішэй, цішэй! – выгукнуў Гэндальф, калі Мэры зь Піпінам кінуліся наперад, задаволеныя месцам, хоць бы крыху затуленым і бясьпечнейшым, чым адкрыты калідор. – Вы ж ня ведаеце, што там. Дазвольце мне зайсьці першым.
Зайшоў асьцярожна, астатнія цугам за ім.
– Вось! – чараўнік паказаў кіем на цэнтр залі, дзе перад самымі ягонымі нагамі ашчэрылася вялізная круглая дзірка, нібы калодзеж. Паламаныя, заржавелыя ланцугі грувасьціліся ля яе краю, цягнуліся ўсярэдзіну, у чорную праваліну. Каменныя аскепкі валяліся побач.
– Хтосьці з вас мог зараз ляцець там і ўсё яшчэ гадаць, ці хутка дно, – сказаў Арагорн Мэры. – Калі ўжо маеце правадыра, дык дазвольце яму крочыць паперадзе.
– Падобна да вартоўні для нагляду за трыма калідорамі, – выказаў меркаваньне Гімлі. – А дзірка добра падыходзіць у якасьці калодзежу для патрэбы вартаўнікоў, яна мусіла накрывацца каменнай плітой. Але пліта разьбітая, таму нам трэба сьцерагчыся ў цемры.
А Піпіна неяк дзівосна вабіла да калодзежа. Пакуль астатнія разгортвалі коўдры й рыхтавалі ложкі ўздоўж сьценаў пакою, як мага далей ад дзіркі, хобіт падабраўся да яе й зазірнуў. Халодны вецер зь нябачнай глыбіні пляснуў яму ў твар. Паддаўшыся раптоўнаму невытлумачальнаму парыву, хобіт намацаў на ўскрайку каменны аскепак дый сьпіхнуў яго. У цішыні пачуў, як грукае ягонае сэрца – раз, другі, мноства разоў. Нарэшце з далёкага нізу данеслася гулкае "плуп"! Быццам камень пляснуўся ў глыбокую ваду недзе ў прасторнай пячоры, і калодзеж данёс, узмацніўшы й паўтарыўшы мноства разоў, далёкае рэха.
– Што гэта? – выгукнуў Гэндальф.
Піпін, запінаючыся, прызнаўся. Гэндальф уздыхнуў з палёгкай, але раззлаваўся й вочы ягоныя бліснулі сувора.
– Дурань Хват! – прабурчэў ён. – Гэта табе ня хобіцкі шпацыр па прысадах! Наступны раз скачы сам – будзе меней клопату. Цяпер закрый рот ды слухай!
Некалькі хвілінаў анічога ня чулася. Тады з глыбіняў даляцеў слабы погрук: тап-том, тап-том. Спыніўся. Калі рэха змоўкла, паўтарыўся: тап-там, тап-там, тап-тап, там. Вельмі падобна да нейкага сыгналу. Ён прагучаў некалькі разоў, тады аціх.
– Каб мне аніколі болей ня чуць молату, калі гэта ня ён, – вымавіў Гімлі.
– Так, – пацьвердзіў Гэндальф. – I ён мне не даспадобы. Магчыма, ён і ня злучаны аніяк з Хватавым глупствам. Але, найхутчэй, ягоны камень патурбаваў тое, што лепей было б не чапаць. Калі ласка, болей не рабіце анічога падобнага! Спадзяюся, нам пашанцуе крыху адпачыць. А табе, Піпіне, асаблівая ўзнагарода – трымаць першую варту, – прабурчэй чараўнік, загортваючыся ў коўдру.
Няшчасны Піпін сядзеў ля дзьвярэй у паўнюткім змроку. Ды ўсё азіраўся, баючыся, што з калодзежу выпаўзе нейкая пачварына. Так карцела прыкрыць чым тую дзірку, хоць бы коўдрай! Але ён не адважваўся ня тое каб падысьці да дзіркі, а нават і паварухнуцца, хоць Гэндальф, напэўна, ужо заснуў.
Насамрэч Гэндальф ня спаў, толькі ляжаў моўчкі. Глыбока задумаўшыся, намагаючыся ўзгадаць кожную дробязь былой вандроўкі праз Морыю ды вырашыць, куды трэба кіравацца. Памылка цяпер была б катастрафічнай. Праз гадзіну падняўся й падышоў да Піпіна.
– Уладкуйся ў кутку ды сасьні крышку, хлапец, – казаў, відавочна, больш не злуючыся. – Напэўна ж, хочацца паспаць, так? А мне ўсё адно вачэй ня змружыць, я й павартую.
Усеўшыся побач зь дзьвярыма, прамармытаў:
– Ведаю-ведаю, у чым справа. Трэба папаліць. Я ж не каштаваў зёлкі ад самай раніцы перад перавалам.
Апошняе, што пабачыў Піпін перад тым, як сон агарнуў яго, былі цьмяныя абрысы старога чараўніка. Той сядзеў на падлозе й захіляў драўляную шчэпку вузлаватымі рукамі. Яна бліснула на момант, асьвятліўшы чараўніковы калені й твар з вострым доўгім носам і хмаркай дыму.