Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— I дазвольце звярнуцца па асабістаму пытанню, таварыш генерал.
Генерал здзіўлена прыўзняў галаву, але перш чым ён што-небудзь адказаў, Вераценнікава выпаліла:
— Загадайце камбату пакінуць мяне ў батальёне.
Прыкметна здзіўлены, генерал выслухаў яе, пасля спадылба зірнуў на камбата. Валошын падцяў вусны, ледзьве стрымліваючы абурэнне на санінструктара за яе гэткую бесцырымонную нават для гэтай дзяўчыны выхадку.
— А што, ён вас адсюль праганяе? — холадна запытаў генерал.
— Праганяе ў тыл.
— Такі загад па палку, — вытлумачыў Валошын. — Санінструктар Вераценнікава камісавана як непрыгодная да страявой службы. А вы, таварыш малодшы сяржант, павінны ведаць, як у арміі звяртаюцца да старшых начальнікаў! — строга дадаў ён, звяртаючыся да падначаленай.
Вераценнікава, аднак, зусім безуважная да камбатавых слоў, па-ранейшаму трымаючы рукі па швах, чакала адказу. Генерал ледзьве прыкметна павёў плячом.
— Я не магу гэтага вырашыць. Звяртайцеся да вашага непасрэднага начальніка.
Дзяўчына крыўдліва прыкусіла губу і рэзкім, амаль дэманстратыўным рухам саўганула наперад санітарную сумку. Генерал павярнуўся параненым бокам да святла, Вераценнікава зірнула на яго скроню.
— Трэба абстрыгчы.
— Усяго? — здзівіўся генерал з ноткамі гумару ў голасе.
Вераценнікава, аднак, яго гумар пакінула без увагі.
— Вакол раны.
— Ну што ж, стрыжы. Калі маеш чым.
— Знойдзецца.
Яна выняла з сумкі нажніцы і даволі спрактыкавана абстрыгла сіваватыя ўжо валасы каля вуха. Генерал моршчыўся, але цярпліва чакаў. Затым дзяўчына дастала скрутак бінта, і яе маленькія рукі ў падкасаных рукавах шыняля пачалі спрытна снаваць складаную схему галаўной павязкі. Некалькі разоў абвіўшы бінтам галаву, яна прапусціла яго пад сківіцу. Генералу гэта раптам не спадабалася.
— Адсюль убяры. Шыя ў мяне здаровая.
— Так трэба, — сказала Вараценнікава. — Паводле настаўлення.
Генерал рэзка павярнуўся да яе ўсім сваім цяжкім тулавам.
— Якое настаўленне? Мне кіраваць войскам, а вы з мяне пудзіла робіце.
— Інакш павязка не будзе трымацца.
— Тады ты не ўмееш перавязваць!
— Умею. Не вас першага.
— Сумняваюся.
— Дык перавязвайце самі!
Кароткім дакладным рыўком яна раптам абарвала бінт, і не паспелі яшчэ прысутныя ў зямлянцы што-колечы зразумець, як шорхнула палатка і Вераценнікава знікла ў траншэі.
— Што за самавольства?! — сказаў генерал амаль разгублена.
Ля яго вуха віселі доўгі і кароткі незавязаныя канцы бінта. Генералаў маёр ускочыў з саломы і пагрозліва сігануў да выхаду.
— Таварыш сяржант! Ану, вярніцеся!
— Не вернецца, — ціха зазначыў у куце Гутман, і Валошын, які ледзьве стрымліваў у сабе прыкрасць, выразна паглядзеў на яго. Але маёр ужо звяртаўся да камандзіра батальёна:
— Як гэта не вернецца? Камбат!!!
Гэта быў загад, Валошын павінён быў нешта зрабіць, каб выканаць волю начальства, і хоць сам быў амаль упэўнены, што Вераценнікава не вернецца, рашуча накіраваўся з зямлянкі.
— Малодшы сяржант Вераценнікава!
Ноч ударыла ў вочы маўкліваю цемрай і сцюжай, вецер круціў над траншэяй дым з трубы. Валошын прыслухаўся: паблізу не чутно было ніводнага гуку.
— Вераценнікава!
Яна не азвалася, і ён, душачы ў сабе злосць, пастаяў яшчэ некалькі хвілін у глухой сцюдзёнай цемры. Гэта было чорт ведае што, не хапала яшчэ яму, камандзіру батальёна, бегаць за гэтым свавольным дзяўчом. Сорам, ды і толькі. Але харош і ротны — лейтэнант Самохін, якому ён учора асабіста загадаў адправіць сан-інструктара ў распараджэнне начсанслужбы дывізіі. Самохін тады сказаў «ёсць», а цяпер вось гэтае з’яўленне перад генералам…
3
Вярнуўшыся ў зямлянку, Валошын, знарок ні да каго не звяртаючыся, кінуў «не дагнаў», і генерал амаль абурэннем паглядзеў на яго. Камбат чакаў папрокаў, крыку і, мусіць, стрываў бы іх моўчкі, бо ведаў, што быў вінаваты, але там, дзе справа датычылася ваенных дзяўчат, ён адчуваў сябе бездапаможным. Уся яго выхаваная гадамі вайсковай службы логіка падначалення заходзіла ў тупік, калі ён сутыкаўся з самым банальным дзявочым капрызам. Зрэшты, як і многія камандзіры, Валошын лічыў, што армія і жанчына несумяшчальныя, што гэта проста непаразуменне — жанчына на вайне.
Але, генерал на гэты раз толькі стомлена ўздыхнуў і змоўк, тоячы на суровым твары да пары стрыманы гнеў. Маёр як-колечы завязаў на ягонай галаве канцы бінта і сеў на саломе. Валошын стаў на ранейшае месца. Зноў настала няёмкая, скутая прысутнасцю начальства цішыня, якую, на шчасце, неўзабаве парушылі гукі наверсе. То быў конскі тупат, затым кароткі і гучнейшы, чым звычайна, вокрык вартавога на НП. Валошын з палёгкай уздыхнуў — прыехаў камандзір палка.