Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 151 152 153 154 155 156 157 158 159 ... 221
Перейти на страницу:

— Медпункт далёка?

— Праз чатырыста метраў. У аўражку.

— Пашліце за доктарам.

— Доктара няма. Ваенфельчар, таварыш маёр.

— Не мае значэння. Пашліце за фельчарам. Валошын кіўнуў ардынарцу.

— Гутман!

— Ёсць.

Ардынарац выскачыў у траншэю, і ў зямлянцы запанавала няёмкая працяглая цішыня. Начальства маўчала; зважліва ўтаропіўшыся ў яго, па абодва бакі замерлі Валошын і Маркін. У парозе ля печкі грэў рукі нейкі плячысты баец у бушлаце. Маёр пашукаў вачмі месца, каб сесці, і ўбачыў Джыма, насцярожаныя вушы якога тырчэлі з ценю.

— Аўчарка?

— Аўчарка, — стрымана сказаў Валошын і крыху адступіў убок.

Генерал, грузна павярнуўшыся на скрынках, з цікавасцю паглядзеў на сабаку.

— О, звяруга! Як зваць?

— Джым, таварыш генерал.

Генерал стрымана паляпаў далонню па пале бекешы.

— Джым, Джым! Ка мне!

Але Джым толькі варухнуў вушамі і завурчаў нядобразычліва і пагрозліва.

— Не пойдзе, — сказаў Валошын.

— Ну гэта мы яшчэ паглядзім, — зазначыў генерал і зірнуў на камбата. — Даўно камандуеце батальёнам?

— Сем месяцаў, таварыш генерал.

— А раней чым камандавалі?

— Ротай у гэтым жа батальёне.

— Чакайце, як вы сказалі ваша прозвішча?

— Валошын.

— Гэта не ваша рота захапіла пераправу ў Клепіках?

— Мая, таварыш генерал.

Валошын чакаў, што генерал пахваліць або запытае пра гэты яго даўні, даволі вядомы ў дывізіі подзвіг, за які ён некалі атрымаў першы свой ордэн. Але генерал не пахваліў, а запытаў аб іншым:

— Дзе пярэдні край вашага батальёна?

— На паўднёва-заходніх схілах, уздоўж балота.

— Пакажыце на карце.

Валошын дастаў з-за пазухі пацёрты гармонік карты і разгарнуў яго перад генералам. Ён ужо здагадваўся, што было прычынай нядаўняй нямецкай страляніны, і думаў, што ў такім разе генералу яшчэ пашэнціла. Магло быць горш. Але навошта яму спатрэбілася так блізка пад’язджаць да перадавой — гэта пакуль што заставалася для камбата загадкай.

— Вось. Пярэдняя траншэя па прамежкавай гарызанталі над самым балотам.

Пры цьмяным святле ліхтара генерал стаў моўчкі разбірацца ў карце, адставіўшы яе наводдаль, як пры дальназоркасці. Да яго падсунуўся маёр, які трохі паўзіраўся і аб’явіў з упэўненасцю:

— Ну, я ж дакладваў. Іменна так: вышыня шэсцьдзесят пяць ноль.

— Гм… Да. Вышыня шэсцьдзесят пяць ноль. Дык што ж, выходзіць, яна — у праціўніка?

Генерал падняў на камбата цяжкі з яўным папрокам позірк.

— У праціўніка, — проста сказаў Валошын.

— Пачаму вы яе не ўзялі?

— Не было загадана, таварыш генерал.

— Ось як! — сказаў генерал з недаверам і пасля паўзы загадаў: — Выклічце сюды камандзіра палка. Валошын павярнуўся да тэлефаніста.

— Чарнаручанка, выклікайце «Волгу». Маёр тым часам дастаў з кішэні пачак «Казбеку», працяг яго генералу, які аднае рукой узяў папяросу і прыкурыў ад услужліва паднесенай запальніцы. Пасля прыкурыў маёр. У зямлянцы расцёкся духмяны, чужы сярод звычайнага яе дымнага смуроду пах, і Валошын падумаў, што, здаецца, будзе скандал. Ён па-ранейшаму стаяў збоч ад генерала ў напружана-насцярожанай позе, у якой, аднак, адчувалася і пэўная незалежнасць чалавека, упэўненага ў сваёй сумленнасці. Хоць перспектыва, мяркуючы па ўсім, акрэслівалася для яго не дужа зайздросная.

Чарнаручанка сціпла перадаў на «Волгу» генералаў выклік, і яны ўсе зноў змоўклі, як пры нябожчыку. У гэтай насцярожанай цішыні прывычна зашорхала палатка, і з прыступкі лёгка саскочыла Вераценнікава, санітарны інструктар сёмай стралковай роты. За ёю ўлез Гутман. Валошын змрочна насупіў бровы і ціха сам сабе вылаяўся — Вераценнікава суткі назад павінна была адбыць з батальёна. Ён ужо атрымаў за яе вымову ад камандзіра палка, і цяпер вось напэўна давядзецца атрымаць і другую. Вераценнікава тым часам хуценька акінула позіркам незнаёмыя постаці ў зямлянцы і, ускінуўшы да шапкі руку, упэўнена ступіла да генерала.

— Таварыш генерал, малодшы сяржант Вераценнікава прыбыла аказаць першую дапамогу пры агнястрэльным раненні.

Мусіць, не кожны старшына роты змог бы далажыць так хлёстка і ўпэўнена, як гэта дзяўчына ў яўна шыракаватым для яе салдацкім шынялі. Насуплены генералаў твар увачавідкі праясніўся.

— Харашо, дачка. Паглядзі, што тут мне фрыцы нарабілі.

Вераценнікава, аднак, не кратаючыся з месца, зноў дзеўбанула рукою ў край сваёй шапкі.

1 ... 151 152 153 154 155 156 157 158 159 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)