Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць.
Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць.
Стары стаў на калені ў салому і пакланіўся рацэ, як тыя, старажытныя, што абагаўлялі Дняпро і таксама сталі зямлёю і ім.
А потым, нібы страціўшы цікавасць да ўсяго на зямлі, лёг на салому.
— Ну вось. Паміраць буду. Не крычы. Дай цішыні.
— Дзеду!
— Мне не балюча, то чаго крычаць? Не бойся, гэта нядоўга, — сонна мармытаў дзед.
Юрась, баючыся пабегчы за сваімі і пакінуць дзеда аднаго, сеў трохі ўбаку, вырашыўшы счакаць. А там ён завядзе старога ў хату.
Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх.
Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было — не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню… Стане моцным канём жарабятка… Справядлівасці ездзіць належыць на мужыцкіх пузатых конях.
Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба?
Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны.
Потым неба згасла…
Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу.
Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста.
Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-балага дзеда ў белым садку, і чырвань залітай зарывам грушы.
Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя.
У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.
Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.
"Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб'ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце".
Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.
— Паедзеш у Магілёў, — сказаў ён Выбіцкаму. — Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.
Выбіцкі муляўся.
— Княжа…
— Здарылася нешта?
Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:
— Бунт, пане княжа.
— Які я табе пане княжа?
— Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, — ледзь варушыў вуснамі паляк. — Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.
Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:
— Далучымся?
— Іх колькі?
— Пакуль пяць вёсак.
— А наваколле?
— А наваколле — вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, — прызнаўся Выбіцкі.
— Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д'ябал! Хто там у іх ядро? — кінуў Алесь.
— Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі — натоўп.
— Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, — раззлаваўся Алесь. — Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.
— З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.
— Разумнейшы, значыцца.
Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.