Хрыстос прызямліўся ў Гародні
- Автор: Караткевіч Уладзімір
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:
— Ты чаго? — у непаразуменні спытаў Басяцкі.
— Ну, пастыры. Ну, дзякуй за відовішча, а то я быў і нос павесіў; добра, што не адвялі, далі ўбачыць. Ну, прапашчая ваша справа. Ужо калі вы гэтую авечку, якая нікога не пакрыўдзіла, кусацца прымусілі — тады яшчэ не ўсё страчана. Дрэнь ваша справа. Дзярмо. Га-гха-га-га!
Яго павялі ад берага, а ён рагатаў, і смех ягоны быў страшны.
…Човен між тым імчала і імчала вада.
— І хацеў бы я ведаць, як мы цяпер дабяромся да берага, — сказаў Раввуні.
Анея, ужо развязаная іудзеем, безуважна сядзела на дне чоўна. Праплылі лясістыя горы, кранутыя сям-там першай жаўцізною восені. Выбегла на строму чырвоная, трапяткая асінка. Цікаўна глядзела, а хто гэта плыве ў чаўне. Пясчаная каса далёка ўрэзалася ў цёмна-сінюю ваду, і нехта на касе ўтрапёна махаў рукамі. Іуда прыгледзеўся і з абміраннем сардэчным пазнаў: на касе стаялі Кірык Вястун, разьбяр Кляонік і Марка Гурай.
— Сюды праўся! — крыкнуў каваль.
Раввуні развёў рукамі. Вясло падчас бойкі ўхапіла рака. І тады Марка і Кляонік кінуліся ў ваду, пачалі рэзаць яе плячыма, даплылі, рыўцом паварацілі човен да берага і пацягнулі яго. У пырсках свежай вады на загарэлых плячах, у пене і хропе, як вадзяныя коні, як нябачаныя марскія багі.
Іуда чэрпаў забортную ваду і абмываў твар, каб ніхто не заўважыў, што ён плача.
На беразе яны доўга абдымаліся і ляпалі адзін аднаго па плячах.
— Братка, — захлынаўся Іуда. — Жывы… Братка.
— Жывы, — сказаў каваль. — На злосць некаторым, каб ім на трыбусе поўзаць, а зад цягнуць.
— Фаўстына дзе?
— На хутары, — адказаў Кляонік. — Зараз у нас будзе жыццё такое, што небяспечна…
Марка маўчаў. Іуда ведаў чаму. Гіава Турая схапілі.
— Нічога, — сказаў Раввуні. — Галоўнае — жывыя. Цэлая галава і думаць можа.
— Нашто?… — без слёз спытала Анея. — Нашто ратавалі? Памерці б. Так яно спакойна.
— Нашто? — і Іуда брыдка вылаяўся ў гневе.
Ашаломленая Анея заміргала вачыма. Румянец сораму заліў увесь твар. Але Іуда не зважаў на гэта. Любымі сродкамі ён быў рады страхнуць гэтае бабскае здранцвенне. Нават біў бы.
— А на тое, каб не сядзець з ім. І каб думка-ткі была. І каб уратаваць або паехаць усім разам у мілую кампанію да праайца Аўрама, і абдымацца там з паважнай бабулькай Рахіллю, і да сканчэння дзён есці без выпіўкі аднаго смажанага левіяфана, аж пакуль не пачне нудзіць… Таксама да сканчэння вякоў.
Ён быў зусім іншы, і ўсе астатнія глядзелі на яго здзіўлена.
— Пайшлі… Дарогаю пагаворым.
…Яны ішлі і меркавалі аб тым, што ім рабіць, ужо даволі доўга, калі Іуда заўважыў у мільгаценні лясной лістоты нейкі цень. Чалавек сядзеў спіною да дарогі, і Іудзе здалося, што ён пазнаў яго. Астатнія нічога не заўважылі.
— Ідзіце, — сказаў ён астатнім. — Я даганю.
Пачакаў, пакуль сябры не зніклі за павароткаю, і асцярожна пайшоў да чалавека. Мяккая трава глушыла крокі. Нейкая птушка, назвы якой ён таксама пакуль не ведаў, свірысцела ў лістоце. Так яму пашанцавала стаць амаль за спіною таго, хто сядзеў.
Іуда не памыліўся. Уцякач, здрадлівае падла Мацей, сядзеў і пералічваў грошы. І тады Раввуні голасна сказаў:
— У дні цара Саламона быў у Ерусаліме нейкі, хто трахнуў у храме, бо дынарый абяцалі яму.
Пры першых гуках голасу Мацей ускінуўся. Вочы былі белыя ад страху.
— Ты?!
— І з'явіўся да іх, з'явіўся ў Эмаўсе, і многія не верылі, што ён… Н-ну?!!
Мацей супакоіўся. Нахабна ўсыпаў грошы ў вацок і схаваў яго:
— Пашчу закрый… І, ведаеш, валі ты адсюль, агнец. Выбраўся, дык весяліся. А то вось дам, і… Дзіваў не бывае. Галавой наложыш.
Іуда бачыў, што Мацею трохі ніякава. Літаваць яго, аднак, не збіраўся. У агульнай здрадзе была і Мацеева лепта.
Ён рыкнуў так, што Мацей разгубіўся:
— Ты што?… Ты што?
Белыя, нібы ў сабакі, зубы Іуды амаль драпежна выскаліліся.
— Нехта казаў: Іудзе евангелля не паложана. Нехта ў мяне евангелле спёр і спахабіў.
— І не паложана. Па пісанню.
Іуда насунуўся на яго.
— А па жыццю? Па майму? І па твайму, смярдзючы тхор?
— Пісанне.
Іуда быў па-боску іранічны:
— А трыццаць срэбнікаў? Яны ж, згодна з пісаннем, мне належаць, а не табе.
— Ідзі атрымай. Хто перашкаджае?
— Па пісанню, чуеш? — твар у Іуды быў страшны. — Дав-вай цану здрады!
І ён зрабіў тое, чаго ў звычайным стане не мог бы зрабіць: узяў Мацея загрудкі і ўзняў. Мытар кінуў вацок у мох. Сківіца ягоная калацілася. Іуда з сілаю шпурнуў яго на кучу лаўжоў. Падабраў каліту, паклаў у кішэнь. Выціраючы мохам рукі, сказаў:
— Ну вось, цяпер усё па пісанню. Евангелле ў Мацея, грошы — у Іуды. Уставай, а то я нешта не разумею, дзе ў цябе азадак, а дзе твар. Так, малайчына. Можаш цяпер, прынамсі, казаць, што не дзеля грошай прадаў, а па перакананню… А цяпер — валі. Людзі цябе заб'юць. Шкада — мне няма часу. Дурныя, як дарога, разумнага судзяць.
Іуда даганяў сваіх і бурчаў сам сабе пад нос:
— Вось цяпер я зразумеў, чаму адзін друкар замест «бяссмерця душы» памылкова набраў дый ціснуў у трох тысячах прымернікаў кнігі «бяссмерце дупы». То ён гэткую во неўміручую поскудзь меў на ўвазе.
РАЗДЗЕЛ LІІІ ЗОРКА — ПАЛЫН