Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 146 147 148 149 150 151 152 153 154 ... 171
Перейти на страницу:

І гэта было горш за ўсё. Значыцца, хочуць узяць жыўцом. Глупства! Хто перашкодзіць яму кінуцца з урвішча ўніз галавою?

— Як на разбойніка! — роў ён. — Выйшлі вы з мячамі і каллём… узяць мяне… Дык наце… Наце… Наце…

Ён пачуў уздых і азірнуўся. Малады з непамерным здзіўленнем глядзеў на апераны канец стралы, што тырчэў у яго з грудзей.

…Калі сонца паказала ўсім свой маленькі чырвоны акрайчык, над абрывам стаяў ужо толькі адзін Юрась. Абадраны, чорны ад куродыму, з цяжкімі ад пылу валасамі, запырсканы крывёй, ён круціў над галавою меч, выскаляў зубы і быў такі страшны, што да яго ніхто не рызыкаваў падыходзіць.

— Здавайся! — крыкнуў Басяцкі. — Іначай арканы кідаць будзем.

Хрыстос брыдка вылаяўся.

— А ражна не хочаш, тхор? Тут камяніскі ўнізе. Пакуль далячу да ракі — разарве. Жывым не возьмеце. Не дамся. Я вам не святая Цэцылія, каб мяне бруднымі лапамі лапаць.

— Зірні, — сказаў лыцар Езуса.

Варожы ланцуг расступіўся. Варта трымала за рукі Анею і скручанага Раввуні з заторкнутым ротам. Нахабна ўсміхаючыся, падышоў да жанчыны волат Пархвер, чорны і смярдзючы ад поту, як і ўсе. Весела блішчэў сінімі вачыма. Узяў Анею за валасы: спалохана здрыгануліся веі, закаціліся чорныя ў сінь вочы.

— Зараз я яе… пры табе, — рагатнуў Пархвер. — Братамі будзем.

Пазней ніхто не мог сцяміць, як гэта здарылася, і менш за ўсіх сам Юрась. Вочы нібыта самі заўважылі нажную дзіду побач з трупам паўстанца, цела зрабіла бліскавічны рывок да яе, рука схапіла і накіравала куды трэба.

У наступнае імгненне даўжэзная дзіда, кінутая з пад'ёму ступака, узвілася ў паветры і ўдарыла…

…За гэтую долю хвіліны Пархвер не паспеў не тое што адступіць, але нават зразумець. Вастрыё вылезла ў яго са спіны. Ён стаяў, нібы абапіраючыся грудзьмі на дрэўца, і яшчэ не разумеў, што забіты. Пасля яго пачало ванітаваць крывёй. Доўга-доўга. А яшчэ трохі пазней істота ў сажань і шэсць дзюймаў росту, непераможны Пархвер, паваліўся на зямлю. Усе стаялі нібы аглушаныя.

Хрыстос падумаў, уздыхнуў і сказаў:

— Добра, Басяцкі, паладзім.

— Не смей! — нема залямантавала жанчына.

Іуда звіваўся ў руках варты, нібы ўюн, але вызваліцца не мог.

— Маўчы, Анея, — голас Юрасёў быў безжыццёвы. — Не пніся, брат Іосія. А то здарыцца з табою нешта — толькі людзей насмяшыш. Ну іх да д'ябла! Нявартыя яны і нашага смуроду.

Глядзеў проста ў вочы псу Божаму:

— Маё слова, кот ты мой аксамітны, не тваё слова. Дык вось: ты гэтых дваіх у човен пасадзіш. Цэлы, не дзіравы, як большасць тваіх людзей сёння, пасля бяседы са мною. Вёслы дасі. Самалічна адштурхнеш іх ад берага. І як толькі яны будуць на сярэдзіне ракі — я кіну меч. Іначай…

— Слова? — усміхнуўся мніх. — Я даю слова, — і ён мармытнуў: — juzo*.

* Клянуся.

— Слова.

Анея крычала і вырывалася ўвесь час, пакуль яе неслі ў човен. Давялося скруціць ёй рукі і ногі.

— Беражы сябе! — крычаў з урвішча Юрась. — Беражы! Можа, дзіця будзе.

— Не! Не! Не-е-е!

Іуда ішоў за ёю, як забіты. Сеў у човен, бяссіла апусціўшы рукі.

— Раввуні! Раввуні! Калі дасі ёй выскачыць — прадасі мяне! Прадасі!

— Добра! Добра! — душачыся рыданнямі, казаў Раввуні.

Човен адштурхнулі. Шалёная плынь закруціла, панесла яго на сярэдзіну. Юрась бачыў, як адбіваюцца ў Нёмане берагі, і сляпуча белыя аблокі, і шапкі дрэў, шызыя лясы на даляглядзе — уся гэтая зямля, па якой столькі хадзілі ягоныя ногі і па якой ім болей не хадзіць.

І тады, каб ужо не шкадаваць болей, ён кінуў меч:

— Ваш час і ўлада цемры.

Яго схапілі.

РАЗДЗЕЛ LІІ РАВВУНІ

І паразіў Філісцімляніна ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны.

Першая кніга Царстваў, гл. 17, ст. 49

Усё яшчэ раўла і раўла над горадам дуда. Над параненымі, над трупамі, над мортусамі, над марадзёрамі, над усім гэтым крывавым, гнойным сметнікам, у які імем Бога ператварылі вялікі і прыгожы беларускі горад, дыямент Нёмана, Гародню.

Гэты гук трывожыў, нагадваў, пагражаў. І тады на вострыя дахі бліжніх дамоў даслалі лучнікаў.

Дудар трубіў, яму больш нічога не заставалася. Трохі нават саладжавы твар «братачкі» цяпер быў нібы з каменя. Крочце, тапчыце зямлю, мёртвыя Божыя легіёны. Устаньце, зняслаўленыя, дайце адпор тым, хто наругаўся з вас, адрачыцеся таго, хто вас прадаў.

Рыдала дуда. Лучнік нацягнуў лук. Гучна ляснула па бычынай пальчатцы цеціва. Страла прабіла мяхі і ўпілася дудару ў ямку на мяжы грудзей і шыі, туды, дзе «жыве душа».

…Цішыня лягла над трупамі, і яе пачулі ўсе. Пачулі яе і Раввуні ў чоўне, і Братчык на беразе. Толькі Іуда ўбачыў страшнае раней, таму што да Хрыста якраз падыходзіў Лотр. У руцэ ў пастыра была кошка — сяміхвосты карбач з кручком на кожным канцы.

— Ілжэнастаўнік! Ерэсіярх! — толькі тут ярасць на ягоным твары плесканулася наверх, змываючы апошнія рэшткі самавітасці. — Брудны схізмат!

Увесь збарвавеўшы тварам, ён секануў кошкаю, здзіраючы ў Братчыка з пляча вопратку і скуру. Замахнуўся другі раз — Басяцкі і Камар схапілі яго за рукі: зразумелі, здзярэ са схопленага скуру без суда.

1 ... 146 147 148 149 150 151 152 153 154 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)