Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 148 149 150 151 152 153 154 155 156 ... 163
Перейти на страницу:

Вочы ў Раўбіча наймалодшага былі вільготныя. Вось-вось заплача з радасці.

Праўда, сказаў ён. Праз цябе.

Як?

Прачыталі маніфест. Хаданскія крыўдавалі на цара страшэнна. І тады бацька раптам разгневаўся і сказаў: “А Загорскі меў рацыю, што вызваліў сваіх, не чакаючы вынікаў гэтага рабунку. Малайчына хлопец. Малайчына”. Тыя патрабавалі тлумачэнняў. А бацька ім сказаў: “Франс увесь час казаў мне праўду аб ім. Прасвяціў, відаць, яго бог. А я моцна вінаваты перад маладым князем”.

Алесь пацалаваў іхнія свежыя ад язды і ветру, яшчэ дзіцячыя абліччы.

Я страшэнна ўзрадаваны, Алесь, сказаў Стах. І Майка, і Франс. А Наталя аж скача і ў далонькі б’е.

І я ўзрадаваны, сказаў Алесь. Калі можаш, скажы бацьку, што я прыйду пагаварыць.

Паскакалі, сказаў Вацлаў Стаху. Да вас.

І яны з месца, кінуўшы з-пад капытоў цэлыя фантаны мокрага снегу, узялі наўскач. Алесь паглядзеў і ўсміхнуўся. Франс не падвёў. Мілы Франс. Значыцца, як толькі скончыцца пост, ён і Майка будуць жыць разам.

На хвіліну ён падумаў, што вось-вось настане сеча, і засмяяўся. Яго не маглі забіць у бітве. Для гэтага ён занадта быў поўны жыццём. Паўстанне было радасцю. Яны перамогуць, і тады ўсе людзі зробяцца шчаслівыя. Хоць бы толькі хутчэй. Хоць бы хутчэй Майка, бунт, перамога, свабода, вольная бацькаўшчына на вольнай зямлі.

Ён з асалодаю ўдыхнуў гаркаваты сакавіцкі вецер.

Усё ж такі ішла вясна.

XVI

Праз колькі дзён пасля чытання маніфеста ў Мілым памёр стары Даніла Кагут. Ніяк не мог апамятацца і пакінуць думаць аб сваяках Марылі. Паўтараў: “Два гады паншчыны для мужыкоў. Яшчэ два. А плаціць усё жыццё”.

І вось у першы сонечны дзень узяў Юрася і, абапіраючыся на яго (а раней і кіем не карыстаўся), пайшоў з унукам пад запаветны дуб на канцы пасады.

Ішоў высокі, увесь белы як снег, ад валасоў і вусоў да світкі, да белых скураных поршняў.

Памятаеш? паказваў не прызбу Юрась. Тут ты Алесю песню тады спяваў.

Але... Даўно было.

Дзеду, спытаў Юрась. А дзе тое белае жарабятка?

Вочы ў старога былі светлыя і пустыя:

Хто ж яго ведае. Расце недзе, пэўна.

Доўга нешта для каня.

Гэта не просты конь.

Ішоў моўчкі і толькі потым дадаў:

Вырасце, вырасце жарабя. Ты-то дачакаешся, а я не. Не дачакаюся я, унук. Не дачакаюся светлага дня.

Ён ішоў дваром і аглядаў хату і дворныя будовы, ішоў садам і аглядаў дрэвы вялікага ўжо саду, які сам пасадзіў.

Шкада, зямля яшчэ мёртвая. Пачуць бы, як мяккай зямлёй запахне.

Пачуеш.

Не. Адхадзіў сваё.

Адламаў танюткую галінку вішні. Яна была ўжо зялёная на зломе і пахла гаркаватым.

Пахне як, Юрась. Жыццём пахне.

Потым стары аглядаў лазню і ўспамінаў старую, якая сплыла, і мацаў рукою сена ў адрыне. Добрае было сена, зялёнае, ні разу не трапіла пад дождж.

Скажаш, каб авёс не мантачылі. Ворыва хутка. І калоды ўсе хай Кандрат пакладзе на латы, каб не гнілі.

Добра, дзеду.

Юрась быў узрадаваны, што прыехаў з акадэміі і затрымаўся, але сэрца ў яго балела за дзеда.

Стары ішоў сцежкай да дуба. Тут ляжаў маленькі сумёт саломы: блізнюкі пільнавалі тут зайцоў, якія панадзіліся ў сад.

Кагут старэйшы гладзіў далонню шурпатую кару дрэва. Дубу было не менш як чатырыста год. Высока ў сіняе неба ўскідваў ён свае галіны.

Потым ён стаў глядзець на пасінелы лёд Дняпра, на паплавы і далёкія лясы. Шмат паветра было над вялікай ракой. Сіняга, халоднага, сляпучага. І ўжо трохі нібыта і цёплага. Лёду нядоўга асталося пужаць зямлю, і Дняпро напружыў пад ім усе свае магутныя мускулы.

Ветрык варушыў белыя дзедавы валасы. Суровыя вочы глядзелі ў абшар.

Ухіляюся табе, рэчачка, сказаў Кагут. Бяжы сабе ды бяжы.

Дзеду, сказаў Юрась.

Маўчы, сказаў стары. Не замінай. Што ўжо тут. Корсту Дняпровай вадой апырскайце. Я пачую.

Юрасю здалося, што дзед гаворыць не тыя словы. Але ён зірнуў у яго вочы і суняўся. У вачах не было ўжо нічога ад зямлі. Яны ведалі нешта такое, чаго не ведаў ніхто.

Рэчка ты мая, рэчанька. Залаценькая ты мая. Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі.

Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць.

Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць.

Стары стаў на калені ў салому і пакланіўся рацэ, як тыя, старажытныя, што абагаўлялі Дняпро і таксама сталі зямлёю і ім.

А потым, нібы страціўшы цікавасць да ўсяго на зямлі, лёг на салому.

Ну вось. Паміраць буду. Не крычы. Дай цішыні.

1 ... 148 149 150 151 152 153 154 155 156 ... 163
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)