Скарб Загорскай камяніцы
- Автор: Водоносов Николай Михайлович
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Жанр: Детские и приключения
Электронная книга - «Скарб Загорскай камяніцы». Краткое содержание книги:
— Вось іменна! Будзе бяда, калі ён знойдзе якую іншую, а не вашу… А каб вінтоўка не стрэліла, вы зараз збегаеце да млына і прынясеце яе мне… паглядзець… Зараз жа, — паўтарыў міліцыянер.
— Ды мы збегаем! — гатовы сарвацца з месца, выгукнуў Алесь, але Мікола, як было бачна, не спяшаўся.
— Скажыце, — зірнуў ён на Тупіка дапытліва. — Ігнат — ваш памочнік? Мне думаецца…
— Пра гэта ніхто не павінен ведаць! — перапыніў яго Тупік і дадаў, бы адрэзаў: — Ніхто!
— А ў бандзе Скуратовіча…
— Я раскажу вам пасля! — Тупік перапыніў Міколу і паказаў на млын. — Бяжыце туды і прынясіце вінтоўку. Патроны не бярыце, пасля…
Хлопцы пабеглі, а Тупік зайшоў у хату.
Ёмка ўсеўшыся каля акна, Мірон падплятаў пяньковай аборынай лапаць. Убачыўшы міліцыянера, ён адразу адклаў сваю работу і ўстаў насустрач, працягнуўшы малую хударлявую руку.
— Маё шанаванне, Кузьміч! Якім ветрам прыгнала? Можа, што яшчэ здарылася? — загаварыў Мірон, дапытліва пазіраючы міліцыянеру ў вочы.
— Ды пакуль ціха, — адказаў той, па звычцы туд-сюд кінуўшы позірк. Агледзеў пакой, у якім, апроч лавы, стала і двух драўляных ложкаў, засланых даматканымі старымі коўдрамі, нічога не было, дадаў: — А ў вас што чутно?
— Ды пакуль таксама ад ліха ціха… Сядайце от, а то ў нагах, дапраўдачкі…
— Новых гасцей не прымалі? — раптам перапыніў яго Тупік. Прысеў на лаву да стала і хітравата зірнуў на Мірона. Што ён на гэта адкажа?
— Якіх гасцей? — і сапраўды аж сумеўся Мірон, падсаджваючыся да Тупіка.
— Ну хоць бы такіх, якія краму рабавалі. Ці забыўся, як разам частаваліся?
— Хто расказаў?
— Сарока на хвасце прынесла — от. І не балакай лішняга. Мой чалавек падгледзеў, мая рука…
— Доўгія ў цябе рукі, Кузьміч, — здаўся Мірон.
— А інакш нельга… Ну, гавары.
— А што ж гаварыць? Тых людзей я не ведаю. Адзін малады зусім, а другі старэйшы…
— І ўсё? Малавата, Мірон… Ну, якія яны з выгляду, хаця? Чорныя, рыжыя, чырвоныя?
— Рыжыя, — усміхнуўся Мірон, яго дробны твар прасвятлеў.— Дальбог, рыжыя… У аднаго, ведаеш, башлык зляцеў, дык аж у хаце пасвятлела ад яго галавы! Дапраўдачкі…
— Ну, а вочы якія?
— Хавалі яны свае васільковыя вочы… Мне здаецца… — пачаў хітраваць Мірон.
— Што?
— Недзе ўжо я такія вочкі ды бачыў. Не то ў воласці, не то ў сельсавеце…
— Не то там, не то тут? Гэтак?
— Гэтак, гэтак…
— Тут, значыцца.
— Дапраўдачкі… Так яны і пагаварылі.
«Ну і хітрун! Ведае ж, а вось кругом ды наўкола, маўляў, сам здагадайся… — падумаў Тупік і рады быў, што Мірон усё ж навёў на нейкі след. — Пісар!.. Яго трэба прашчупаць. З бацькам, пэўна… Нетутэйшыя яны і… рыжыя».
— Ну, то я пайшоў, дзядзька Мірон. Лічыце, што мы не сустракаліся і не гаварылі.
— Божа бронь!
Калі Тупік выйшаў, хлопцы былі ўжо каля каня. Мікола сядзеў у сядле і, схіліўшыся, гладзіў тугую бялюткую шыю.
— Можна, я трошкі праеду, — папрасіў ён у Тупіка.
— Можна… А дзе ж тое?
— Пад плотам у траве, — паказаў Алесь.
— Дык вы па чарзе катайцеся, а я пагляджу, што там у вас за цацка, — сказаў Кузьміч і накіраваўся да плота, дзе густа рос пырнік, дзядоўнік і безліч рознага пустазелля.
Алесь падаў Міколу павады, і Сняжок, адчуўшы волю, затупаў на месцы, косячы вачыма на гаспадара — ці дазволіў?
— Но-о, Сняжок, но-о, — паддаў яму босымі пяткамі яздок: да страмёнаў ногі не даставалі. Але конь тупаў нагамі і не кранаўся з месца.
— Пайшоў, Сняжок! — падаў голас Тупік, і конь, пачуўшы гаспадара, з месца ўзяў трухам. Мікола ледзь справіўся хапіцца за луку — так нязвыкла было ў сядле, што ледзь не зваліўся. Потым пачаў прыпадаць у такт, узмахваць рукамі, сяк-так прылаўчыўся. Даў добрага кругаля вакол хутара. Потым паехаў і за Алеся, бо той адмовіўся лезці ў сядло.
А Мікола ўжо, ушчаміўшы між пальцаў ног сырамяць страмёнаў, падскокваў у сядле, як запраўскі кавалерыст. Сняжок ішоў плаўна, мякка, пусціўшы хвост па ветру і выцягнуўшы, бы паклаўшы на тугі сустрэчны струмень паветра, прыгожую галаву. Конь з нейкім задавальненнем, здавалася, нёс гэтую малую жывую ношу…
З якой зайздрасцю глядзеў Алесь на сябра! «Усё ён умее і можа, гэты Мікола. Я, напэўна, зваліўся б, — з уздыхам падумалася хлопцу. — Добра, што хоць Анюта не бачыць…»
Праз нейкі час падышоў Тупік. Пад'ехаў і Мікола. Саскочыў з каня і падвёў яго да Тупіка. Той уручыў яму вінтоўку і сказаў:
— Гуляйце… А калі хто папросіць, то дарам не аддавайце. Ясна?
— Ага… Ваўчок будзе прасіць, — адразу здагадаўся Мікола. — Яму трэба аддаць?
— Вы, аказваецца, у курсе… Дык я паехаў.
— А патроны? — спытаў Мікола, бачачы, што міліцыянер ужо збіраецца сесці на каня.
— Аддайце трохі. Схадзіце на той хутар, гуляйце там. Здаецца, у Ваўчка ёсць адна даволі слаўная ваша сяброўка. Ці вы не заўважылі, га?
— Добра, аддадзім, — сумеўся Мікола, быццам усё было сказана толькі яму.
Алесь толькі лыпаў вачамі: ён яшчэ зусім нічога не зразумеў. Ён толькі падумаў, што пра сяброўку то ўжо Тупік сказаў чыстую праўду. І будзе тая сяброўка толькі яго, Алесева, і больш нікога на свеце…
«Абмен тавараў»
На хутар Красоўскага хлопцы пайшлі толькі пасля паўдня, бо ім загадалі знайсці карову, якая апошнім часам перастала сама прыходзіць дадому апоўдні, а зашывалася куды-небудзь у кустоўе і стаяла там. Зусім адбілася, як адзічэла, і ўжо Міроніха бедавала, што прападзе малако.
Ваўчок якраз ганяў драўлянай сахою з металічным насошнікам бульбу, якая расла паўз сад ад самай хаты аж да кустоўя, адкуль брала пачатак балацянка, якая за нізінай пераходзіла ў лес. З другога боку саду таксама было трохі зямлі, але Ваўчок не кратаў яе, бо амаль да саду падыходзіла калгаснае жыта, а ўсё калгаснае яго палохала…
Бульба ўжо была вялікая, купчастая, там-сям зацвітала. Такую бульбу і ганяць позна, але ж раней не мог дастаць каня: у калгасе не давалі, бо не робіць там, а Тупіковага Сняжка браць адмовіўся наадрэз. Казаў, што і балота вочы мае, што, не дай бог, угледзіць балота белага каня і пакарае… А прыгнаў ён худэрбіну-каняку аднекуль здаля аж на тры дні, паабяцаўшы даць яго і «панам» хутара Гурэцкага, вядома, за добрую плату. Гэта хлопцы зведалі на сваім страўніку, бо ўжо два дні, як Міроніха не дае сырадою, а збірае для Ваўчка смятану.
— Што мы ў яго папросім за вінтоўку? — спытаў Алесь, калі яны, нібыта гуляючы, увайшлі ў сад.
— Тое, пра што гаварыла Анюта. Памятаеш?
— Не, а што?
— Яшчэ як у школу хадзілі, Анюта казала, што ў яго ёсць нейкія кнігі. Шмат. Толькі хавае ад яе, не дае, каб усё рабіла ды рабіла, а не траціла дарэмна часу… Дурань…
— А дзе Ваўчок узяў тыя кнігі?
— Знайшоў на гарышчы, як пераехаў. Казала, цэлы куфэрчык тых кніг…
— От бы нам яго! — аж уздыхнуў Алесь. — Толькі мне думаецца, што Ваўчок і нам не дасць.
— Нідзе дзенецца, — упэўнена адказаў Мікола і, паклаўшы вінтоўку на сук разгалай яблыні, гучна усклікнуў: — Па варожым самалёце — плі-і! Та-та-та-та!
Яны бачылі, як пры гэтым Ваўчок спыніў каня, слепавата прыгледзеўся, узяўшы руку брылем. Нейкі час глядзеў, быццам вачам не верыў ад здзіўлення. Потым хуценька завязаў лейцы за ручку сахі, бегма кінуўся ў сад.
— Ну, Мікола, трымайся, — ціха сказаў Алесь і дадаў: — Мусіць, адбіраць пачне…
Ды Ваўчок стрымана падышоў, хапіўся за галаву рукамі, закрычаў бы ад страху:
— Кідайце яе! Кідайце, кажу! Яшчэ стрэліць, пазабіваецеся, чэрці лазатыя! — і сам хуценька за дрэва, быццам баіцца, што вінтоўка стрэліць.
— А ў нас патроны во — у кішэнях, — паказаў адтапыраную кішэню — аж сцягвала штаны — Алесь.
Было відаць, што Ваўчок разгубіўся, не ведае, як і падступіцца да хлопцаў, каб і вінтоўку займець, і хлопцаў вакол пальца абвесці.
— Нашто яна вам? — пачаў ён лагодней, паволі набліжаючыся да Міколы, які гэтак жа паволі адступаў назад. — Адзін клопат. А я от занясу, куды трэба, здам… Дзяржаўная ж яна, ды і трымаць небяспечна, судзіць за гэта могуць…