Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч
- Автор: Каханоўскі Генадзь, Каханоўскі Аляксандар
- Год: 1991
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5-343-00670-1
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч». Краткое содержание книги:
Працуючы шмат са сваімі знаходкамі, археолаг упершыню зрабіў дэталёвае апісанне каменных прылад працы: сякер, молатаў, кліноў, даў іх характарыстыку. У дадатку да кнігі «Археалагічныя даследаванні» змешчаны малюнкі найкаштоўнейшых прадметаў, знойдзеных у асноўным пры раскопках, што стала вельмі важным аргументам у методыцы даследаванняў, якая ў той час толькі зараджалася. Я. Тышкевіч задумаўся і над прызначэннем археалогіі, якая мае справу са старажытнымі рэчамі і «…тлумачыць мінулае па помніках, якія засталіся ад яго… яна паказвае поступ мастацтва розных эпох, здзіўляе цудоўнай архітэктурай, адчыняе таямніцы хатняга жыцця». Археалогію ён падзяляў на чатыры часткі: уласна археалогію, нумізматыку, гліптыку, палеаграфію. Гэтае чляненне, як прызнаваў сам Я. Тышкевіч, не ім прыдумана, яно ідзе ад агульнаэўрапейскага. Цяжка сёння пагадзіцца з такім падзелам, паколькі ў прадмет археалогіі як навукі ён уключыў, напрыклад, вывучэнне летапісаў. У асноўным жа гэта сфера археаграфіі. Тышкевічава дзяленне археалогіі па такім прынцыпе польскі археолаг А. Абрамовіч лічыць банальным і канвенцыянальным. Аднак Я. Тышкевіч мае рацыю ў тым, канстатуе А. Абрамовіч, што магчымасці археалогіі ў тлумачэнні старажытнай гісторыі вялікія. «…Няма другой навукі, - піша Я. Тышкевіч, — якая была б ёй роўная па шырыні і разнастайнасці. З дапамогай археалогіі, абапіраючыся на довады, у якіх няма сумнення, можна аб'ектыўна пацвердзіць гістарычныя факты». Ён меркаваў, што археалагічныя даследаванні могуць даць адказ на складаныя пытанні пра капішчы, замчышчы, «сыпныя горы», гарадзішчы і г.д. Беларускі вучоны бачыў у пашырэнні археалагічных даследаванняў унікальную перспектыву адкрыццяў, вялікую будучыню навукі, хаця пакуль што яна не мае такой доказнасці, як іншыя дысцыпліны, паколькі многае тут будуецца на здагадках і гіпотэзах. У археалогіі гэта толькі першыя крокі. У «вывучэнні… Русі і Русі Літоўскай», як зазначыў Я. Тышкевіч, яшчэ мала зроблена і мы «павінны самі сабе прабіваць дарогу».
Навуковая дзейнасць патрабавала ад Я. Тышкевіча трымаць у полі зроку даследаванні археолагаў і краязнаўцаў суседніх народаў. Ён адзіны з беларускіх археолагаў першай паловы XIX стагоддзя, хто адправіўся за мяжу да сваіх калег пераймаць вопыт, пабываў у музеях розных краін. Асаблівую цікавасць у яго выклікалі аўтэнтычныя матэрыялы Капенгагенскага музея старажытнасцей, дзе археалагічныя матэрыялы экспанаваліся паводле прызнанай у Эўропе «тэорыі трох эпох» (каменя, бронзы, жалеза). У гэтым была заслуга вядомага дацкага археолага К. Томсена. Гэты арыгінальны метад экспанавання Я. Тышкевіч перанёс і ў свой лагойскі музей, а пазней — у Віленскі музей старажытнасцей{28}.
Вывучаючы скандынаўскую археалогію, Я. Тышкевіч шукаў у ёй падабенства са славянскай. Так, адносна прылад працы ў паўночных плямён ён беспамылкова заўважыў, што спачатку выкарыстоўвалася бронза, а пазней жалеза, так жа сама, як і ў славян. Захапіўшыся аналізам падабенства прадметаў, Я. Тышкевіч вельмі мала сказаў пра іх адрозненні.
На першым этапе знаёмства з новай навукай усіх даследчыкаў захапляе падабенства археалагічных знаходак. Гэтую хваробу «пачаткоўцаў» перажыў і Я. Тышкевіч, і яна трымалася да таго часу, пакуль ён не набыў адпаведны запас ведаў па старажытнасцях не толькі Беларусі, а і ўсёй Эўропы. Нават да сваёй паездкі ў Швецыю беларускі археолаг быў дастаткова падрыхтаваным спецыялістам, а знаёмства з навукай эўрапейскіх калег значна пашырыла яго кругагляд. Можа, гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што Я. Тышкевіч смялей браўся за вывучэнне нумізматыкі, геральдыкі, сфрагістыкі, археаграфіі і нават помнікаў архітэктуры, старадаўніх аўтографаў XVI–XVIII стагоддзяў.