Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
У 1551 годзе раптоўна памірае стрыечная сястра Мікалая Радзівіла, каралева Барбара. Празь некалькі месяцаў адыходзіць у вечнасьць малодшы брат Ян. Сьмерць блізкіх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцьця... Мікалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасьці. «Чалавек - як трава, і ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, і краска апала; але Слова Госпада трывае вечна», -прыйшлі на памяць словы зь Бібліі, якая з новай сілай пачала прыцягваць да сябе князя Мікалая. З далёкага Вітэнбэргу прыйшоў ліст, гэта Філіп Мэлянхтон прыслаў элегію на сьмерць Яна Радзівіла. Канцлер Вялікага Княства зноў і зноў узгадваў словы брата, як той расказваў пра Марціна Лютара, пра апраўданьне верай, пра малітву, пра Біблію. Шукаючы адказу на свае пытаньні, Мікалай Чорны зьвяртаўся да збораў вялікакняскай бібліятэкі, у якой знаходзілася шыкоўная Біблія ў перакладзе Лютара зь яго ўласным прысьвячэньнем Жыгімонту Аўгусту, камэнтар Кальвіна да Пасланьняў апостала Паўла, прысьвечаны вялікаму князю літоўскаму, мноства эвангельскай літаратуры, асабліва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мікалая глыбока ўзрушыў палымяны «Зварот да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі» Лютара, прымусілі сур'ёзна задумацца «Хрысьціянскае выхаваньне» Кальвіна, іншыя творы айцоў Рэфармацыі. У кастрычніку 1556 г. у адкрытым лісьце да папскага нунцыя Ліпамана Мікалай Радзівіл напісаў, што ён быў бы рады бачыць у Вялікім Княстве ня толькі Кальвіна, але і Мэлянхтона, і іншых рэфарматараў. Эвангельскае вучэньне захапляла князя Мікалая. Жывая вера, непасрэдныя адносіны з Богам - гэта тое, чаго так прагнула яго душа, гэта тое, што было неабходна яго краіне.
Цёплым жнівеньскім вечарам 1552 году віленскі ваявода ў атачэньне 30 вершнікаў прыехаў у Берасьце, каб правесьці рэвізію інвэнтароў Берасьцейскага староства. Берасцейскі кашталян (камэндант замку), даючы справаздачу князю Мікалаю, сярод пытаньняў, якія неабходна вырашыць, узгадаў пра нейкага Сымона Зака, прапаведніка, якога аб'явілі герэтыком і які шукае прытулку ў Берасьці. Віленскі ваявода ўжо чуў пра гэтага чалавека і пра ягоныя пропаведзі, таму неадкладна загадаў паклікаць яго да сябе. Назаўтра ў Берасьцейскім замку пачаўся банкет з нагоды прыезду князя Радзівіла. Шляхта піла віно за здароўе шаноўнага госьця, але сам віленскі ваявода адмаўляўся. Амаль увесь вечар ён размаўляў зь нейкім сьціпла апранутым мужчынам, якога ніхто з запрошаных ня ведаў. Празь некалькі дзён Мікалай Чорны, сабраўшы ўсіх паважаных людзей староства, урачыста аб'явіў, што ў Берасцейскім замку з гэтага часу будзе арганізаваная эвангельская царква, міністрам (прапаведнікам) у якой будзе Сымон Зак, магістар тэалёгіі Кракаўскага ўнівэрсытэту. Гледзячы на новага прапаведніка, многія пазналі таго незнаёмца, зь якім доўга размаўляў на банкеце віленскі ваявода.
Вясною 1553 году Мікалай Чорны з пасольствам выправіўся да імпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыі, віленскі ваявода глядзеў на яе іншымі вачыма. Ён і раней быў у гэтых мясьцінах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мікалай Радзівіл канчаткова акрэсьліў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьціяніна. Вярнуўшыся ў Вільню, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвесьціў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага ідалапаклонства, і што закладае кальвінскую царкву ў сваім палацы на Лукішках, запрашаючы туды ўсіх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Віленскага ваяводу глыбока ўзрушылі творы Жана Кальвіна, яго бачаньне хрысьціянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўніць сваё прызначэньне. Князь Мікалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлікія пытаньні, як асабістыя, так і тыя, што хвалявалі яго як аднаго з кіраўнікоў дзяржавы.
У тым жа годзе Мікалай Чорны выдаў сваім коштам у Берасьці катэхізм хрысьціянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсіх сваіх вялізарных уладаньнях ён адкрывае новыя цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе зьбіраліся месьцічы і шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Віленскі ваявода не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, каб распаўсюдзіць веру ў жывога Бога па ўсім Вялікім Княстве. Яго марай было зрабіць кальвінізм пануючым веравызнаньнем у нашай краіне. Празь некалькі гадоў у прадмове да кнігі «Навучаньне аб сапраўдным і фальшывым пакаяньні», зьвернутай да Мікалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пісаў: «Бо гэта яўна кожнаму, і ня толькі ў Княстве Літоўскім, што як толькі Госпад Бог у Сваёй міласэрнасьці Сваё слова і праўдзівую навуку перад вачыма гэтага сьвету выявіў і аб'явіў, адразу Вашая княская міласьць раней за іншых Слова Божае і сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Сьвятога ўзьлюбіў і моцна ўхапіўся, і ня толькі сам, але як сапраўдны апостал або другі Карнэль, прывёў да гэтага многіх. Спачатку наймілейшую жонку, якая на пачатку не згаджалася і доўга працівілася з прычыны некаторых сваіх прыяцеляў, Вашая княская міласьць чыстай сваёй пропаведзьдзю і праз напаміны іншых хрысьціянскіх людзей прывёў да прыняцьця Слова Божага разам зь дзецьмі, слугамі і служанкамі, і падуладнымі сваімі. І цяпер кожны яўна бачыць і чуе, што практычна ўсе знакамітыя дамы ў Княстве Літоўскім, і ў Жамойці, і на Русі, гледзячы на прыклад і напаміны Вашай княскай міласьці, часта слухаючы Слова Божае ад сваіх прапаведнікаў, прыйшлі і сёньня надалей прыходзяць, паводле волі і міласэрнасьці Божай, да пазнаньня Слова Ягонага».