Адам Клакоцкі і ягоныя цені
- Автор: Бабкоў Ігар
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- ISBN: 978-985-6991-90-8
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Адам Клакоцкі і ягоныя цені». Краткое содержание книги:
Аматараў інтэлектуальных гульняў і блуканняў па разнастайных кантэкстах еўрапейскай культуры і гісторыі, магчыма, не падвядуць і астатнія фабуляцыі аўтара. Вяха ў айчыннай інтэлектуальнай прозе, раман Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” зрабіўся першай беларускай кнігай не для ўсіх.
Такім чынам, я пачаў шукаць адказы на загадку Архіву. Зрэшты, незразумела было, у чым ёсьць сама загадка. Усе адчувалi, што з паўставаньнем Архіву ў рэчаіснасьць прарвалася і замацавалася ў ёй штосьці Іншае і гэтае Іншае цяпер відавочна спала, заціхла, чакаючы свайго часу. «Сны заснулі» — гэты калямбур быў надзвычай папулярным у мясцовых гіраністаў, хаця ў самых прасунутых выклікаў зразумелую трывогу. Бо ў Архіве суіснавалі побач розум і неразумнае — гэта неяк муляла і не дазваляла сур’ёзна ставіцца да рэчаіснасьці ўвогуле. Мушу заўважыць, што ў Архіве быў хіба найбольшы працэнт будыстаў.
Які сэнс быў у зьмяшчэньні на адну паверхню, у адну прастору сноў і рэчаіснага? Пра што думаў Клакоцкі, засноўваючы свой Архіў? Было адчуваньне, што праўдзiвая мэта, цi мэты, знаходзіцца недзе побач, магчыма, схаваная альбо зашыфраваная ў адным з камэнтароў, прысьнёная ў адным са сноў. Кожны з супрацоўнiкаў прайшоў праз гэтыя пошукi, а некаторыя, я ўпэўнены, дасюль лiчаць, што ведаюць адгадку (цi загадку).
Звычайна высоўваліся гіпотэзы, самыя розныя. Адна з гіпотэзаў, самая банальная, палягала на тым, што ўвесь Архіў і ёсьць адным вялікім сном Адама Клакоцкага. Яе звычайна прыгадвалі на сяброўскіх вечарынах, звычайна пад самы іхны канец. Зрэшты, гэтую гіпотэзу сур’ёзна ўспрымалі хіба што нэафіты, а старыя супрацоўнікі скарыстоўвалі яе дзеля ахмурэньня маладзенькіх асыстэнтак («не хвалюйцеся, усё гэта вам толькі сьніцца»).
Ключ быў відавочна ў тэкстах (альбо ў снах) самога Клакоцкага, бо толькі яны маглі даць канчатковыя адказы альбо хаця б крыху прасьвятліць сытуацыю, ад цьмянасьці якой даўна стаміліся нават самыя ўпартыя шукальнікі.
У пошуках аўтэнтычных тэкстаў празь нейкi час я і прыйшоў да пяцi запыленых скрынак, да «этнапаталёгiяў». Мне пашчасьцiла: неразабраны стос папераў належаў самому Клакоцкаму, гэта былi ягоныя камэнтары й вытлумачэньнi справаў, а таксама фрагмэнтарныя нататкi, што тычылiся больш адцягненых рэчаў. Але паспрабую пачаць ад самага пачатку — гэта значыць, ад саміх справаў.
Паводле правiлаў Архiву, мы ня маем права беспасярэдне цытаваць дакуманты, ня кажучы ўжо пра іхную поўную навуковую публікацыю. Гэтае права мае толькi ўладальнiк дакумантаў альбо — у адсутнасьць уладальнiка цi ягоных нашчадкаў — чалавек, якi перадаў дакуманты ў Архiў. Але супрацоўнiкi даўна знайшлi выйсьце з гэтай сытуацыi. Нiшто не замiнае (а статут Архiва папросту не забараняе гэта) даваць ускоснае апiсаньне справы, асабліва калі пры гэтым зьмяніць прозьвішчы, даты і канву падзеяў, пакідаючы, як любіў казаць Клакоцкі, «аголеныя сутнасьці».
* * *
Першая справа ананiмная, напiсаная (цi перапiсаная) на бляклай паперы, парэзанай на вялiкiя аркушы нестандартнага фармату. У ёй распавядаецца пра шляхцiца ўчцiвага Стэфана Дастаеўскага, апекуна аднаго зь менскiх манастыроў, асобу ў вышэйшай ступенi паважаную ў тагачасным менскiм асяродзьдзi. Стэфан выконваў розныя даручэньнi вядомых i ўплывовых магнатаў, але нiколi не адмаўляўся прадстаўляць у гродзкiм судзе шараговага шляхцiца (у кнiгах Менскага гродзкага суду захавалiся некаторыя ягоныя справы). Недзе пад канец жыцьця Стэфан Дастаеўскi пачаў весьцi дыярыюш, апiсваючы цiкавыя падзеi й здарэньнi, сьведкам якiх ён быў. Напрыканцы нататак падаюцца некаторыя ўрыўкi з дыярыюша, якiя тычацца эпiзода, што й выклiкаў цiкавасьць Адама Клакоцкага.
Аднойчы Стэфан Дастаеўскi прысьнiў сон. У гэтым сьне ён бегаў п’яны з шабляй па менскiх валох, лаючыся й пагражаючы мяшчанам, мнiхам i розным выпадковым людзям. Сон быў надзвычай выразны, прачнуўшыся, Стэфан прыгадаў усё да апошняй драбнiцы. Але самае жахлiвае было ў адчуваньнi немагчымага шчасьця, якое спадарожнiчала гэтай прыгодзе. Такога шчасьця Стэфан нiколi ня памятаў анi ў дзяцiнстве, анi ў сталасьцi, хаця ён намагаўся весьцi дабрачыннае жыцьцё i цешыўся той павагай, што спадарожнiчала ягонай дабрачыннасьцi.
Пасьля гэтага здарэньня жыцьцё Стэфана Дастаеўскага рэзка зьмянiлася. Ён вярнуўся ў свой маёнтак у самым глухiм закутку Палесься, дзе праводзiў цэлыя днi на самоце, не запрашаючы да сябе нiкога. Яго бачылi ў самых розных мейсцах, ён хадзiў па лясох i балотах, выкрыкваючы рэзкiя, гартанныя словы на незнаёмай мове. Хадзілі чуткі, што ён пачаў вывучаць Кабалу. Таксама казалi, што ён пачаў прыходзіць у сны мясцовым жыхарам. Яго баяліся й пазьбягалі.
Адам Клакоцкi лiчыў, што гэта сапраўды так i што гэта ён пэрыядычна сьнiўся свайму далёкаму нашчадку, Ф. М. Достоевскому, якi памылкова прыняў яго за чорта. Менавiта пасьля такiх сноў Фёдор Михайлович пiсаў гнеўныя словы пра жидов и полячишек альбо прымаўся ўважлiва вывучаць свой радавод.