Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Бедная мая, – глухім голасам сказаў Алесь. – Бедная мая зямля!
Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.
Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. “Нечаканы, як прадзед Акім”, – казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.
Я цяпер ведаю, – сказаў ён. – Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.
Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.
І валасы ліловыя... Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты,чмяліны, і ён зусім як басовае “до”.
Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.
Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.
Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.
Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.
Ішлі ў маўчанні, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелі абмовіцца і словам.
Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:
Прыступкі, панове.
Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.
Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.
Спакойна, панове, – сказаў ім Раўбіч. – Гэта свае.
Звярнуўся да гасцей:
Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.
Група Зянкевіча? – спытаў Мнішак.
– Але[80]. Гэтыя два сябры – хемікі. Біліся столькі год – і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.
Малавата, – сказаў Раткевіч.
Адразу нічога не бывае, – Раўбіч адчыніў нізкія дзверцы. – Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. І ў ім нешта каля пяцісот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.[80]
Прах і агонь? – спытаў Мнішак.
Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар – бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся... Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.
Яны не могуць, – усміхнуўся аксамітнымі вачыма з’едлівы Януш Біскуповіч, той самы паэт, Мацееў бацька, з якім Алесь і пан Юры ездзілі да Кроера. – Яны на панства хворыя. Як гэта гарбом? У іх няма гарба.
Пасмяяліся. Янушу ўсё даравалі. Баяліся языка.
Раўбіч звярнуўся да “хемікаў”:
Адразу ж ж старанна згасіце агонь. Жалезныя рэчы загарніце ў тканіны і пакладзіце ў кладоўцы. Падлогу засцяліце кілімамі.
Адзін з бледнатварых схіліў галаву.
А вы бліжэй пад вечар скінеце чаравікі (я тут нарыхтаваў для вас мяккія такія боцікі з аўчыны, накшталт індзейскіх макасінаў), выцягнеце і здасцё мне ўсё металічнае: партабакі, ключы, крэсівы, калі хто не давярае сярнічкам, кашалькі з срэбнымі грашыма.
Пакуль той закалат, дык ужо кашалькі адбіраюць, – сказаў Біскуповіч.
Трэба... І за адну ноч, як простыя фурманы, завязем усё гэта ў мой Крыжыцкі лес, у схованку. Там надзейна. Людзі ў леснічоўках адной вяроўкай са мною звязаны. Схаваем – і ўсё.
Паны схілілі галовы на знак згоды.
Вас пятнаццаць, ды я, ды іх чатыры... Дваццаць чалавек. Па дваццаць пяць пудоў на чалавека і каня. Па адной ездцы.
З ачага, куды ”хемік” выліў вядро вады, ірванула, засычэла пара.
Нішто сабе лазня, – сказаў Біскуповіч. – А дзе венікі?
Венікі табе Мусатаў падорыць, – жоўчна ўсміхнуўся Раўбіч.
Раўбіч кака, – сказаў пан Януш. – Раўбіч чарадзей. У Раўбіча з падполаў серай цягне. Да Раўбіча нячыстая сіла па начах праз комін лётае.
80
У 1846 годзе на Магілёўшчыне выкрылі групу ”карбанарыяў”, якая рыхтавала закалат. Данос Горацкага студэтна Белавуса быў своечасова раскрыты, і група самаліквідавалася. Не арыштавалі нікога.