Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.
Кастусь табе нічога не піша?
Прыслаў нядаўна ліст... Ён са мною.
Кастусь спадабаўся мне, – сказала Майка, – ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.
Ну і цябе, канечне, – засмяяўся Алесь.
Сакрэтаў у лісце няма?
Няма.
Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.
Прыгожа піша, – сказала Майка.
Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай... “Дарагі Алесь! Уяві сабе, што я пішу ўжо не з Масквы, а з Пецярбурга, якога калісьці так не любіў і ў якім не хацеў жыць. Але зрабіць нічога было нельга. Брат Віктар з Маскоўскага універсітэта звольніўся, а мы вымушаны трымацца адзін за аднаго. Ён слабейшы фізічна, я – бяднейшы. Без абаетнай дапамогі прападзем, як рудыя мышы.
Словам, я “звязаў кілбасу”, абышоў і назад вярнуўся, і столькі лішняй дарогі зрабіў. Але не шкадую. Не шкадую і Масквы, бо яна – дзівосная. Не шкадую цяпер і Пецярбурга, бо тут жыццё, як вір, і нашмат болей цікавых і нашых людзей. Канечне, нагляд стражэйшы і да “брамы пад архангелам” аж занадта блізка, а начальства пачасту крычыць “ашкір”, як на авечак, але людзі – дзіва. І горад – дзіва! Размыты, увесь сіні і залаты. Прыгажосць невыказная. Здатны быў бы пакахаць яго самым гарачым каханнем, каб не выходзіла адсюль столькі благога і цяжкага. Але, як падумаць, людзі не вінаватыя. Вінаватыя нелюдзі... Бачыў, між іншым, нашага “Лабыра”. Ехаў па Неўскім. У абліччы самае цікавае – прычоска, а падбароддзя зусім няма. Едзе сабе ў ландо такі даліктун, свіны тата, глядзіць на свет звысоку. Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі”.
Як гэта ён не баіцца? – перапыніла Майка.
Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось... “Каб вочы маглі спапяляць, – адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?
Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі “жалезным зміем” у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара – Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей – гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта – галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.
А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!
Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год – гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі”.
Ты б прапанаваў яму дапамогу, – перапыніла зноў Майка.
Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.
То што рабіць?
Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.
Хіба можа?
А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар’еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць – “вызвалілі”. Толькі ты нікому не кажы.
Не скажу.
Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае – зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой – дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы – восем. Кнігі – пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі – дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі – усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.