Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Сны iмператара
Сны iмператара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сны iмператара

Электронная книга - «Сны iмператара». Краткое содержание книги:

Кніга апавяданьняў пісьменьніка і гістрыка Уладзімера Арлова Сны імпэратара была надрукаваная у выдавецтве Мастацкая літаратура ў 2001 годзе. На сторонках выданьня аўтар вяртае нас у гісторыю нашага народа, бо менавіта праз гісторыю можна будаваць нашу будучыню. У выданьні сабраныя апавяданьні, аповесьці і эсэ розных гадоў, якія выйшлі з-пад пяра Уладзімера Арлова тут і пра радавод самаго спадара Ўладзімера і пра слынных герояў і постаці беларускай гісторыі. Аўтар ня проста знаёміць нас з падзеямі і асобамі Мінуўшчыны, але і прымушае кожнага задумацца і перажыць лёс свайго народа. Ад Полацкага княства да 20 стагодзьдзя шлях у 11 стагодзьдзяў. Гэта шлях птушкі фэнікс-Беларусі, якая нягледзячы на ворагаў і “братоў”, жыве і будзе жыць
1 ... 139 140 141 142 143 144 145 146 147 ... 166
Перейти на страницу:

Але ніхто ўжо не адбярэ ў яго ўспаміны. Ён ніколі не забудзе, як Франчэска пайшла з ім у ягонае ўбогае жытло, дзе адзінай раскошаю была прывезеная з радзімы зброя. Ён згадаў, як яна разглядвала лук, як дакранулася да цецівы і асцярожліва выняла з тула стралу...

Ён аддаў Франчэсцы большы пакой, што быў кабінетам і пачывальняй, а сам позна ўвечары, не распранаючыся, прылёг на вузкай каменнай ляжанцы ў малым пакойчыку. Сярод ночы ён пачуў яе спуджаны голас. Ён кінуўся да яе, і яна, яшчэ са спалохам на твары, працягнула насустрач яму рукі...

Можа, хаця б тады яна слухалася не розуму, а сэрца?

Сцяна над ложкам і абапал вакна была ўжо голая. Ён не дазваляў сабе чапаць Эразмавы грошы і ўчора, не знайшоўшы ў такі час пакупцоў на малюнкі Босха, мусіў прадаць зброю. Франчэска пакрысе вярталася да былых звычак. Учора яна запатрабавала новую сукенку і дванаццаць траў, якімі мыюць валасы, каб захаваць светлы колер. Ён расстараўся толькі размарыну, альясу і рамонку, але і гэта было цяпер сапраўдным дзівам.

Ноч дарыла яму пяшчоту і асалоду, а абуджэнне несла з сабою пакутлівую думку, што ён зноў атрымаў ад Франчэскі плату.

Ён не хацеў зазіраць у будучыню і ніколі не гаварыў пра яе з Франчэскаю. Наогул яны мала размаўлялі, відаць, адчуваючы, што словы могуць разбурыць той маленькі ненадзейны свет, у якім яны жылі. Дый ці маглі яны спадзявацца на нейкую будучыню пасярод зачумленага горада?

Цяпер Гусоўскі асабліва балюча адчуваў, як яму не стае Эразма. Ён ужо даўно дараваў яму нават ваганні ў размове з туркам, ён гатовы быў аддаць год жыцця, каб толькі можна было зноў пагаманіць з мецэнатам, пачуць з ягоных вуснаў роднае слова. Штодня ён адзін або з Франчэскаю маліўся ў царкве святой Марыі дэль Попала, якая дала Эразму Вітэліусу апошні прыстанак. Майстры ўжо высеклі на жалобнай пліце кароткую эпітафію. Ён глядзеў на яе, але бачыў не літары, а расстайны Эразмаў позірк, позірк не мецэната, а сябра. Дай яму вечны спакой, Божа!..

Аднаго разу Гусоўскаму востра захацелася ўбачыць Строццы. Ён адшукаў той дом, ды ў паўпустых пакоях і за разьблёнымі дзвярыма ў канцы анфілады не было ні душы. На сухім дне келіха ляжала нежывая муха. Свечкі даўно дагарэлі, і скразняк варушыў па пыльным стале спісаныя аркушы. Ён узяў адзін з іх сабе на ўспамін, але потым перадумаў і, паклаўшы яго назад, прыціснуў аркушы кандэлябрам. Яму хацелася верыць, што гаспадар гэтага пакоя яшчэ вернецца...

Гусоўскаму ўдалося зрабіць амаль немагчымае: ён знайшоў возчыка, які ў гэты час згадзіўся ехаць да Балоньі. Ужо прызначаны дзень ад’езду. З Балоньі яны дабяруцца да Венецыі, адтуль да Трэвіза і Астравы. А там ужо рукой падаць да Кракава. Ён праб’ецца да каралевы Боны і будзе прасіць за сябе і за Франчэску. Ён будзе прасіць за сваё дзіця — за «Песню пра зубра». Ён прысягнуў Эразму, што не ляжа ў зямлю, пакуль не возьме ў рукі кнігу з паэмай. А калі ворагі Вітэліуса будуць помсціць і паэту, якім апекаваўся пасол? Тады з Кракава яны з Франчэскаю паедуць далей, на радзіму. Ужо чатыры гады ён не мае ніякіх звестак пра бацьку. Ці жывы ён, стары пушчанскі паляўнічы? Але хіба зможа абвыклая да раскошы Франчэска жыць у бедным баярскім доме?..

Гусоўскі задумаўся, чаму яна ніводнага разу не пажадала пачуць ягоных вершаў. Напэўна, ён мусіць не засмучацца, а цешыцца з гэтага. Няхай яна зусім забудзе на тое, што ён — паэт. Пакахаць паэта прасцей, чым чалавека звычайнага. Пакахаць... Ён горка ўсміхнуўся сам сабе. Як лёгка чалавек аддаецца лятункам...

Ён адчуў, што Франчэска прачнулася.

Пачынаўся новы, поўны трывог дзень.

VIII.

За два дні да ад’езду Франчэска адмовілася ад вячэры. Ён прыклаў ёй да лоба далонь і здрыгануўся: хвароба падпільнавала і яе.

Раніцою заявіўся па задатак возчык. Пачуўшы, што, напэўна, давядзецца ехаць пазней, ён глянуў на жанчыну пад дзвюма коўдрамі і нахабна папярэдзіў, што вярнуць задатак не зможа.

Хвароба перамагала яе з незвычайнай хуткасцю. Наступнага дня Франчэска ўжо не падымалася. Поячы яе мятаю, ён змеціў на дзяснах вузельчыкі, якія ператвараліся ў язвы. Апошнія надзеі зніклі: гэта была чума.

Ён адыходзіў ад ложка толькі дзеля таго, каб пагрэць мятавы настой і падкласці ў кадзільніцу зёлак. Хвароба падаравала яму балючую і грахоўную радасць доўгіх гутарак з Франчэскаю.

Яна зноў і зноў прасіла яго расказаць пра радзіму. У ціхіх просьбах не было нават водценю колішняй уладнасці, і гэта рабіла ягоны боль яшчэ вастрэйшым.

Ён апавядаў пра доўгую марозную зіму і дуйкі, што заносяць бацькаў дом вышэй вокнаў, пра тое, як аднае раніцы ён адкапаў ад дзвярэй снег і, выбраўшыся на падворак, убачыў на замеценай да самага вільчака страсе трох ваўкоў. Яна слухала, як разліваецца ўвесну Нёман i як буслы збіраюцца перад выраем у чароды і, кругамі набіраючы вышыню, падымаюцца так высока, што знікаюць з вачэй.

1 ... 139 140 141 142 143 144 145 146 147 ... 166
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)