Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 138 139 140 141 142 143 144 145 146 ... 264
Перейти на страницу:

Праязджаючы па адкідным драўляным мосце праз заледзянелы гарадскі роў, Радзівіл задраў галаву, каб палюбавацца пазалочаным шпілем галоўных гарадскіх варот — Віленскай брамы, — які ярка ззяў на сонцы. Рэзка спыніў каня, убачыўшы барвова-чырвоны герб з выявай вершніка, што ваяўніча размахваў мячом, скачучы на белым кані ўслед за ворагамі, і абурана павярнуўся да войта.

— Гэта што такое?

Войт, мажны высокі чалавек небаязлівага выгляду, збянтэжана залыпаў вачыма.

— Гэта, міласцівы князь, «Пагоня» — герб былых уладальнікаў горада.

— Сам бачу. Чаму ён вісіць на варотах, калі горад ужо паўстагоддзя належыць Радзівілам?

Войт пачаў нешта лапатаць пра магдэбургскае права і пра памерлых князёў Януша з Крыштафам, якія нічога супраць герба не мелі, але яго абарваў княжацкі аканом.

— Зменім, ваша княжацкая міласць, — паабяцаў ён.

Багуслаў кіўнуў і горда заехаў у гарадскія вароты міма ўзброенай алебардамі варты. Кінуўшы хуткі погляд на Стары горад, князь, перад вачыма якога мільганула чыста прыбраная Галандыя, з прыкрасцю прыкусіў губу.

— Якая жахлівая дзіра, — прамармытаў ён.

Вядома, Багуслаў перабольшваў. Дамы гараджан у гэтым лясным краі былі хоць драўлянымі, затое ахайнымі, і не стаялі, скуліўшыся ў беспарадку, а выстройваліся ўздоўж роўных гарадскіх вуліц. Самая шырокая з іх, Віленская, цягнулася ад брамы міма ратушы, Ільінскага і Праабражэнскага манастыроў да старажытнай крэпасці, створанай умацаваннямі Верхняга і Ніжняга замкаў, дзе кватараваў гарадскі гарнізон. Свежы вецер са Случы, якая дзяліла горад напалам, прыемна казытаў твар. Але князь чэпкім гаспадарскім вокам хацеў вылоўліваць недахопы, а не захапляцца дабрабытам…

Змяшаўшыся з гарадскімі ўраднікамі, княжацкі поезд павольна рушыў да ратушы. Уздоўж Віленскай вуліцы вышыхтаваліся мяшчане, каб хоць краем вока зірнуць на валадара; да акон і агароджаў прыкіпелі жанчыны, і да княжацкіх вушэй час ад часу даносіўся іх захоплены шэпт:

— А хто з іх князь?

— Той чарнявы…

— На белым кані?

— Не, на вараным…

— Які прыгажун!

Багуслаў ледзь стрымаў усмешку. Павярнуўся да Саковіча, які паважна трымаўся трохі ззаду, і ўбачыў, што той адкрыта разглядае жанчын, прымячаючы прыгожанькіх.

— Адаме, толькі без глупстваў, папярэджваю цябе, — сказаў ён як мага стражэй. — Тут нас чакаюць іншыя забавы!

— Ды што ты, Богусь? — пазяхнуў той. — Дзе ж яшчэ забаўляцца, як не дома?..

Каля старой гарадской ратушы, якая патрабавала неадкладнага рамонту, князь саскочыў з каня на драўляны памост, што быў тут замест бруку, і нахмурыўся, пачуўшы, як той пагрозліва рыпіць пад нагамі. Яго чакала іншая частка ўрачыстасцей. Выслухаўшы прывітальныя прамовы ад цэхавых майстроў (на шчасце, не занадта доўгія) і прыняўшы ў падарунак ад гараджан цяжкі срэбны падсвечнік, Радзівіл рушыў далей.

Наступны прыпынак быў на Рынкавай плошчы. Запруджанае людзьмі велізарнае торжышча таксама было вымашчанае сапрэлым дрэвам, якога, зрэшты, і відаць не было пад сырым месівам з адталага бруду і смярдзючых нечыстот. Купецкі старэйшына звярнуўся да Багуслава з традыцыйнай прывітальнай прамовай і гаварыў бы доўга, каб не раптоўны прыступ кашлю. Пакуль выступоўца задыхаўся і гучна кашляў, князь хутка звярнуў размову на будзённыя рэчы, якія цікавілі яго значна больш за ўрачыстую ліслівасць.

— Ну, і як вам тут гандлюецца? — спытаў Радзівіл у слуцкіх купцоў, якія насцярожана разглядалі ладную фігуру свайго валадара і яго прыгожы твар, якія, на іх думку, не прадказвалі для іх нічога добрага. — Бачу, цяпер горад падрыхтаваўся да майго прыезду, але што тут адбываецца ў будні? Думаю, бруд на торжышчы такі, што воз з таварамі папросту патоне?

Купцы пераглянуліся, шукаючы ў гэтых словах нейкага падвоху, але князь, сам таго не ведаючы, зачапіў занадта балючае пытанне, каб на яго можна было не звяртаць увагі.

— Патоне, міласцівы князь, — горача пацвердзіў адзін з іх. — Яшчэ некалькі тыдняў таму выдатны жарабец, якога я на продаж прывёз, пашкодзіў сабе нагу вось на гэтым самым месцы, дзе цяпер стаіць ваша міласць. А магістрат усё роўна прыбіраць не спяшаецца!

Ён кінуў злосны погляд у бок гарадскіх ураднікаў. Жаўтаваты твар войта ўкрыўся чырвонымі плямамі, і ён падскочыў да прамоўцы так хутка, як толькі гэта дазваляла яго круглае пуза.

— За сваёй скацінай сам глядзі! — адрэзаў ён. — А гарадскі гарнізон мае іншыя абавязкі.

1 ... 138 139 140 141 142 143 144 145 146 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)