Руны Перуновы
- Автор: Барадулін Рыгор
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Радыёла-Плюс
- ISBN: 985-448-058-5
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Руны Перуновы». Краткое содержание книги:
Субяседнік Паэта зусім не чытач. Субяседнікі Паэта — Ен і Яна. Бог і Вечнасць. Больш размаўляць Паэту няма з кім і няма пра што. Але што да Паэта Богу і Вечнасці? Калі наперад ведаюць яны ўсё тое, што ён скажа, бо самі ж і нашэптваюць, і падказваюць яму магічныя словы, падаюць таямнічыя знакі... Ім цікава: «Ці ўгадае?» — іх займае Гульня. Паэт — дзіця, Бог і Вечнасць — таксама дзеці. Тым часам нехта з дарослых будзе сур'ёзна даводзіць мне, што Рыгор Барадулін — у адрозненне ад Янкі Купалы — версіфікатар. Што ж, няхай сабе, але з адным істотным удакладненнем: у адрозненне ад геніяльнага паэта Янкі Купалы геніяльны паэт Рыгор Барадулін яшчэ і геніяльны версіфікатар. Як-ніяк стагоддзе прамінула. Адлегласць у сто гадоў наша паэзія прабегла, нібы алімпійка. Нягледзячы на ўсе бар'еры на дыстанцыі. На ямы з крывёй, на лесапавалы. Гэта фенаменальная з'ява ў сусветнай культуры, з чаго і вынік феномен Рыгора Барадуліна. I не самоціцца б нам, жалячыся, што ўсё нашае прахне, а шчаслівіцца тым, што красуе. (У. Някляеў, Нават вецер гнёзды ўе, фрагмэнт)
Перейти на страницу:
* * *
Святы Анёле,
Заступніку Боскае волі,
Ахоўца мае зямное няволі,
І ў цішы, і ў гамане
Не адыходзь ад мяне,
Адвядзі ад душы мае стому,
Не дай духу злому
Смяротным целам маім
Завалодаць самохаць,
Не дай мой клёк запалохаць.
Дай моцы сіле маёй,
Зняможанай а слабой,
Боль незаслужаны патушы,
Застацца самім сабой
Дазволь мне, ахоўца мае душы.
На шлях збаўлення мяне скіруй,
Калі дзе паддаўся мане, даруй.
Як чым зграшыў мінулай начы,
Гэтага дня заступіся,
Дапамажы спакусу перамагчы.
Каб груган зайздрослівасці
Ў душы мае гняздо не савіў.
Каб Госпада я не ўгнявіў.
Каб верны быў я
Крывіцкай святой старане,
Мове матчынай –
Як найраднейшай балючай радні.
Анёле, маліся да Госпада,
Каб зрабіў мяне
Слугою Свае дабрыні.
Каб палымнеў, а не палынеў
Твой напамін. Амін.
НАШЧА
Туман пакут скроні часу выбеліў.
Кайнасць запозненая замаўчала.
Мама –
Мая небадарная Біблія,
Якая мяне да жыцця прыручала.
Грахоў неадольных
Прадонная яміна
Разяўлена, як галодная пашча.
Жыве ўва мне
Кожнае слова маміна.
Бібліі ўдзячны,
Малюся нашча…
КАЛЯДНЫ ВЕРШ
У ноч калядную збяры
Усіх здарожаных, халодных,
Усіх забытых і галодных
І раздары свае дары –
Усё, што даў табе Гасподзь,
Каб ты апошнім
Мог дзяліцца,
Бо ўдачы гладкая цяліца
Пасецца, каб аддаць стокроць.
Прасі на кут сваіх Дзядоў
Абнашчыцца куццёю поснай,
Каб не шукаць гадзінай познай
У небе памяці слядоў.
Як вогнішча, разварушы
Тугу,
Што пазірае нема.
І ціха вока Бэтлеема
Узыдзе ў поцемках душы.
СВЯТАЯ НОЧ
Перейти на страницу: