Электронная книга - «Дрэва энталіпт». Краткое содержание книги:
Кнігу склалі апавяданні і вершы аўтаркі, у тым ліку творы з цыклаў “Кім быць”, “Уклясыкі”, “Без атраманту”, “Трыпціх” ды іншыя. Ілюстрацыі да кнігі зрабіла мастачка Наталля Зямчонак (Гарачая). Электронная версія кнігі ўтрымлівае на два тэксты больш, чым папяровая, але менш малюнкаў.
Ліпень схіляецца да свайго пышнага фіналу. Вольга Францаўна Пакемонава, дваццацідвухгадовая выхавацелька дзіцячага садка № 3 горада N., стомлена выцірае пот з натруджанага лба. 56 дзяцей малодшай групы паклала яна сёння спаць, а потым вывела на шпацыр. Мы сядзім з ёй пад шатамі старых яблынь, у прыемнай у такія спякотныя дні прахалодзе. Побач у прасторнай сучаснай пясочніцы дваццаць на дваццаць метраў са светлымі хваёвымі парэнчамі — падарунак мясакамбіната, які мае над садком шэфства, — гуляюць у «кашу-малашу» Вользіны выхаванцы.
— Якія планы на будучыню, Вольга? — пытаюся я ў маладой жанчыны, сакратара мясцовай ячэйкі Бэ-Зэ-Зэ-Зэм, сталай госці дошкі гонару.
— Планы самыя аптымістычныя, — адказвае Вольга, маладымі белымі зубамі разгрызаючы сакавіты яблык, пырскі якога застаюцца ў мяне на твары. — Думаю, што гэта не мяжа. Заўтра я планую вывесці на паветра 57 альбо нават 58 дзяцей. Падключым сярэднюю групу.
— То бок ёсць рэзервы?
— Ёсць, — упэўнена сцвярджае Вольга, і яе твар нібыта святлее, — ёсць, ёсць рэзервы!
Мяккай шырокай далонню яна па-мацярынску заляпляе па азадку аднаму з падапечных. Другая яе далонь дае ўкусіць яблыка іншаму выхаванцу.
І верыцца ў тое, што ў Вольгі ўсё атрымаецца.
Цырульнік
Паўлу Мятліцкаму
з удзячнасцю за гасціннасць
Пышнавусы цырульнік Сяржук Цярэнцьевіч Кірпыкла хавае сціплую ўсмешку на грудзях у карэспандэнта «Экс-Бэ».
— Не прызвычаіўся я да ўвагі, — тлумачыць рэкардсмен. — А вы яшчэ і з фотаапаратам!
— Што вы, Сяржук Цярэнцьевіч! А ну дзяліцеся, колькі настрыглі за сённяшні дзень?
— Ну, колькі настрыг… Бадай, усю нашую вёску і пастрыг, і ўсіх пад нуль.
— І жанчын?
— І іх, а як жа!
— Дык, ці не занадта радыкальна?
— Не, нашая вёска — і не вёска ўжо, — Сяржук Цярэнцьевіч глыбока зацягваецца цыгарэтай «Вярблюд» вытворчасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, сусветна вядомай якасцю сваёй прадукцыі. — З мінулага года нашыя Шырокія Гузкі — сучасны аграгарадок, таму і фрызуры мусяць быць модныя, свежыя. Слова «fashion» для мяне — не пусты гук.
І гэта так. Цырульнік Кірпыкла не толькі аказаў сёння палікмахерскія паслугі сваім аднавяскоўцам, але і бясплатна зрабіў актуальныя тату.