Камандзiроўка ў Вішанькі
- Автор: Гіль Miкола
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Камандзiроўка ў Вішанькі». Краткое содержание книги:
Закусваючы, зяць пытае:
— А пра што гамоніце, калі не сакрэт? Кузьма Паўлавіч навіны вясковыя расказвае? Чым там вёска дыхае, як ураджай сёлета?
— А дзякаваць, ніштаваты. Жыта дык і саўсім добрае... Яравых трошку не дабяром. Акрыялі, але вясной усё ж падсушыла лішне... Бульба бярэцца добра,— ахвотна расказвае дзед.
— Гэта — добра,— падхоплівае зяць.— Другі хлеб уродзіць, дык не страшна, калі і першага не дабяром крыху.
— Яно ведама. З бульбінай не прападзеш. І да капусты, і да агурка, і да скваркі,— пагаджаецца дзед.
— А настрой які ў вёсцы?
— Лета добрае, дык і настрой добры. Чаму ж яму не быць, таму настрою?
— Правільна, Кузьма Паўлавіч! Чаму ж яму не быць! І што тут дадаць можна? Правільна, хораша сказана.— Зяць смялей азірае застолле.— Люблю вясковага чалавека! Сама прастата і непасрэднасць. А яшчэ — мудрасць. Мудрасць, што ідзе ад зямлі.
— А бо! Як сказалася, так і добра,— як бянтэжыцца дзед.— Хто ўжо ў вёсцы і гаворыць так хораша?
— Э, не кажыце, Кузьма Паўлавіч! І вучоны так не скажа, як дзядзька які вясковы. Так адрэжа, што, як сказаў паэт, «тут ни убавить, ни прибавить»... А яшчэ што мяне ўражвае і захапляе ў вясковым чалавеку, дык гэта яго цярплівасць, я сказаў бы нават — самаахвярнасць.
— Зямля любіць цярплівых. І самаахвярных таксама,— бы сам сабе, кажа бацька.
— У тым і справа, Андрэй Кузьміч! Абсалютна правільна заўважылі,— падтаквае зяць.
— Яно ведама. На зямлі рабіць — гэта не тое, што вынь ды пакладзі. Тут і пацярпець часам трэба,— кажа дзед.
— І таму вельмі шкада, што ў апошні час характар вясковага чалавека імкліва мяняецца,— аблакочваецца зяць на стол.— Працэс гэты зразумелы. Век механізацыі і аўтаматызацыі урбанізуе і вёску. Вясковы спрадвечны ўклад жыцця рушыцца. Гэтага працэсу не спыніш і не адменіш. І ўсё ж... І ўсё ж нечага крыху і шкада. Шкада, што разам з гэтым прагрэсам вясковы чалавек траціць нешта такое, што не кампенсуеш нічым іншым...
— Што ён такое траціць, гэты ваш вясковы чалавек? Тата, што ты такое страціў у апошнія гады? — ціха пытае бацька.
— Дарэмпа іранізуеце, Андрэй Кузьміч,— як крыўдзіцца зяць.— Гаворка не пра Кузьму Паўлавіча. Ён ужо ў такім веку, што яму не пагражае ніякая дэвальвацыя. Я маю, Андрэй Кузьміч, на ўвазе маладзейшых. Іх ужо не вабіць зямля. Іх вабяць горад, дабрабыт, камфорт...
— Што ж у тым благога? Камфорт — хіба гэта кепска? Ты ж і сам во гадаваўся ў вёсцы, а, бач, атайбаваўся ў горадзе.