Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Камандзiроўка ў Вішанькі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Камандзiроўка ў Вішанькі

Электронная книга - «Камандзiроўка ў Вішанькі». Краткое содержание книги:

У кнігу «Камандзіроўка ў Вішанькі» пісьменнік Мікола Гіль уключыў лепшыя апавяданні і аповесці з сваіх зборнікаў: «Ранішнія сны» (1973), «Тацянін чэрвень» (1978) і «Пуд жыта» (1982). У цэнтры ўвагі аўтара — людзі, іх жыццё, клопаты, радасці і цяжкасці, праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, выхаванне моладзі, маральна-этычныя канфлікты, якія ўзнікаюць на стыку горада і вёскі. Многія творы падкупляюць сваёй жыццёвай праўдай.
1 ... 124 125 126 127 128 129 130 131 132 ... 139
Перейти на страницу:

— Дык яно ж, як той казаў, жыві ды радуйся. Калі мужык жонку бачыць, дык жонка не плачыць, а смяецца і скачыць,— кажа дзед.

Дачка раптам аблакочваецца на стол і, заплакаўшы, крычыць:

— Перастаньце!..

— Людачка, дачушка, што з табой? — кідаецца да яе маці.

— Не трэба, дачка,— ціха гаворыць бацька.

— Вось табе і маеш! Гаварылі-гаварылі, а тут...— кажа збянтэжана дзед.

— Не стрымала слёз радасці,— кідае ад балкона сын.

— Эдзік! — сыкае на яго бацька.

— Перастань, дачушка,— кажа маці.— Мо што якое, дык чаго ж плакаць? Раскажы лепш, выгаварыся, не трымай за душой. Што ў вас прыключылася?

— Нічога, мама, нічога не здарылася, не прыключылася,— кажа дачка, выціраючы слёзы.— Толькі не магу я так больш. Не магу!

— Людачка, апомніся, што ты кажаш? Ці ж не табе ўсе падружкі зайздросцілі?

— Ніхто мне, мама, не зайздросціў. Смяяліся з мяне. Казалі: за польскага кавалера пайшла!..

— Гэта ад зайздрасці такое гаварылі. Гаварылі, а кожная б пабегла, каб браў!

— Не трэба, Тоня,— азываецца бацька.— Навошта абы-што казаць?

— Чаму абы-што? Для цябе ўсё дурнота, што ні скажу! Хіба ж забыўся ўжо? Як Росцік пачаў заходзіць да нас, дык Рытка, падружка Людзіна, што рабіла? З хаты не вылазіла! Усядзецца, ногі да клубоў пазаганяе і на яго зіркае.

— Мамачка, нічога такога не было! Рытка цярпець яго не магла. Злавалася, што цягаецца кожны дзень, займацца перашкаджае. Мы ж да экзаменаў рыхтаваліся.

— Маўчу, дачушка, маўчу. Хай мне, дурной, тое толькі здавалася! Цяпер ва ўсім я вінаватая!

— Ніхто цябе, Тоня, не вінаваціць,— кажа бацька.

— Я ведаю, усё ведаю! — крычыць маці.— Ты яго заўсёды не любіў. І супраць быў, не хацеў даччынага шчасця. А цяпер я вінаватая...

Маці падхопліваецца з-за стала і, закрываючы твар рукамі, ідзе на кухню.

Дачка, памаўчаўшы, гаворыць:

— Не трэба, тата. Ніхто не вінаваты. Я сама...

Бацька маўчыць. Ніякавата маўчаць дзед і сын.

Бацьку таксама ніякавата. Увесь час з той пары, як дачка выйшла замуж, ён быццам чакаў гэтай хвіліны. Нібы прадчуваў. Не хацеў ён таго ранняга і нечаканага даччынога замуства. Думаў: скончыць яна дзесяць, пойдзе вучыцца далей, настаўніцай будзе, як Ганна Сымонаўна ў іхнім Чырвоным Бары. Ён жа і сам, смешна прызнавацца цяпер каму-небудзь, марыў быць настаўнікам. Яму вайна перашкодзіла. А дачцэ? Зваліўся на галаву журналіст гэты! Здала дачка першы экзамен выпускны і на радасці трапіла з падружкамі на нейкі вечар ва універсітэце, і там прыслепіўся да яе журналіст гэты самы. Прыліп, як смоўж! Дамоў пачаў прыходзіць. І абкруціў дзяўчынку! Спіхнула экзамены і замуж выскачыла. Ён, бацька, спрабаваў супраціўляцца, дык жа — маці загарэлася, упадабала зяця: не станавіся напроці, мо лёс гэта, чалавек сталы, сур'ёзны, кватэру мае, дастатак, пры ім, калі толькі захоча сама, Людачка і вывучыцца, і ў людзі выйдзе... Вось ён і здаўся. А душа не пагаджалася, як прадчувала, што не тое нешта робіцца і не так. Гаварыў жа ён з гэтым нечаканым зяцем сваім. Дык жа — ні разу не сказаў, што любіць, што ўкляпаўся ў дзяўчыну па вушы,— не! Іншае казаў: вы, Андрэй Кузьміч, не сумнявайцеся, вашай дачушкі я не пакрыўджу, зраблю ўсё, каб была яна шчаслівая. Вось і ашчаслівіў! Дачку ён сваю ведае. Каб нічога не было, дык і не заікнулася б. Зацятая яна па натуры. А тут — не магу больш... Ашчаслівіў... Гэта ж як хто тое шчасце разумее. Аднаму шчасце — калі душа ў душу, а другому — каб трантаў паболей, каб у хаце, як у людзей... Яны з маці некалі, здаецца, разумелі адно аднаго, не зважалі на тое, што не на ўсё выстанчала, што па чужых кутках туліліся. Такой бяды! Галоўнае — яны ўдваіх, і праз тое і цяплей ім, і сытней, і весялей. Толькі ж — ці стамілася маці, ці расслабілася, ці што іншае сталася, а з некаторай пары не пазнае ён сваёй Тоні. Як усё адно нейкая заўсёдная незадаволенасць ці зайздрасць апанавала ёю. Найперш — каб грошай ёй паболей. Каб хапала і на штодзённыя траты, і на кніжцы каб не меншала, каб лішнія нулі прыбаўляліся. Ужо і не ведае, ці супакоілася б яна, калі б ён прафесарскі аклад пачаў дадому прыносіць. І ці не з зяця пачалося ўсё? Дай веры, але ж як падумае, дык — з яго. А можа, і не з яго. Мо гэта проста збеглася адно к аднаму. Гэта ж як сверб нейкі па людзях пайшоў: каб дываны паўсюль, каб золата на пальцах блішчала, каб посуд дарагі за шклом... Ён жа раней думаў, што ў газетах працуюць толькі людзі са святымі помысламі. А як жа іначай? Калі іншых павучаць бярэшся, дык сам павінен быць лепшым за гэтых іншых. Аказваецца, памыляўся ён, хоць і пражыў нямала. Людзі — усюды людзі. І там, пэўна, не без вылюдка. Зяць мо і не здагадваецца, а — раскусіў ён яго. Мо і не подлы ён чалавек, зяць, аднак жа — няўдаліца. Работы сваёй не любіць. Проста — прыліп да яе, спакусіўшыся лёгкасцю заробкаў. Накрэмзаў нешта — палучы. Вось і крэмзае, каб зарабіць. А крэмзаецца цяжка, з натугай. Ні разу ж не напісаў такога, каб пагалоска пайшла, каб усе чыталі. Пстрычкі ўсё, якія — чытай ці не чытай. А пыхі — ёсць, не адбярэш. А як жа: журналіст! Нa пыху гэтую і дачка найперш клюнула. А цяпер вось і сама разабралася, што да чаго. І не цяпер, мусіць, а даўно ўжо, маўчала толькі. Пакуль не дапякло. А яно ж дапячэ, ведама. Хто ж вытрывае? Райскае жыццё для жонкі прыдумаў — на работу не пускае. Ну, тады, як Леська малая была,— ладна, хай пасядзіць з дзіцем, балазе на хлеб хапае. Дык і пасля: сядзі дома, будзь маткай і гаспадыняй. А што ж той матцы і гаспадыні рабіць днямі? Настояла на сваім, уткнулася касірам на вакзале, дык — поедам пачаў есці: позна вяртаецца, Леська не дагледжана. Кінула, зноў дома сядзела. У ваенкамат уладкавалася, работа лёгкая, паперкі падшываць, дык — зноў не даспадобы: мужчын там шмат! З прадаўшчыц таксама сарваў — сорамна яму, бач, што жонка прадаўшчыца, што кожны да яе дзевушкае. Так дачка да дваццаці пяці ні пры чым і ходзіць. І вучыцца не пускае. Позна, кажа, забылася ўсё, што і ведала. Дык а дзе ж ты раней быў?.. Восем гадоў пражылі. А цяпер во — не магу больш. І што параіш тут, якой рады дасі?

1 ... 124 125 126 127 128 129 130 131 132 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)