Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Вусны яе зноў скрывіліся, здавалася, яна зноў не ўтрымае ў сабе нейкую крыўду, і Грыбаед паспяшаўся запэўніць:
— Нічога, усё добра. Галоўнае — дзіцёнак ёсць. Ладны такі. Вырасце. Вайна праклятая скончыцца, усё наладзіцца. У маладых усё хутка наладжваецца. Старому ўжо тупік, а ў маладых усё ўперадзе. Не трэба ўбівацца. Каму цяпер лёгка? Мне, думаеш, лёгка? Каб мне вашае гора…
— Да, — памаўчаўшы, сказаў Ляўчук. — Давайце пра што весялейшае… От магу расказаць, як я перад вайной ледзь не ажаніўся…
Але Грыбаед, захоплены сваім, не адгукнуўся на гарэзную Леўчукову прапанову і ўсё сядзеў, нявесела пазіраючы перад сабой.
— Век сабе не дарую: ну нашто я яго тады ў Выселкі ўзяў? Чаму я яго не пабіў, чаму ў зямлянцы не кінуў?
— Ты гэта пра каго? Пра сына?
— Ну. Пра Валодзьку. Век сабе не дарую…
— А я вот сабе не дарую — бацькі не паслухаў,— ураз ажывіўся Ляўчук і сеў роўна. — Гэта ж я ў сорак першым дамоў прыбег, — добра, недалёка бегчы было ад Кобрына да Старобіна. Пад Старобінам вёска мая, Курачкі называецца. Як немцы растрыбушылі полк, ну, апынуліся дзе хто: хто ў шталагу, хто на ўсход падаўся, хто ў лес. А я да бацькі дамоў. Прыбег, вайсковае з сябе скінуў, цывільнае апрануў, памагаю бацьку, жыву. Бацька кажа: лепей хавайся, а я — дзе там! Герой! Каго я буду баяцца?
Немцы няблізка, адзін паліцай на вёску — Казлюк такі ў нас быў — здыхля, недаробак, ходзіць з павязкай, драгунка на плячы. Дык што я буду яго баяцца? У мяне ў самога СВТ у варыўні пад страхой, калі што, я яго ўраз шпокну. I праўда, ён мяне не чапаў, пабойваўся. Але пад вясну такіх, як я, завуць у раён на рэгістрацыю. Некаторыя пайшлі, пабаяліся — і цю-цю! Забралі. Раз так, я за СВТ і ў лес. Во тады Казлюк і асмялеў. Прыехаў з бандай ды за бацьку. «Дзе сын?» — «Не знаю». — «Ах, не знаеш, то мы знаем!» I забралі бацьку. I цю-цю бацька. Праз мяне, героя. Дужа смелага. А каб прыхаваўся… Дык дзе ж мне бацьку паслухаць! Ён жа на печы сядзеў, а я паваяваў ужо…
Малы пачаў нешта незадаволена варушыцца пад рукамі ў маці, затузаўся ў сваім шаўковым скрутачку, падаў ціхенькі плаксівы голас. Клава ўзяла яго — дужа беражна і няўмела, ціхенька прыгаворваючы нешта ласкавае, і Грыбаед панятліва сказаў:
— Ага, давай, давай. Бач, есці хоча. Ну, а ты адвярніся, чаго не бачыў?
Ляўчук адвярнуўся, Клава прытуліла дзіця да грудзей, трохі прыхінулася радзюжкай.
— А і добра! Яй-богу, добра, — сказаў Ляўчук, зноў выцягваючыся на таку. — Не было б вайны, была б у мяне жонка. Меў адну на прыкмеце, Ганькай звалі. Ды дзе там — ні Ганькі, ні жонкі. Вайна!
— Божа! — з праніклівай набалеласцю сказала Клава. — Хіба гэта я думала, што такая вайна. Я ж сама пайшла, сама напрасілася. Браць не хацелі, ледзь не па блату ў радыёшколу ўладкоўвалася. Думала… А тут! Божа, колькі тут гора, колькі крыві ды смерці! Як толькі тут людзі трываюць, каторыя месныя! Ну мужчыны — яшчэ панятна. А то жанчыны, дзяўчаты, дзеці! Іх, бедных, за што — б’юць, сабакамі цкуюць, паляць? Ды яшчэ з такой лютасцю, такой нянавісцю!
— Во таму і б’юць, — сказаў Грыбаед, усё ўставіўшыся позіркам кудысь перад сабой. — Бо без абароны! Партызанаў не дужа паб’еш — здачы даць могуць. А тут прыедуць, абкружаць, пагоняць усіх у клуб ці ў абору, нібы дакументы праверыць. Усе знаюць, што не дакументы, а ідуць. Спадзяюцца. Ужо і запруць дзе, а ўсё спадзяюцца: а раптам пужаюць? I ўжо страляць пачнуць — усё спадзяюцца: а можа, не ўсіх? Так да самай смерці ўсё спадзяюцца на лепшае. Каб яно спрахла, тое спадзяванне!
— Ну няхай б’юць немцы… А каторыя нашы! Свае! Як жа ў іх рукі паднімаюцца?
— Паднімуцца! — сказаў Ляўчук і сеў роўна. — Калі ўжо на такое пайшлі, форму надзелі, вінтоўкі ўзялі, дык мусяць, што ні скажуць. Не адмовішся.
— Але як жа пайшлі на такое? — не магла зразумець Клава.
— Крыўда адолела на Саветы. Пакрыўдзіліся і падаліся да немцаў. А тыя спярша добранькія — я, я, паспачувалі ды вінтоўкі ў рукі. I загад: давай — пуф, пуф! Усё з маленькага пачынаецца.
— Добра яшчэ, калі пад прымусам, — разважна сказаў Грыбаед, — Яно і відаць, калі па прымусу. Быў вунь у Зарудзічах выпадак, як палілі — адзін немец згледзеў пад печчу падлетка ды прыкладам яго, прыкладам, запіхаў у самы кут — сядзі! I гэны ўцалеў. Усіх пабілі, папалілі, а гэны ўцалеў. Немёц уратаваў. А каторыя, як звяры. Ад крыві, як ад самагонкі, шалеюць. Чым болей льюць, тым болей хочацца.
— Божа мой, божа! — сказала Клава. — Дагэтуль во ўсё сама за сябе баялася, а цяпер удвая мне баяцца нада! За яго во! Такі маленькі!.. Залаціначка ты мая горкая, няшчасненькі ты мой дзіцёначак, як жа мне ўберагчы цябе? Чаго ж гэта доля наша такая?..