Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Цягам часу ўсе сядзелі моўчкі, пакуль цішыню не парушыў Барамір.
– Вы казалі, малы пачварань гэты Глыкс? Малы пачварань, але вялікі злачынца? Што адбылося зь ім? Які прысуд вынесьлі яму?
– Ён за кратамі, толькі й усяго, – адказаў Арагорн. – Ён ужо шмат пакутаваў. Безумоўна, яго катавалі. Жах перад Саўронам сьціскае ягонае сэрца. Аднак я вельмі задаволены, што эльфы Ліхалесься трымаюць і вартуюць яго. Бо ягоная злосьць надзвычайная, і нянавісьць дае яму моц, амаль неўяўляльную ў гэткай схуднелай і мізэрнай істоце. Да таго ж я ўпэўнены: з Мордару яго выпусьцілі дзеля нейкага злачынства.
– Як шкада! – усклікнуў, ускочыўшы, Ляголас. На ягоным твары адбілася вялікая трывога ды адчай. – Цяпер час для маіх вестак! Яны дрэнныя, але толькі цяпер я зразумеў наколькі. Сьмеяголь, якога цяпер клічуць Глыксам, уцёк.
– Уцёк? – выгукнуў Арагорн. – Найгоршыя навіны, сапраўды. Баюся, мы цяжка сплоцім за іх. Як жа народ Трандуйла гэтак падвёў наш давер?
– Не празь недагляд і нядбаньне. Аднак, мажліва, з-за празьмернай дабрыні. Здаецца, вязень меў дапамогу звонку, а пра нашыя справы чужынцы ведаюць болей, чым мы ўяўляем. Мы вартавалі ўдзень і ўночы, як і прасіў Гэндальф, хоць тое надта нас стамляла. Гэндальф даводзіў, што ёсьць надзея вылекаваць Глыкса, пазбавіць яго ад цемры, і таму мы зьлітаваліся й ня сталі трымаць яго пад зямлёю ў змрочнай клеці, дзё ён зноў аддаўся б чорным думкам.
– Да мяне вы гэткай літасьці ня мелі, – прабурчэў Глойн, бліснуўшы вачыма, бо згадаў палон у глыбокіх скляпеньнях пад пакоямі караля эльфаў.
– Не цяпер, годзе! – усклікнуў Гэндальф. – Калі ласка, не перабівай, шаноўны мой Глойне. Тое было непрыемным і выпадковым непаразуменьнем, якое даўно выправілі. Калі ўсе спрэчкі й крыўды гномаў ды эльфаў агучваць на нашай Радзе, дык лепей проста яе пакінуць, бо якая тады зь яе рацыя?
Глойн прыўстаў і пакланіўся.
– Калі надвор'е дазваляла, – працягваў Ляголас, – мы выводзілі Глыкса ў лес да высокага дрэва, што стаяла паасобку ад астатніх. Ён любіў залазіць на яго. Часьцяком яму дазвалялася ўскараскацца да найвышэйшых галінаў, каб удыхнуць сьвежага ветру, а варта заставалася ўнізе. Аднойчы ён адмовіўся спускацца, а вартавым не хацелася караскацца сьледам, бо ён навучыўся чапляцца за галіны ня толькі рукамі, але й нагамі, і валачы яго было так складана! Таму вартавыя засталіся ля дрэва да ночы.
I гэтай самай летняй ноччу, бяззорнай, безьмесяцовай, на нас нечакана напалі оркі. Урэшце мы пагналі іх прэч, хоць іх было мноства й біліся яны адчайна. Але ж ім, горцам, нязручна біцца ў лесе. Перамогшы, мы ўбачылі, што Глыкс зьнік, а ягоная варта ці забітая, ці таксама зьнікла. Відавочна, оркі напалі, каб выратаваць яго, і ён пра тое ведаў загадзя. Як ён здолеў – загадка. Але ж хітрасьці яму не займаць, і варожых шпегаў вакол мноства. Ліхія пачвары, выгнаныя пасьля перамогі над цмокам, зноў вярнуліся й памножыліся. Ліхалесьсе – зноў нядобрае месца, хіба толькі ў межах нашага каралеўства яшчэ спакой.
Высачыць і перахапіць Глыкса ў нас не атрымалася. Ягоны сьлед разам зь сьлядамі мноства оркаў вёў на поўдзень, глыбока ў лес. Але хутка сьлед мы згубілі, а вышукваць не адважыліся, бо ўжо наблізіліся да Дул Гулдуру. Дагэтуль надзвычай ліхое месца, туды мы не заходзім.
– Так, так, ён зьнік, – вымавіў Гэндальф. – Цяпер у нас няма часу зноў паляваць на яго. Няхай ідзе, куды хоча. Але ён яшчэ можа адыграць ролю, якая ані ім, ані Саўронам не прадбачаная.
А цяпер я адкажу на другое пытаньне Гальдара: што з Саруманам; што ён раіць нам у час нашай найвялікшай патрэбы? Расповед я мушу давесьці цалкам, бо толькі Эльранд чуў яго, і тое скарочана. Мае словы высьвятляць усё, што нам патрэбна вырашыць. I будуць апошняй часткай гісторыі пярсьцёнка, якая адбылася дасюль.
Напрыканцы чэрвеня я заставаўся ў Шыры, але ўжо адчуваў непакой, хоць і няясны. Нарэшце выправіўся да паўднёвых межаў гэтай невялікай зямлі, бо прадчуваў пагрозу, яшчэ нябачную, але ўжо недалёкую. Там мяне напаткалі весткі пра вайну й паразу Гондару. Калі я пачуў пра Чорны Цень, мяне нібыта лёдам працяла. Я нічога ня высьветліў, толькі сустрэў некалькі ўцекачоў з Поўдня. Запалоханых, тое было відавочна, але чым або кім – яны распавядаць не пажадалі. Я павярнуў на ўсход і поўнач і непадалёк ад Прыгор'я напаткаў самотнага вандроўніка. Ён сядзеў на збочыне Шляху, а ягоны конь пасьвіўся побач. Вандроўнікам быў Радагаст Руды, які некалі жыў у Разгабэлі, на памежжы Ліхалесься. Ён з майго Ордэну, але я ня бачыў яго цягам мноства гадоў.