Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
1 ... 123 124 125 126 127 128 129 130 131 ... 207
Перейти на страницу:

Калі я прачытаў гэта, мае пошукі скончыліся. Бо скапіяваны Ісільдарам надпіс насамрэч, як ён і здагадаўся, зроблены на мове Мордару й паслугачоў Цёмнай вежы. Надпіс той вядомы здаўна. Бо ў дзень, калі Саўрон упершыню насунуў Адзіны Пярсьцёнак, Келебрымбар, творца трох, здолеў пабачыць Саўрона здалёк, прайсьці ў ягоныя думкі, пачуць словы заклёну – і выкрыць ягоную здраду. Адразу ж я запрасіў дазвол Дэнэтара, каб пакінуць Гондар. Калі я рушыў на поўнач, напаткаў зьвесткі зь Лорыйну: Арагорн вярнуўся, такі прывёўшы з сабою пачварня зь мянушкай Глыкс. Таму я пасьпяшаўся туды, каб сустрэцца з Арагорнам ды пачуць ягоны расповед. Самотны, ён прайшоў празь сьмяротныя небясьпекі, якія я нават не адважваюся ўявіць сабе.

– Наўрад варта згадваць на іх, – дадаў Арагорн. – Прабіраючыся паблізу Чорнай Брамы ці ідучы па напоенай атрутаю квецені Моргульскай даліны, небясьпек не пазьбегнеш. Я й надзею страціў урэшце й павярнуў дахаты. Але мне пашанцавала: раптам напаткаў адбіткі босых ног побач з глеістым брудным азярцом. Сьвежыя адбіткі – і вялі яны ня ў Мордар, а назад. Я прайшоў па сьледзе ўздоўж ускрайнаў Мерцьвяковых багнаў і натрапіў на Глыкса. Ён бадзяўся ля вакенца ў дрыгве, утаропіўшыся праз змрок у гнілую ваду. Там я яго й схапіў. Ён увесь быў аблеплены зялёным глеем. Баюся, прыязьні да мяне ён аніколі не адчуе. Бо ён укусіў мяне, і я абышоўся зь ім крыху жорстка. I анічога болей за адмеціны зубоў я не атрымаў зь ягонага роту. Вяртаньне было найгоршай часткаю паляваньня. Бо давялося сачыць за Глыксам удзень і ўночы. Ды гнаць яго перад сабою зь пятлёю на шыі й кляпам у роце да Ліхалесься. Добра хоць голад і смага дадалі яму крыху пакорлівасьці. Дабраўшыся датуль, я аддаў яго эльфам, як мы й дамаўляліся з Гэндальфам раней. Я зрабіў гэта з асалодаю, бо й сьмярдзела ж ад Глыкса! Што тычыцца мяне, лепш зноў яго ня бачыць, але Гэндальф, як зьявіўся, ушанаваў яго даўжэзнай размовай.

– Так, даўжэзнай і стамляльнай, – пацьвердзіў Гэндальф, – але й карыснай. Па-першае, ягоны расповед пра страту пярсьцёнка супадае з тым, які Більба ўпершыню распавёў нам адкрыта. Тое, аднак, было ня надта істотна, бо я здагадаўся пра сапраўдную гісторыю раней. Але я даведаўся ад Глыкса, што пярсьцёнак ягоны – выцягнуты зь Вялікай ракі паблізу Квятных Панізьзяў. А таксама – што Глыкс валодаў ім надзвычай доўга. Нашмат даўжэй за век ягонага народу. Моц пярсьцёнка трымала яго жывым цягам некалькіх стагодзьдзяў! Толькі Вялікія Пярсьцёнкі маюць гэткую моц.

I калі адно тое для цябе ня доказ, Гальдар, ёсьць і іншыя. Доказ, пра які я ўжо казаў. На тым самым пярсьцёнку, які вы ўсе толькі што пабачылі, круглым, неаздобленым, яшчэ магчыма прачытаць тыя самыя літары, на якія ўзгадваў Ісільдар, калі хопіць сілы духу пратрымаць пярсьцёнак у полымі. Так я зрабіў і вось што прачытаў:

АШ НАЗГ ДУРБАТУЛЫК, АШ НАЗГ ГЫМБАТУЛ,

АШ НАЗГ ТХРАКАТУЛЫК, АГХ БУРЗУМ-ЫШЫ КРЫМПАТУЛ.

Дзівосна зьмяніўся голас чараўніка. Зьнянацку стаў пагрозьлівым, магутным, каменна-жорсткім. Нібы цень захіліў паўдзённае сонца й на ганку на момант сьцямнела. Усе ўздрыгнулі. Эльфы нават і прыкрылі вушы.

– Гэндальф Сівы, аніколі раней анічый голас не адважваўся агучыць словы гэтай мовы ў Імладрысе! – вымавіў цяжка Эльранд, калі цень сышоў і ўсе ўздыхнулі з палёгкай.

– Будзем спадзявацца, аніколі больш не прамовяцца яны тут, – адказаў Гэндальф. – Тым ня менш я не прашу ў цябе прабачэньня, гаспадар Эльранд. Бо каб тая мова не загучала ў хуткім часе ва ўсіх кутах Захаду, нам трэба пазбыцца сумневаў і прыняць тое, што сьцьвярджаюць мудрыя: пярсьцёнак – найкаштоўнейшы кляйнод Ворага, увасабленьне ўсяго ягонага ліха – трымае вялікую частку ягонай даўняй сілы. З Чорных гадоў дайшлі да нас словы, якія пачулі кавалі Эрэгіёну, зразумеўшы, што ім здрадзілі:

Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх, Адзін – завабіць і ў цемры чорнай скаваць іх...

– Ведайце, сябры, што я вызнаў ад Глыкса болей. Неахвотна ён распавядаў, і гаворка ягоная была цьмяная, але ж, без усялякага сумневу, ён патрапіў у Мордар і там зь яго выцягнулі ўсё. Цяпер вораг ведае, што пярсьцёнак знайшоўся, што яго доўгі час хавалі ў Шыры, і паколькі ягоныя паслугачы перасьледавалі пярсьцёнак амаль да нашых брамаў, неўзабаве ён даведаецца, што пярсьцёнак тут.

1 ... 123 124 125 126 127 128 129 130 131 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)