Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 241
Перейти на страницу:

— Рыхтуйцеся!

— Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш…

— Вось што! — абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам. — Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.

Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.

— Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей — у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш…

— Галоўная небяспека — мінамёты, — уздыхае Лук’янаў. — На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.

Жаўтых нейкі час маўчыць, услухоўваецца ў цемру, напружана стараецца нешта зразумець і ні на кога не зважае, быццам не чуе, што кажуць хлопцы. Пасля, вылаяўшыся, лезе ў акоп, паўхвіліны поркаецца ў цемры і вылазіць з палявою сумкай на баку і аўтаматам на грудзях.

— Я хутка, — кажа Жаўтых. — Папоў, застаешся за мяне. Крывёнак, шагам марш!

Салдат, падумаўшы, нетаропка ўстае, вешае аўтамат і ідзе за камандзірам.

— Да начарта пайшоў, — кажа Лёшка. — Можа, абыдзецца.

Начальнік артылерыі — даўні Жаўтыхоў знаёмы, ён паважае гэтага камандзіра гарматы і зважае на яго прэтэнзіі. Але хто ведае, ці ўдасца цяпер Жаўтыху перайначыць загад камбата?

Хлопцы, здаецца, таксама занепакоіліся, прыціхлі і сядаюць на брустверы бліжэй адзін да аднаго — як заўжды перад няпэўнасцю або небяспекай. Цяпер неяк і Лёшка Задарожны пачынае здавацца мне звычайным, някепскім хлопцам, ураз адступае ў даўнюю далеч усё дрэннае ад яго, што паўгадзіны назад атручвала маё жыццё. Падсвядома мы адчуваем, што галоўнае ў нашым лёсе — тое нашае заўтра, сілы для якога мы можам узяць толькі ў сабе і спадзявацца толькі адзін на аднаго.

— Яму-то што! — рэзка кажа Задарожны. — Яму абы загадаць. А мы тут свае галовы паложым. Па-дурному!..

— Нашто так гаворыш — па-дурному?! — адгукаецца з цемры Папоў. Ён калі пры Жаўтыху не скажа за дзень і аднаго слова, а застаўшыся за камандзіра, вельмі ўжо чулы да кожнага слова і да кожнага ўчынку. — Мы прыдадзены пяхоце… Мы далжон страляць!

— Ерунда! Прыдадзены не прыдадзены, а будзеш выконваць усё, што ім уздумаецца, — дык і тыдня галавы не праносіш. А да Берліна яшчэ вунь колькі! — Чаму не праносіш? У галаве розум ёсць — праносіш. Няма розум — не праносіш! — пераконана зазначае Папоў. Лук’янаў хутаецца ў шынель і раз-пораз уздыхае. Цяпер, без камандзіра, ён крыху жывее і далікатна, стараючыся нікога не перабіць, кажа:

— Звычайны канфлікт: камандзір пасылае — баец баіцца, здаецца, што загад несправядлівы. Псіхалагічная непадрыхтаванасць да ахвяравання. Адсюль і ўсе непаразуменні.

Задарожнага, аднак, не пераконваюць ніякія довады, ён крыху маўчыць, ловячы не зусім выразны ход думак Лук’янава, і затым са злосцю пярэчыць:

— Ну ўжо ерунда! Калі загад правільны, дык я нутром яго разумею. А калі не, дык ты мне нічым не дакажаш. Як ні круці.

— Навошта даказваць? — паціскае плячыма Лук’янаў. — Загады не даказваюцца. Тут важна не чыё алібі, а патрэбен вынік.

— Ох, які ты разумны! — прадаўжае злаваць Задарожны. — Вынік! Ты б сказаў гэта Троцкаму. Мо ён цябе камандзірам паставіў бы.

Лук’янаў змоўчвае крыху, пэўна, прыкідваючы, ці варта адказваць на грубасць, а затым спакойна заўважае:

— Што з вамі спрачацца не па сутнасці!

— Падумаеш, знайшоўся мне «па сутнасці». Разумнік такі! Думаеш, я дурней за цябе? Так думаеш? Ось дудкі! Я, брат, хоць інстытутаў не канчаў, але і ў палон не здаваўся. Немцам рукі не паднімаў, не тое, што ты!

Мы ўсе прыціхаем, з прыкрасцю адчуўшы, што спрэчка пераступіла мяжу добразычлівасці і што будзе сварка. Але Лук’янаў сядзіць як сядзеў — у нерухомасці, уражаны грубасцю Лёшкі, які, мяркуючы, што яго перамога, змаўкае да часу. Такое абыякава стрываць нельга.

— Сволач ты, Задарожны, — коратка і як мага спакайней кажу я.

Лёшка зараз жа паварочваецца да мяне.

— Чаго гэта я сволач? Што я няправільна сказаў? Што? Самі вы сволачы!

І тады на яго, як заўжды запальчыва і з акцэнтам, накідваецца Папоў.

— Нашто так гавары? Нядобра гаворы, Лошка (ён заўжды так называе Задарожнага, не вымаўляючы як трэба яго імя), — Лук’янаў правылна казаў, ты нядобра казаў. Ты нядобры таварыш.

Задарожны сапе і лаецца:

— Пайшлі вы ўсе да д’ябла: нядобра, нядобра! Што я, ізвіняцца павінен? Ось паглядзім, што заўтра будзе — добра ці нядобра.

1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)