Азірніся ў каханні
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01164-Х
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Азірніся ў каханні». Краткое содержание книги:
— Ды прачніся ты, Вікця, чуеш? — крычаў над вухам спалоханы Жамойда.
Яна прахапілася.
Трывога пасялілася ў яе сэрца. Жамойда дапытваўся, што з ёю, што снілася. Не адказала, уздыхнула цяжка, адвярнулася да сцяны.
— Святло тушыць?
Не адказала.
Ён пстрыкнуў выключальнікам. Калі лёг побач, дакрануўся бокам да яе спіны, адчула чужое, халоднае, бы лёд, цела. І сама такой жа рабілася — з кожным днём.
Карцела схадзіць да Ладуцькі. Яму яна давярала, як самой сабе. Ён быў адзіным чалавекам, да якога яна ішла смела і без аглядкі, ішла, як да доктара, верачы, што ён паможа. Ішла, як да дарадцы, маючы надзею, што пойдзе ад яго супакоеная і з поўнай яснасцю думак. Пэўна, з такіх, думала Вікця, і выходзілі некалі святары — не тыя, хітрыя і хцівыя, а шчырыя, якія добрым і прачулым словам супакойвалі душэўны стан чыёйсьці збалелай душы, памагалі знайсці невядомую дагэтуль у сабе сілу.
Ладуцька быў дома.
У печы весела лізала дровы полымя, цягнулася ў комін. Пры агні стаялі чыгункі і гаршчэчак — дзед гатаваў сняданак.
— Праходзь, Альшанская, праходзь, — запрасіў Мікіта, сумеўшыся — не чакаў у такі час гасцей, сам не прыбраўся і ў хаце непарадак. Дзед ніколі не называў Вікцю па прозвішчу мужа, як і спрымачоўцы не называлі яе Жамойдзіхай. — У нагах праўды няма, калюх-калюха, сядай, грэйся...
Вікця прайшла за печ, зняла кажушок і паклала яго па ложак, развязала хустку і кінула туды ж, пахукала на рукі:
— І пячэ ж сёння, у рукавіцах рукі ў шпары заходзяцца.
— Дні такія цяпер, Адамаўна, калі зіма з вясною бораюцца. А ты ля печы стань, сагрэйся — у мяне холадна. Не паліў, учора ў Мазыр ездзіў...
— Я не змерзла, дзядуля, рукі вось толькі...
Вікця ў Ладуцькі не першы раз. Хату яго ведае, як сваю. І фотакарткі ў рамках, на сцяне, ёй добра вядомыя. Разглядаць, звычайна, пачынала з той фатаграфіі, дзе была знята Ладуцькава сям'я. Карткі пажоўклі ад часу, але ад таго і было ў іх больш таямнічасці і прыцягальнасці. Яна шукала падабенства Ладуцькі з тым, маладым, калі ў яго нарадзіліся дзеці, і знаходзіла знаёмыя рысы.
Але найбольшую ўвагу прыцягвала фота, што было асобна ад усіх — Ладуцькі і Косціка.
Да старога прыязджаў нейкі хлопец з рэспубліканскай газеты, неўпрыкмет сфатаграфаваў іх, як сядзелі на прызбе. Дзед і не ведаў пра тое. А пазней поштай пераслаў старому, з адваротнага боку напісаў: «Ведаю, што не любіце здымацца, таму зняў без дазволу. Не крыўдуйце».
Пакуль Вікця ўглядалася ў картачкі — доўга і пільна, асабліва ў твар Косціка, які весела смяяўся, трымаючы каля шчакі далонь. Ладуцька расстаўляў на стале кубкі і сподкі, цукеркі-падушачкі высыпаў у талерку, слоік з варэннем паставіў.
— Ты, ета самае, калюх-калюха, хадзі, Вікця, да стала — усё гатовае, на два бокі... — клікаў, радасна мітусіўся дзед, незаўважна для Вікці чыстую сарочку надзеў, крэсла дубовае, самаробкавае, для яе паставіў — з высокай спінкай. — Сядай, снедаць будзем... Даўно мы з табой вось так сядзелі...
— Ды ўсё не выпадала. А калі заходзіла разы са два, то вас не было.
Вікця не хлусіла — адчыняла дзедавы веснікі. Без патрэбы заходзіла, з работы вярталася, перакінуцца словам хацела.
— Ды і бегаю, ніколі дома не стыкаюся, — згадзіўся дзед, сеўшы ўжо з другога боку стала — насупраць Вікці. — Таму і не заспела.
Барада ў дзеда знікала дзесьці пад сталом — шыкоўная, кудлатая, відаць жа, даглядае яе дзед, мые, расчэсвае. Стары любіў чысціню — не ў кожнай гаспадыні так чыста ў хаце, як у яго. Ужо дзеду за дзевяноста, аніколі не чапляў на нос акуляраў. І глядзеў ён на яе чыстымі і светлымі, бы дзіцячымі, вачыма. Пазіраў пранікліва, заглядваў, здаецца, у самую душу, каб і схлусіць хацела, то не змагла б.
Уздыхнула — і выдала сябе, што камень ляжыць на сэрцы — ні спаць не магла, ні на работу хадзіць. Дзед кубак на стол паставіў, праз кудлатыя бровы зіркануў на яе:
— Ну, што, Вікторыя Адамаўна, не таіся, бяду нейкую напаткала?
Яна паклала рукі на грудзі, быццам сцішвала ўзбуджанасць і дыханне, схіліла галаву — сказаць, дык што падумае пра яе дзед? Ці не абсмяе, ці не прагоніць яе за дурасць — у такія гады месца не знаходзіць...
— Цяжкі сон, дзед Мікіта, бачыла. Пра Косціка, Ніколі такога страшнага не снілася. Так прысніўся, быццам вось цяпер перад вачмі. Сніла, што немчура яго схапіла і на шыбеніцу, скрываўленага, пацягнула. Баюся, каб не здарылася якая бяда. Тады, помніце, як сустрэла вас на вуліцы, я ўжо ведала, што з ім няшчасце здарылася. Душой адчувала. І сон бачыла, амаль такі ж... Дзе ён цяпер, дзядуля?
Ладуцька кашлянуў, адвярнуўшыся, кулак да рота прыставіўшы.