Азірніся ў каханні
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01164-Х
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Азірніся ў каханні». Краткое содержание книги:
— З-за гэтага прыехаў? — спытаў ціха сакратар, падступіўшыся да самага галоўнага, прыжмурыўся, пільна паглядзеў на лесніка.
— Дык жа цярпення, Піліпавіч, не хапае. Кругом такое творыцца, што міжволі думаеш: няўжо чалавек здатны на такое? Мы ж сук сячэм, на якім сядзім. Як чмякнемся, касцей не збяром, гэта ўжо точна. Над безданню сядзім...
— Правільна кажаш, Міхалап. Без прыроды — мы нішто. Раскажы, брат падрабязней — хто-хто, а ты пра ўсё ведаеш лепш за ўсіх...
«Вось і падышлі, здаецца, да таго, да патрэбнага. Але як расказаць, як перакапаць, каб і ён адчуў тое. што і я адчуваю. Ці здолею, ці за тое ўзяўся? Божа, гэта ж не ў маім лесе з дрэвамі гаварыць, там і сфальшывіш, не так скажаш ці не так падумаеш — дуб не папракне, бяроза змоўчыць. У суладдзі я з імі — і бацька ім, і сын, і гаспадар...»
Зноў зазумкаў тэлефон — працяжна, меладычна, міргаючы светлым вочкам, паміргаў і перастаў.
— Яшчэ гарбаты?
— Не, не, — паспешліва адмовіўся Косцік, быццам гэта магло перашкодзіць іх размове. — Напіўся і сагрэўся, дзякую. Захачу, дык потым мо. А можа, я не да часу? — спахапіўся раптам, трывожна глянуўшы на тэлефон. — Мо не да мяне цяпер? Маё ж не гарыць...
— Гарыць, Канстанцін, яшчэ і як гарыць. Іншы едзе за сотню кіламетраў, каб прасіць нешта сабе. А ты вунь з-за чаго — з-за матухны-прыроды...
Громаў нешта ўспомніў, пазначыў алоўкам на настольным календары.
— Прызнаюся, я займаюся гэтым пытаннем. Так што ты па адрасу звярнуўся. І мяне гэта хвалюе і непакоіць. Як сакратара і жыхара зямлі. Гэта павінна турбаваць усіх без выключэння людзей. Не магу сказаць, што ўсе абыякавыя. Пішуць, звоняць, калі што ў вочы кінецца. Мо не да ўсяго рукі даходзяць, мо і мы дзе памылку дапускаем...
«Не, не памыліўся я ў табе, Піліпавіч. Бог бачыць, што не памыліўся, — падумаў сам сабе Міхалап, беручы з пачка цыгарэціну. — Значыць, і табе трохі вядома пра ўсё, не за глухой сцяной сядзіш. Што ж, трымайся, слухай, табе сёння слухаць не пераслухаць, што ўва мне накіпела... Мо што і не даспадобы, мо што і не так скажу, на тое, брат, прабачай...»
— Так, Лявон Піліпавіч, сапраўды я прыехаў да вас таму, што не ведаю, дзе знайсці праўду. Не скардзіцца прыехаў, а каб памаглі разабрацца, — уздыхнуў ляснік, асцярожна паднёс кончык цыгарэты да попельніцы, збіў попел, зацягнуўся. — Страшна мне жыць стала. Абыякавасці чужой стаў баяцца. Асабліва калі хворыя ёю тыя, хто ў начальніках ходзіць, хто ўладу мае. І не абыякую. А потым і злосці людской стаў баяцца, бяздушнасці і жорсткасці. Жамойду помніце, што соль да нас прывозіў?
— Шукаў мяне адразу пасля адседкі. Прасіў, каб даведку даў, што памагаў партызанам.
— Ну, вы не далі, нехта іншы даў. Аднаго падпаіў, другога — гэта ж проста цяпер. Як і стаць удзельнікам вайны. Перад носам махаў той паперкай... Зімой заспеў ён мяне соннага, на стозе, як хлеб мы ў атрад насілі. Я яго прымусіў напісаць заяву на імя камандзіра атрада — што будзе памагаць. Збрахаў, быццам маю ад вас такое заданне, ён напісаў, потым адумаўся. Схапіліся загрудкі. Я ўцякаў. Ён страляў у спіну.
— Ты ж не расказваў.
— Я ж даваў яму шанец чалавекам стаць. Не стаў. Дык я не пра тое, прабачце. Дзіўна мне вось што. Вораг. Год адседзеў. І ён лічыць, што віну сваю выкупіў. Сёння да яго ўсе на паклон едуць і ідуць. Любяць яго начальнікі, на паляванне прыязджаюць, ён страляе ласёў без ліцэнзіі, каўбасы возіць у Гомель і Мінск. Забівае баброў і куніц, футрамі задобрывае — і ўсё сыходзіць з рук. Не баіцца ён міліцыі, ні райвыканкома. Анікога. Сын на траяках ехаў, а вось Жамойда яго ў лясны інстытут умазаў. Праз Лукашэвіча, намесніка ляснічага. А цяпер у той даследчы інстытут лясной гаспадаркі, што ў Гомелі, вучоным будзе.
Зазваніў тэлефон. Громаў прыклаў трубку да вуха:
— Ігнатавіч? Ото добра, што пазваніў. Да мяне зазірні. Табе цікава будзе паслухаць.
Паклаў трубку, сказаў:
— То загадчык аддзела званіў. Хай і ён паслухае. А ты расказвай. Смела. І — пра ўсё...
У кабінет зайшоў невысокага росту чалавек, у чорным касцюме, з цікавасцю зірнуў на Міхалапа, павітаўся, сеў збоч.
— І няма на таго Жамойду ніякай управы?
— А каму ахвота звязвацца? Звоняць дырэктару лясгаса з Мінска, з Гомеля, кажуць, да Жамойды на паляванне едзем. Карабкоў не захацеў ісці на павадку, нават і выгнаць яго мерыўся, дык на яго настрачылі такую ананімку, што зацягалі па судах. Ледзьве жывы цяпер. Вядома ж, хто настрачыў,— Жамойда, а недакажаш. Хоча, каб Лукашэвіч быў ляснічым. Тады яму будзе лафа — як за каменнай сцяной. Участковы ходзіць у сябрах, старшыня калгаса, Дзягцяр, таксама. Спрабаваў Карабкоў змагацца з імі, ды куды гам, бокам усё і вылезла. А чалавек ён сумленны, Карабкоў. Не тое што яго намеснік, Лукашэвіч. Той як не начуе ў Жамойды дома. Памагчы трэба Карабкову, Леанід Піліпавіч. Не вінен ён ні ў чым. На маіх вачах чалавек жыве. А абвінавачванне яшчэ не знята. Яны пасмейваюцца за спіной, злараднічаюць, чакаюць, калі спіхнуць яго і Лукашэвіч месца зойме. І дырэктар лясгаса Васілёнак, наш баявы начштаба, пад тую нядобрую дудку танцуе. Як баіцца некага.