На сьвятой зямлі
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1972
- Язык: белорусский
- Год: Божым Шляхам
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «На сьвятой зямлі». Краткое содержание книги:
Паломнікі спушчаюцца ў маленькую царкву на месцы колішняй турмы, дзе вязьнем быў сам Богачалавек. Там жа трымаліся разбойнікі Варавва і іншыя з ягонай шайкі. Камэра Вараввы была ў ніжнім ярусе, куды арыштантаў спушчалі па лесьвіцы праз дзірку ў столі. Там у нішы за кратамі сядзелі найбольш небясьпечныя злачынцы. У камэры Хрыста і цяпер можна бачыць каменную лаўку з праробленымі ў скале дзіркамі для ног, якія закоўваліся ў кайданы.
Другі ярус гэтае турмы пазьней паміж сотым і трохсотым гадамі служылі катакомбамі для першапачатнай хрысьціянскай царквы ад перасьледу жыдоў.
Верхняя частка ўсё ж яшчэ значна ніжэй сучаснага ўзроўню глебы становіць сабою заходнюю частку Ліфастротана, дзе ён выходзіў у горад з Прэторыі. Там некалі перад тысячным народным морам Пілат паставіў на памосьце сваю Ахвяру ў барвовым вянку і выгукнуў: «Се, Человек!» Ён ужо знаходзіўся пад уплывам свае жонкі, якая пасьпела паслаць яму на судзілішча просьбу не караць сьмерцяй: вязень ужо цэлую ноч змушаў яе пакутваць і не пакідаў яе думак. Пілат прапанаваў абмежавацца адно бічаваньнем. Але на пляцу Ліфастротана варожы Хрысту натоўп ніяк не хацеў задаволіцца жалюгодным выглядам пакаранага Пакутніка. Юдэі голасна крычалі: «Распні Яго!
- Гэта Цар ваш! Ці ж я вашага цара распну? - пытаўся ў натоўпу Пілат.
- Распні, распні, укрыжуй яго! - адным немым голасам вымагаў разьюшаны натоўп. «І перамог крык іх і архірэяў» (Лука 23, 23). Пілат памыў рукі і аддаў Хрыста на ўкрыжаваньне. Тут жа быў прадыктаваны і падпісаны Пілатам прысуд і тут жа на плечы Хрыстовыя быў узложаны Крыж.
Цяпер над уваходам у тое самае месца адна з трох арак Брамы Прэторыі на вуліцы завецца «Се, Человек», бо туды былі перанесеныя два камні, на якіх стаялі Богачалавек і Пілат у тыя вызначныя хвіліны.
Адгэтуль, з Ліфорстратону і пачынаецца Крыжовы Шлях Гасподзен. З цяжкім крыжом Хрыстос сышоў з Ліфостратону, прайшоў пад аркаю і далей па пакутным шляху. На рагу першага перакрыжаваньня вуліцаў некалі стаяла пабудованая царыцай Аленай у 4-м стагодзьдзі царква Божай Маці, бо там якраз, паводле паданьня, Марыя стаяла, стомлена чакаючы пастановы Пілатавага суду. І вось яна пабачыла скрываўленага пад крыжом Сына. Мазаіка ІV стагодзьдзя паказвае дробнымі каменчыкамі сляды ейных ног. Некалі там быў Бізантыйскі храм, цяпер - армянскі каталіцкі прастол.
Усевалад Ціхановіч усю дарогу ўздоўж былой гарадзкой сьцяны да Суднае Брамы, праз якую Хрыста вывялі, каб весьці да Галгофы, ішоў за групай паломнікаў з нізка сьхіленай галавой. Рабіў ён гэта ў знак пашаны тым вялікім падзеям на іх сапраўдных мясцох. Глыбокім болем адгукаўся ў ця кажны спынак на мясцох, дзе Хрыстос падаў на зямлю пад цяжарам крыжа. Ён нізка ўкленчваў на кажнай з 13 г.зв. «станцыяў» крыжовага шляху, дзе каталікі пабудавалі капліцы: іх яны кажную пятніцу пасьля трэцяй гадзіны абходзяць з малітваю. Сапраўднымі месцамі тых падзеяў зьяўляюцца, акрамя згаданых ужо турмы і Ліфостротана, таксама Армянская царква з яе падзямельлем, рэшткі глыбокага сутарэньня і сьцяны, як і старых фундамантаў пад мелхідскім манастыром на сёмай станцыі. Рэшткі гарадзкой сьцяны часоў Хрыстовых і самы парог Суднае Брамы былі выяўленыя ў 1883 годзе ў канцы Крыжовага Шляху на сучаснай расейскай дзялянцы раскопак. Каля Суднае Брамы рымляне звычайна абвяшчалі канчатковыя прысуды сьмяротнікам. Дзеля таго, што, паводле Эвангельля, у тыя часы Галгофа і месца Гасподняга Гробу, скала ў садзе Іосіфа Арымафейскага, былі за межамі гораду, «за варатамі», як кажа сьвятое Пісьмо, Хрыстос прайшоў Судную Браму, ідучы на Галгофу. Але старая сьцяна была разбураная, і на тых месцах за даўгі час нарасло на руінах новых пластоў на 30 мэтраў. Калі ў мінулым стагодзьдзі Расейскі ўрад купіў ад абісінцаў дзялянкі поблізу Храма Гасподняга, архітэктары пры раскопках знайшлі рэшткі масыўнай сьцяны з характэрным для часоў Хрыстовых абчэсваньнем каменьняў. Навуковыя досьледы давялі, што гэта і былі рэшткі старажытняй Ерусалімскай сьцяны з Суднаю Брамаю. Там жа было адкапана шмат іншых рэчаў тае пары, сярод іх - арка з калёнамі старажытнага дойліцтва часоў базылікі Канстантына Вялікага над Гасподнім Гробам. Гэта была рэшта прапілеяў, якімі акружаўся вакол велічны храм. Гэтыя вынаходзтвы былі вызнаныя ўсім сьветам. Заместа плянаванага Расейскага Консульства рашылі будаваць Храм Крыжовага Шляху. Перад знойдзеным каменным прастолам, часткаю колішняй Базылікі, на ўсход выбудавалі аўтар і іконастас, Храму было дадзена імя сьв. Александра Неўскага. Парог Суднае Брамы накрылі драўлянай Рамаю са шклом. За ім высіцца вялікае Ўкрыжаваньне на абломку мясцовага камня. Абраз Збаўцы з Крыжом на ўсю сьцяну аж да іншае старадаўняе іконы. У паўночным кірунку 12 ступеняк вядуць уніз да аркі портыка былой Базылікі. У Вялікі чацьвер праваслаўнае духавенства з Гафсіманскага Саду пасьля Ютрані і чытаньня 12-ці Эвангельляў, з сьвечамі і сьпяваньнем, з працэсіяй вернікаў Сьв. Гораду ськіроўваецца да Сьвятога Парогу і там Страстная Служба аддае належнае сьветазбаўчым пакутам над тым самім месцам, дзе Богачалавек ўзыходзіў на Галгофу, сьхіляючыся пад цяжарам Крыжа і вяшчаючы сваімі ранамі і цярпеньнямі новую эру ў гісторыі чалавецтва.