Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 90
Перейти на страницу:

— Пакуль складна, — кіўнула Тамара. — Што адсюль вынікае?

— Матыў забойства.

— Забілі, каб не плаціць?

— Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.

— Калі грошы найперш, якія яшчэ матывы і прычыны?

— Нязгода аддаць дзіця.

 — І за гэта забіваць? — Тамара прымружылася, пільна глянула на мяне.

— Скажу табе, у нашым правінцыйным райцэнтры адна жанчына нарадзіла дваіх дзяцей. на заказ. Аднаго аддала. А другога адмовілася.

— Ого, — не ўтрымаўся я. — Не ведаў.

— Ну, не здзіўляйся, справу абставілі так, каб ніякага крыміналу нідзе не было. Цяжарнасць хавала да апошняга, два месяцы адпачынку невядома дзе, вяртаецца пахудзелай і з грашыма. Другую цяжарнасць раскрыла напрыканцы. Вярнула грошы, ёй авансам выдалі палову сумы. Прыязджалі да яе. І пагрозы былі. Ведаю з яе вуснаў, бо ў маладосці з яе маці сябравалі, вось яна і прыйшла да мяне параіцца. Адбіліся, карацей. Там пасярэднікаў не было. Няшчасная, хоць і заможная, сям’я з Прыбалтыкі. Жанчына павінна была паехаць туды на тры месяцы, ёй рабілі візу, стваралі ўмовы пражывання. Там нарадзіць і вярнуцца. А яна адмовілася. Дарэчы, развядзёнка. так вось. Значыць, калі быў пасярэднік, то, магчыма, і забойства адбылося праз нязгоду аддаць дзіця? Правярай. Аператыўнікі забралі з дому забітай яе ноўтбук, сумачку. Тэлефона не знайшлі. Гэта незразумела. Падрыхтуй запыт на праверку асабістых рахункаў у банках. Пайшлі ўжо? — Тамара зноў зірнула на акно. — Трэба нешта згатаваць дома, мабыць. Развучылася боршч варыць. А ты ўмееш?

— Што? — разгубіўся я.

— Боршч варыць умееш?

— Не.

 — І не вучыся. А то не ажэнішся.

4.

Найлепшае, што здараецца з намі, ніколі намі не прадбачылася.

Я вяртаўся той самай вуліцай, якой ішоў ранкам на працу, і яна была такой жа пустой — палова на дзясятую вечара. І ўжо амаль цёмнай.

Тамара развярэдзіла мае думкі сваім напамінам пра жанчыну, меркаваннем пра тое, што і яны з такога ж цеста. А мне ж дваццаць сем. Гэтулькі, колькі было і забітай. І столькі ж гадоў Надзеі.

З Надзеяй мы ў блізкіх адносінах усяго месяц. Не чакаў, што пра іх будуць ведаць. Ва ўсякім разе, не чакаў, што так хутка. Ды і якія там адносіны! Яна, разведзеная, без дзяцей (дзіця памерла на другі дзень пасля родаў, саму яе ледзь уратавалі), была звычайнай жанчынай, якая засумавала без мужчынскай увагі. Мы — суседзі. У яе невялікі дом, застаўся ад бацькоў, а я здымаю палову дома, які мяжуе з Надзеіным.

Сюды я пераехаў, калі зразумеў: больш не магу трываць у інтэрнацкім пакойчыку. Колькі сябе помню, мне заўсёды патрэбны быў такі свой куточак, дзе б я мог застацца зусім-зусім адзін. Студэнцкі інтэрнат стаў для мяне на час вучобы сапраўдным выпрабаваннем, і ратаваўся я ў горадзе: калі ўзнікала вострая, амаль фізічна адчувальная неабходнасць пабыць аднаму, пазбавіцца ад хоць чыёй увагі, я садзіўся ў любы тралейбус і, праехаўшы колькі прыпынкаў, выходзіў і блукаў. У вялікім горадзе ўсе адзінокія, калі толькі ты не ідзеш з некім па шматлюднай вуліцы. А ў нашым невялікім райцэнтры так не атрымліваецца: ужо месяцы праз тры са мной сталі вітацца на вуліцах людзі. Тут твой няспешны шпацыр можа быць перапынены ў любую хвіліну, а галоўнае, ты заўжды застаешся пад увагай, бо заўсёды знойдзецца нехта, хто паглядзіць табе ўслед са сваімі здагадкамі: бач, следчы пракуратуры задумаўся, пэўна, справу расследуе — мабыць, пра нядаўняе згвалтаванне. Могуць спыніць і спытаць з вельмі спачувальным выглядам: што, браце, задумаўся? Ды адпачываю, адпачываю я! Так іншы раз хочацца крыкнуць: «Адпачываю ад вас, ад вашых твараў, словаў, позіркаў.»

У рабочым інтэрнаце я быў адзіны халасцяк на ўвесь доўгі і цёмны, як глыбокая труна, паверх. Можа, неяк прызвычаіўся б да дзіцячага плачу-смеху, страляніны і беганіны, да сямейных сварак і п’яных спеваў ці крыку штовечар, да кухонных звад. Але праз тыдзень мяне ўжо запрашалі то ў адзін пакой — рыбкі прывезлі, то ў другі — ад цешчы свежына. Мае катэгарычныя адмовы зусім не дапамагалі: раз на тыдзень у дзверы грукалі добра захмялелыя мужчыны і сілай цягнулі да сябе. Пазбавіцца іх дакучлівасці было немагчыма, але і злавацца на іх я не мог, бо бачыў — рабацягі-сямейнікі шчыра хацелі пачаставаць мяне нечым смачным, яны дружна лічылі сваім абавязкам разнастаіць мае вечары і стараліся «забяспечыць добрай бабай на ноч, галоўнае — акуратнай».

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)