Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Сны iмператара
Сны iмператара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сны iмператара

Электронная книга - «Сны iмператара». Краткое содержание книги:

Кніга апавяданьняў пісьменьніка і гістрыка Уладзімера Арлова Сны імпэратара была надрукаваная у выдавецтве Мастацкая літаратура ў 2001 годзе. На сторонках выданьня аўтар вяртае нас у гісторыю нашага народа, бо менавіта праз гісторыю можна будаваць нашу будучыню. У выданьні сабраныя апавяданьні, аповесьці і эсэ розных гадоў, якія выйшлі з-пад пяра Уладзімера Арлова тут і пра радавод самаго спадара Ўладзімера і пра слынных герояў і постаці беларускай гісторыі. Аўтар ня проста знаёміць нас з падзеямі і асобамі Мінуўшчыны, але і прымушае кожнага задумацца і перажыць лёс свайго народа. Ад Полацкага княства да 20 стагодзьдзя шлях у 11 стагодзьдзяў. Гэта шлях птушкі фэнікс-Беларусі, якая нягледзячы на ворагаў і “братоў”, жыве і будзе жыць
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 166
Перейти на страницу:

Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў сваіх паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнай гордасці, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала жаркім агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх пад час аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.

— Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,— пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.

Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў — невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды вяснушкаваты волат — літоўскі ваяр Рудзіс.

Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. «Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць»,— зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.

У палаце павісла ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.

— Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? — парушыў гэтае маўчанне Валодша.— Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?

Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.

— Не такія мы словы чуць хацелі,— глуха сказаў стары ваяка.

— Не льюць міру духмяную ў паганы посуд.— Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да «Пчалы» і «Ізборнікаў», любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў.— Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.

— Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

— Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш,— сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю.— На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі...

— Дай мне мовіць,— спыніў яго Валодша і падняўся.— Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! — ён секануў рукою паветра.

Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым,— пранікнёна казаў красамоўны рыжанін,— і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я знаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

Усё тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.

— Не лацінец мой бацька! — усхапіўся з лавы Васілька.— Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

— Любіш бацьку,— пахваліў Валодша.— Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць — вычын невялікі.

— Дазволь слова сказаць, княжа,— устаў кульгавы Збыслаў.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваявода, і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.

— Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў.— Кульгач абапёрся на стол звітымі з жыл рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца.— Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе ведаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў...

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 166
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)