Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Пляц Волі
Пляц Волі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пляц Волі

Электронная книга - «Пляц Волі». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-дакумэнт «Пляц Волі» Алеся Пашкевіча прысьвечаны старонкам беларускае гісторыі, якія неразрыўна зьвязаныя з імкненьнямі да Вольнай Беларусі. Пляц Волі для аўтара ёсьць ня толькі адным зь менскіх пляцаў, але і сэрцам Вольнай Беларусі. Лёс беларускіх незалежнікаў і ў часы паўстаньня і змаганьня за нежалежнасьць БНР і ў часы нямецкай акупацыі зьвязаныя менавіта з гэтым пляцам.
Раман складаецца з некалькіх частак, маюць розных герояў, але нязьменнае толькі імкненьне да незалежнасьці Радзімы.
Першая частка распавядае пра першыя спробы стварэньня незалежнай БНР ды пра змаганьне за яе са зброяй у руках падчас Слуцкага збройнага чыну ў 1920 годзе, калі невялікая Случчына паўстала супраць бальшавіцкага прыгнёту за вольную Беларускую Народную Рэспубліку.
Кніга другая прысьвечаная таленавітаму палітыку і вайскоўцу, які у кожны момант сваго жыцьця імкнуўся дасягнуць аднае мэты ― вольнай Беларусі.
Нягледзячы на мастацкі характар твору, захапляе яго глыбокая гістарычнасьць, падмацаваная дакумэнтальнымі сьведчаньнямі.
1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 199
Перейти на страницу:

У Польшчы ж — назаўтра яна адваюе ў Чырвонай арміі Вільню, — як выявілася, у знешне-палітычных пытаннях не было згоды. «Эндэкі» (нацыянал-дэмакраты) прапаведавалі ў адносінах да Беларусі і Літвы захопніцкія планы. Левыя ж дэмакраты запэўнівалі ў падтрымцы суседзяў. Пазіцыю апошніх 22 красавіка (на другі дзень пасля звароту Езавітава ў Горадню) выказаў у адозве да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага сам Пілсудскі:

«…Стан беларускай няволі, які я, нарадзіўшыся на гэтай няшчаснай зямлі, добра ведаю, павінен нарэшце быць знішчаны і ўжо раз і назаўсёды ў гэтай быццам праз Бога забытай старонцы павінна запанаваць свабода і права вольнай нічым не звязанай гутаркі аб сваіх патрэбах…»

Такое не магло не ўразіць, не магло не натхніць, не магло не падкупіць…

…І як гром з пасвятлелага неба — польскі загад аб раззбраенні Першага беларускага палка. Уноч 28 красавіка палякі занялі Горадню, напалі на полк і інтэрнавалі яго — амаль усіх салдатаў і афіцэраў раззброілі і вывезлі ў лагер на тэрыторыю Польшчы. На вызваленых ад бальшавікоў землях абвяшчалася мабілізацыя ў польскую армію.

Гэтыя весткі сустрэлі Езавітава перад Горадняй, пасля ад'езду місіі з Варшавы. Міністэрства беларускіх спраў мусіла пераязджаць у Коўну і мець з Горадняй толькі нелегальныя сувязі. Праз некалькі дзён Езавітаў быў у Вільні, каб на месцы разабрацца ў палітыцы беларускіх «прапольскіх» дзеячоў, якіх ачольваў Павел Аляксюк — і пачынаў усё часцей выказвацца супраць «пралітоўца» Варонкі…

4 красавіка быў абраны прэзідэнт Літоўскага Гаспадарства Антон Смэтона, у Тарыбу замест Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча ўвайшлі новыя беларусы — Корчыцкі і Бялецкі. На чале кабінета міністраў 12 красавіка стаў Слежэвіч. Паміж беларускімі прадстаўнікамі Тарыбы і беларускімі арганізацыямі пачаліся перамовы аб тым, каб Язэп Варонка больш не ўваходзіў у літоўскі ўрад — міністрам беларускіх спраў прапаноўвалі стаць Вацлаву Ластоўскаму (які незадоўга перад тым пакінуў сваю пасаду беларускага аташэ пры літоўскай амбасадзе ў Берліне) ці Пятру Крэчэўскаму.

Перамовы да згоды не прывялі, і Варонка застаўся міністрам.

Зялёнае войска

Яшчэ восенню — пасля адыходу немцаў — сяляне Халопеніцкай воласці абралі Лукаша Сяменіка ваенным камісарам. Але ж у першы дзень усталявання ў краі «савецкай» улады бальшавікі арыштавалі яго і пасадзілі ў барысаўскую турму, адкуль праз паўмесяца перавялі ў Менск. Сяляне пачалі збіраць сходы і накіроўваць у Менск пасланцоў з рэзалюцыямі ў абарону свайго героя. Рукапісныя «пастановы» да разгляду прымалі, але на ніводную не адказалі, ― і Сяменік заставаўся за кратамі. Ды аднойчы начальніку турмы надакучылі хадакі:

― Навошта яны гэтага атаманчыка сюды з Барысава прыперлі? Тут і ад сваіх не прадыхнуць. У сябе хай у распыл і пусцяць… — І загадаў адвезці Сяменіка назад. Загадаў неасцярожна пры «хадаку», і вестка тая ўжо на другі дзень прыйшла ў Халопенічы…

27 траўня аўто «чразвычайкі» злосна гыркала, трапляючы на карэнні, што, як змеі, выпаўзалі на дарогу — нібыта пагрэцца на вясновым сонцы. На кузаве — двое з вінтоўкамі і звязаны Сяменік, у кабіне немаладога ўжо веку шафёр, абапал — лес, разлапісты, густы.

Аўто, гыркнуўшы цішэй, прытармазіла і спынілася. На дарозе — воз з бярвёнамі. Дзед у світцы і аблавушцы сцёбае каняку — тая сіліцца й ціснецца назад, хамут ледзь не налазіць на вушы…

― Дзед, давай у бок са сваёй калымагай! — не ўцерпеў канваір.

― Куды ж, дзеткі, у бок… Кола вунь… па атосу ў гразь ускочыла! І адкуль тут гэтая яміна?

Канваіры пераглянуліся: нідзе не дзецца, дарога вузкая, не аб'ехаць. Маладзейшы, закінуўшы вінтоўку за плечы, саскочыў з кузава і пацёгся да каня.

― А ты б яшчэ больш наклаў… ― бубнеў, піхаючы воз. — На халяву так скора і пуп развяжацца.

― То хто ж думаў, што ў гэту яміну скочу, хай яна не дачакае!

Сяменіку раптам голас старога падаўся знаёмым. Вызірнуў з-за кабіны — так і ёсць: дзед Улас з Крывога хутара!

― Ся-ядзець! — выкрыкнуў канваір на кузаве і прыціснуў вінтоўку.

1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 199
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)