Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Хроніка дзетдомаўскага саду
Хроніка дзетдомаўскага саду - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хроніка дзетдомаўскага саду

Электронная книга - «Хроніка дзетдомаўскага саду». Краткое содержание книги:

Раман лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Віктара Казько апавядае пра лес дзетдомаўскага саду, які пасадзілі яго выхаванцы, а да гэтага — ix бацькі, былыя ўдзельнікі грамадзянскай вайны. Сад — гэта памяць пра тых, хто загінуў за наша шчасце. Сад — гэта наша родная зямля, якую нам трэба берагчы i шанаваць. Так разумеюць жыццё героі твора.
1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 201
Перейти на страницу:

— I машыны не можа здабыць, а яшчэ свой, называецца. Малы быў, у гуркі ў мае грады лазіў...

Гэта было ўжо хлусня. Я, канечне, лазіў у гуркі, але не ў гарод дзеда Ахрэма. Дзетдомаўцы не чапалі град тых, хто жыў блізка каля дзетдома. Але справа была не ў тым, я адчуў прыкрасць, бо страціў сваю казку, як страціў яшчэ адну казку, не такую ўжо таямнічую, хутчэй страшную, жахлівую. Згодна ёй, у гэтых мясцінах блукала недзе здань, прывід. I я бачыў той прывід, сустракаўся з ім у дзяцінстве, мог паклясціся, што сустракаўся. Улетку, на самым пачатку яго, маланка забіла на картаплянішчы жанчыну. Калі надышла навальніца, яна якраз палола ці акучвала картоплю, схавалася ад дажджу пад дубам. У той адзіны сярод поля дуб і пацэліла маланка. Прыгадваю, што я яшчэ бегаў да таго дуба, глядзеў, што нарабіла там маланка, узарала зямлю каля каранёў яго, як кратовымі норамі, патычыла зямлю, нібы бізуном са свінчаткаю, прайшлася і па самім дубе. Успарола да жывога дрэва кару на ім. Мяне тады яшчэ ўразіла несправядлівасць таго, што адбылося, несправядлівасць нябёс, што наслалі смерць іменна гэтай жанчыне. У яе засталося без бацькі, без бабулі нават шасцёра дзяцей. А маланцы ж усё роўна было каго забіваць, магла яна знайсці і якую-небудзь бяздзетную жанчыну ці старую, калі на тое пайшло, калі ёй ужо абавязкова патрэбна было каго-небудзь забіць, магла б пацэліць і ў дзетдом, сёння ў мяне язык не варочаецца сказаць — у мяне. Але тады, у дзяцінстве, я, здаецца, быў не супраць, каб тая маланка знайшла мяне. Жанчыну пахавалі, але яна пачала з'яўляцца ў вёсцы. I аднойчы ўвечары ці ўначы мне давялося ісці міма яе хаты. I я наперад ужо быў напужаны. Загадаў сабе праскочыць сіроцкую хату, не гледзячы, заплюшчыўшы вочы. Але адначасова разам са страхам я адчуваў і неймаверную цікаўнасць. Хаця цікаўнасцю гэта цяжка назваць, гэта было нешта іншае. Адмаўленне, нявер'е ці, наадварот, вера ў тое, што ёсць, існуюць на свеце здані і прывіды, загадалі мне глядзець на ўсе вочы. I вось я, гледзячы на ўсе вочы. ішоў нейкімі штуршкамі, суладна з крывёю, што спалохана пульсавала ў маім целе. Не хацеў, а пазіраў, утрымліваючы ў вачах усё да драбніцы: дарогу, хаты, сонечнік каля плота, хлеў, дрэвы, што раслі каля яго, слівы. Здаецца, бачыў і самыя слівы на дрэвах, цьмяныя ўначы, з шэрым налётам. Хацеў, каб уся мая ўвага была прыкавана да гэтых сліў, загадаў сабе засяродзіцца на іх. Але ў мяне нічога не атрымалася, таму што якраз там, сярод сліў, і стаяла здань, жанчына ў белым, высокая, крыжом развёўшы рукі ад аднаго да другога дрэва. Стаяла і пазірала на дзверы сваёй хаты. Я не вытрымаў — і пабег. I тут зямля пад маімі нагамі стрэліла, як са стрэльбы, а мо нават і з гарматы. Мяне адарвала ад зямлі, я нібы выключыўся, страціўшы прытомнасць, паляцеў. Але гэтае выключэнне і палёт былі вельмі кароткімі. Як толькі ачомаўся, нагамі намацаў зямлю, я спыніўся. Цяжка цяпер сцвярджаць, што адбылося: ці то я забыўся пра здань, ці спрацаваў нейкі загад, нейчы голас пачуўся мне, і абудзілася ўжо сапраўдная цікаўнасць, але я павярнуў назад. Хацелася паглядзець, што там так ірванула, выбухнула пада мной, пабачыць варонку ці расколіну ў зямлі, расколіну да самага пупа зямлі, да ядзерца яе, выбух жа быў такой моцы, што я сам, здаецца, быў расколаты да самага ядра. Палохаючыся свайго ценю, увесь час косячыся на поўню, што завісла на небе, я зрабіў усе ж тыя пяць-дзесяць крокаў, што аддзялялі мяне ад месца выбуху, амаль літаральна прапоўз па сцежцы. Але не знайшоў ні варонкі, ні расколіны. На зямлі толькі ляжала жаба, якую я, пэўна, сам і раздушыў, наступіўшы на яе босаю нагой. Я няўцямна, але даволі доўга прыглядаўся да той жабы. Калі ж адвёў ад яе вочы, здань прасцірала свае рукі нада мною. I тут правал у памяці. Не памятаю нават, як я дапяў да дзетдома, да сваёй палаты, ложка і коўдры. Прыляцеў, прыбег ці даклыпаў ступою. Штосьці схавала ад мяне тая ноч, да чагосьці наблізіла і адпіхнула, вымусіўшы паверыць і адразу зняверыцца ў тым, што адбылося, якаясьці несумяшчальная празмернасць явы і фантазіі была ва ўсім гэтым, і тым не менш я надоўга, калі не назаўсёды, паверыў у жанчыну, маці, якая прыходзіць з таго свету, каб засцерагаць і ахоўваць сваю хату, спакой сваіх дзяцей. У хаце ж дзеда Ахрэма я развітаўся і з гэтай казкай. Развітаўся, пэўна, таму, што мінулае — гэта толькі наша памяць, жаданне, а не ява.

— У нашым сяле ад маланкі ніхто не загінуў,— адказаў мне дзед, калі я спытаў яго пра той даўні выпадак.— А каб гэта была яшчэ і жанчына, то і чорт ёй рады не дасць. Вось мая баба, восьмы дзесятак...

Я амаль бягом пакінуў падворак дзеда Ахрэма. Хутчэй, хутчэй на бераг рэчкі, дзе вада засталася ўсё ж нязменнаю. I там, на беразе рэчкі, мяне сапраўды чакала радасць. Яшчэ здалёку я ўбачыў дуб, пад якім летась ставіў палатку, ставіў, не зважаючы на разумную перасцярогу, на тое, што ў дуб часцей за ўсё і б'е маланка: авось абыдзецца, авось злітуецца. Але ж затое якая гэта асалода слухаць уначы той дуб, адчуваць яго знітаванасць з зямлёй і небам. I сам ён як прышэлец з сусвету, касмічны карабель галавой у небе, сярод зорак, а каранямі тут, з табою. I карабель мой, пасрэднік дзвюх частак свету, быў гатовы, здаецца, да старту, быў гатовы да старту экіпаж яго. Буслы-касманаўты віталі мяне, стоячы ў гняздзе на вяршыні дуба. Старыя птушкі вучылі маладых, бацькі дзяцей ставілі на крыло. Маладыя, струменьчык туману і дыму, слязінка і расінка, трохі палескай травы-сіўцу, белага палатна-кужалю і чорнай балотнай скрухі, іх гарачай чырвонай крыві, пазнавалі, уведвалі неба і шчасце лётаць у ім. Радасць, уцеха і жах былі туга скручаны і змешаны ў іх, як і ў дзяцей чалавека; старыя буслы, мусіць, не без гразьбы, аплявух і выспяткаў падганялі маладых да краю гнязда, у бездань: наканавана прапасці — прападзяце, лятаць — паляціце. I маладыя лёталі, яшчэ не ведаючы моцы сваіх крылаў, а мо і не вельмі давяраючы ім, зведвалі спачатку зямное прыцяжэнне, нейкі міг каменем падалі на зямлю, імгненне, падхопленыя небам, падобна птушынаму пяру на ветры, драбывалі ў штопары і адразу ж выходзілі са штопара, на ўсю шырыню распасціралі крылы. Утаймоўвалі неба і зямлю, жах, што збіўся ў камяк пад аховаю пуху і пер'я, і планіравалі над зямлёй, спачатку толькі прама, а потым і ўкруга, укруга дуба, па арбіце дуба, хаты сваёй, падаючы хаце голас, пераказваючы ёй і сонцу сваю радасць. I гэтая іх радасць перадалася і мне. Іх дуб быў і мне хатаю. I маю хату ўпадабалі буслы, яны зычылі мне шчасця. А буслы ж пераборлівыя, абы-дзе і абы ля якой хаты не стануць рабіць сабе кубло, гаспадар хаты павінен нечым дагадзіць ім, і характарам каб ён быў даспадобы ім. Хто ведае, мо якраз угоднага сабе характару, угоднага чалавека і шукае на свеце сабе бусел, сваяка свайго шукае і сам чалавек у другім чалавеку, і не толькі ў чалавеку, зверы, птушцы ўгоднае сабе. I я таксама шукаў птушку ці звера. Я хацеў стаць ім сваім, хацеў бы парадніцца з імі, мне здавалася, што некалі мы былі ўжо роднымі, толькі жыццё развяло нас, але ж як развяло, так яно павінна і звесці. Гэта ж праўда, сыходзяцца ў жыцці канцы з канцамі, зліваюцца рэкі, сыходзяцца дарогі. Толькі мала каму з нас выпадае дайсці да зліцця тых дарог, мала хто даходзіць і з птушак і звяроў. I ці не запозніцца зусім такое зліццё. У маёй вёсцы ўжо шкадуюць, што можа спазніцца, што хутка знікнуць пчолы, потым рыба, а потым і чалавек. Гэта, пэўна, з Бібліі, не ведаю. Але, адкуль бы яно ні было, старыя людзі бачаць і разумеюць сэнс і прадвесце гэтага. I прадвесце, знак гэты, па іх меркаванні, спраўджваецца. Пчолы ў дзедаўскіх борцях вакол вёскі ды і ў вуллях у самой вёсцы ўжо зводзяцца, амаль звяліся, добра, калі прыйдзецца на кожную з дваццаці борцяў па адной пчалінай сям'і. Рыба прападае на вачах... Але гэта я забягаю наперад, заскокваю ў дзень сённяшні. А ў той дзень гадоў дзесяць назад я быў вельмі рады буслам на маім дубе. I дуб той, як пазней ужо даведаўся я, сапраўды мой, яму было дадзена маё імя. I гэта ўжо на самай справе здавалася неверагодным, было падобна на цуд, чараду дзівос і цудаў, якія пачаліся і працягваліся з першага майго кроку, калі я другі раз наведаўся ў вёску, якая гадавала мяне.

1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 201
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)