Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Населены востраў
Населены востраў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Населены востраў

Электронная книга - «Населены востраў». Краткое содержание книги:

«Населены востраў» (рас. Обитаемый остров, 1967) — фантастычная аповесьць братоў А. і Б. Стругацкіх. Кніга распавядае пра маладога шукальніка прыгодаў зь Зямлі далёкай будучыні Максіма Камэрэра, які выпадкова патрапляе на плянэту Саракш, дзе 20 гадоў таму адбылася сусьветная ядзерная вайна і ўсталяваўся жорсткі антыўтапічны дзяржаўны лад.
З-за патрабаваньняў савецкай цэнзуры аўтары былі вымушаныя ўнесьці ў тэкст кнігі шмат істотных зьменаў, таму першая публікацыя сур’ёзна адрозьнівалася ад рукапісу. У 1991 годзе пісьменьнікі выдалі аўтарскі, некрануты цэнзурай варыянт, па якім і рабіўся гэты пераклад.
У 2008 годзе выйшла экранізацыя кнігі, пастаўленая расейскім рэжысёрам Фёдарам Бандарчуком.
1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 144
Перейти на страницу:

Камуністаў было занадта мала, амаль усіх іх перабілі падчас вайны і перавароту; арыстакратаў ніхто ўсур’ёз не прымаў; лібэралы ж былі занадта пасыўныя і часьцяком самі не разумелі, чаго хочуць. Таму найуплывовейшымі і найбольш масавымі групоўкамі ў падпольле заставаліся біялягісты, правадырысты і асьветнікі. Агульнага ў іх амаль нічога не было, і падпольле ня мела ні адзінае праграмы, ні адзінага кіраўніцтва, ні адзінае стратэгіі, ні адзінае тактыкі...

— Так, салата... — паўтарыў Максім. — Сумна. Я спадзяваўся, што падпольле ўсё-ткі намерваецца неяк скарыстаць вайну... магчымую рэвалюцыйную сытуацыю...

— Падпольле ні чорта ня ведае, — пахмурна прамовіў Зэф. — Адкуль мы ведаем, што гэта такое — вайна з выпраменьвальнікамі за сьпіной?

— Грош вам цана, — сказаў Максім, не ўтрымаўшыся.

Зэф незабаўна ўскіпеў.

— Ну, ты! — гаркнуў ён. — Лягчэй! Хто ты такі, каб вызначаць нам цану? Адкуль ты зьявіўся, масаракш, што патрабуеш ад нас таго і гэтага? Баявое заданьне табе? Будзь ласкаў. Усё ўбачыць, выжыць, вярнуцца, далажыць. Табе гэта здаецца занадта лёгкім? Выдатна! Тым лепш для нас... І хопіць, масаракш. Я хачу спаць.

Ён дэманстратыўна павярнуўся да Максіма сьпіной і раптам закрычаў гульцам у косьці:

— Гэй, там, далакопы! Спаць! Пайшлі па нарах!

Максім лёг на сьпіну, заклаў рукі за галаву і стаў глядзець у нізкую вагонную столь. Па столі нешта поўзала. Ціха і злосна лаялі адзін аднаго, укладваючыся спаць, далакопы. Сусед справа стагнаў і павіскваў у сьне, — ён быў прырэчаны і спаў, можа быць, апошні раз у жыцьці. І ўсе яны вакол, што ўсхропвалі, сапелі і варочаліся, спалі, напэўна, апошні раз у жыцьці. Сьвет быў цьмяна-жоўтым, душным, безнадзейным. Стукалі колы, лямантаваў паравоз, патыхала гарам у маленькае рашэцістае вакенца, а за вакенцам праносілася панурая безнадзейная краіна, краіна беспрасьветных рабоў, краіна прырэчаных, краіна хадзячых лялек...

Усё згніло тут, думаў Максім. Аніводнага жывога чалавека. Аніводнай яснай галавы. І зноў я сеў у галёш, бо паспадзяваўся на кагосьці ці на штосьці. Ні на што тут нельга спадзявацца. Ні на каго тут нельга разьлічваць. Толькі на сябе. А што я адзін? Ужо настолькі гісторыю я ведаю. Чалавек адзін ня можа ні чорта... Можа быць, Чараўнік мае рацыю? Можа быць, адхінуцца? Спакойна і холадна, з вышыні свайго веданьня немінучае будучыні, пазіраць, як кіпіць, варыцца, плавіцца сыравіна, як падымаюцца і падаюць наіўныя, няёмкія, няўмелыя змагары, сачыць, як час выкоўвае зь іх булат і апускае гэты булат для загартоўкі ў патокі крывавага бруду, як сыплецца трупамі акаліна... Не, ня ўмею. Нават думаць у такіх катэгорыях непрыемна... Страшная штука, аднак, — сталая раўнавага сілаў. Але ж Чараўнік сказаў, што я — таксама сіла. І ёсьць канкрэтны вораг, значыць, ёсьць пункт прыкладаньня для сілы... Шлёпнуць мяне тут, падумаў ён раптам. Абавязкова. Але ня заўтра! — строга сказаў ён сабе. Гэта здарыцца, калі я праяўлю сябе, як сіла, не раней. Дый і тое — паглядзім... Цэнтр, падумаў ён. Цэнтр. Вось што трэба шукаць, вось на што трэба накіраваць арганізацыю. І я іх накірую. Яны ў мяне будуць займацца справай... Ты ў мяне будзеш займацца справай, прыяцель. Бач, як храпіць. Храпі, храпі, заўтра я цябе выцягну... Добра, трэба спаць. І калі мне ўдасца паспаць па-чалавечы? У вялікім прасторным пакоі, на сьвежых прасьцінах... Што ў іх тут за звычай — спаць па многу разоў на адной прасьціне?... Так, на сьвежых прасьцінах, а перад сном прачытаць добрую кнігу, потым прыняць сьцяну ў сад, выключыць сьвятло і заснуць... а раніцай пасьнедаць з бацькам і распавесьці яму пра гэты вагон... маме пра гэта, вядома, распавядаць нельга... Мама, ты май на ўвазе, я жывы, усё ў парадку, і заўтра са мной нічога ня здарыцца... А цягнік усё ідзе, даўно не было прыпынкаў, відавочна, хтосьці дзесьці зразумеў, што бяз нас вайны не пачаць... Як там Гай у сваім капральском вагоне? Дзіка яму, напэўна, зараз: там у іх энтузіязм... Пра Раду я даўно ня думаў. Дай-ка я падумаю пра Раду... Не. Ня час... Добра, Максім, дружа, вашывае гарматнае мяса, сьпі. Ён загадаў сабе і тут жа заснуў.

1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 144
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)