Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 264
Перейти на страницу:

— Дзе мы? — змрочна спытаўся князь у капітана.

— У Англіі, мансеньёр, — адказаў той. — Вецер змяніў курс, прыйдзецца прыставаць да берага і чакаць пагоды.

— У Англіі? — забыўшыся пра марскую хваробу, Радзівіл выхапіў з рук капітана падзорную трубу.

Зацікаўлена прыпаўшы да яе, Радзівіл разглядаў надзіва белыя скалы англійскага ўзбярэжжа, якія прыгожа вылучаліся колерам на фоне шэрага мора і калматых аблокаў.

Менавіта ім гэтае астраўное каралеўства абавязана сваёй рымскай назвай — Альбіён[140]. Але князь любаваўся не цудам прыроды, а магутнай крэпасцю на скалістым падмурку. Гэта быў грозны Дуўрскі замак, на высокай вежы якога трапятаў белы сцяг з чырвоным георгіеўскім крыжам і развівалася гербавае палотнішча. Князь захоплена азірнуўся на капітана, які адступіў назад, каб не перашкаджаць госцю назіраць за гарызонтам, але пабачыў там бледна-зялёнае аблічча пана Пуцяты.

— Мы ў Англіі, князь, — жаласна шмыгнуў носам выхавацель. — Можа, пойдзем на бераг, я, здаецца, памру, калі не адчую пад нагамі цвёрдую зямлю. А пан Рэйнольд ужо памірае…

Толькі Багуслаў хацеў заспакойліва абняць беднага маршалка, але судна так падкінула на хвалях, што князь ад нечаканасці абхапіў мачту, ледзьве не разбіўшы лоб аб жалезны бугель.

— Капітан, загадайце спусціць лодку, — вырашыў ён. — І складзіце туды мае рэчы. Я застаюся ў Англіі!

х х х

Падарожжа выціснула ўсе сілы са стомленых вандроўнікаў, але на беразе яны скора акрыялі. Пуцята, Рывэ і Аборскі з лёкаямі засталіся займацца рэчамі, а Багуслаў з таварыствам і напаўпрытомным панам Рэйнольдам адправіліся на пошукі добрага шынка, дзе можна было б пад’есці. Знайшоўшы прыстойную ўстанову, Радзівіл пакінуў сваю моладзь назіраць, як гатуецца абед, а сам, каб не задыхнуцца ў спавітай шызым тытунёвым дымам зале (сярод наведнікаў хапала маракоў, звыклых да заакіянскага зелля), пайшоў прагуляцца з Цадроўскім. Князю хацелася наведаць вароты туманнага Альбіёна — магутную Дуўрскую крэпасць з яе грознымі абарончымі збудаваннямі. Але калі яны па крутой камяністай дарозе ўскараскаліся на самую вяршыню тых белых скал, якімі любаваліся з мора, і падышлі да брамы, іх спасцігла прыкрасць: камендант замка якраз быў у ад’ездзе, а выкліканы Багуславам дзяжурны афіцэр наадрэз адмовіўся паказваць чужынцу стратэгічны вайсковы аб’ект. Давялося ні з чым вяртацца ў горад.

— Што ваша светласць думае рабіць? — пацікавіўся Ян у расчараванага Радзівіла, калі яны вярнуліся ў шумны порт, дзе пранізлівыя крыкі чаек, салёны пах мора і смурод гнілой саланіны, смажанай рыбы і сушаных водарасцяў, які густым воблакам вісеў над чалавечым натоўпам, змяшаліся з чорнай лаянкай маракоў, мытнікаў і гарнізонных жаўнераў.

— Думаю, што грэх пабываць у Англіі і не наведаць Лондан, да якога адсюль рукой падаць, — сказаў князь, выціраючы спатнелы ад хуткай хады лоб. — Што скажаш?

— Добрая думка, — пагадзіўся шляхціц. — Толькі пан Пуцята скардзіцца, што грошай у вашай княжацкай міласці ўжо няма, як вымецена… А ў Англіі іх не здабудзеш: калі ваш аканом і перадаваў вэксаль, пра які вы яму пісалі ў апошнім лісце, то ён прыбудзе ў Амстэрдам, не ў Лондан…

Радзівіл жартам насунуў яму капялюш на вочы.

— Ян, запомні, месца прыдворнага буркуна каля маёй асобы ўжо занятае, — з робленай суровасцю папярэдзіў ён. — Хопіць з мяне павучанняў ад пана Пуцяты!

— Ужо, мансеньёр, — усміхнуўся Цадроўскі, перасоўваючы капялюш на месца. — Дык я збегаю даведаюся пра паштовую карэту?

Багуслаў кіўнуў, і юнак кінуўся выконваць загад. Князь жа скіраваўся ў карчму, дзе пан Пуцята, які ўжо паспеў пасварыцца з мытнікамі, натужна хрыпеў на чэлядзь, што нядбайна скідала скрыні з рэчамі з нанятага воза. Марцін Аборскі і ўжо цалкам здаровы пан Рэйнольд стаялі непадалёк, а больш нікога з княжацкага почату не было відаць.

— Паберажы горла, пан Самуэль, — сказаў Багуслаў, падыходзячы бліжэй. — Пакінь рэчы чэлядзі, і пайшлі нарэшце абедаць.

вернуться

140

3 лац. albus — «белы».

1 ... 105 106 107 108 109 110 111 112 113 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)