Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Віселі залатыя бароды льну, прыемна пахла рыбай і кісла — шкурамі.
Грувасціліся пірамідамі яблыкі, над шызымі, нібы затуманенымі подыхам, слівамі спявалі залатыя восы. Сапяжанкі, ур'янтоўкі, слуцкія бэры пахнулі так, што соладка рабілася ў роце. Усюды ляжала гародніна, бітая птушка, мясныя тушы. А побач — рабчыкі, кражныя качкі, дупелі для панскага стала. Кадаўбцы ляснога мёду і жаўтаватыя колы воску. Шкуры дзікіх звяроў.
Краіна была багатая. Краіну чакаў голад.
…Каля сляпога старца з лірай амаль не было людзей: не даць — грэх, а даць не было чаго. Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану. А ля яго акрамя дзвюх жанчын, якія плакалі, стаяў хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя. Цяжкаватае падбароддзе, вялікі цвёрды рот. Жарсткаваты няправільны нос. З тысяч і тысяч людзей, па адной толькі форме носа з крутымі ноздрамі, Алесь заўсёды пазнаў бы ў ім мясцовага, тутэйшага.
Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі, вочы хлопца былі цяпер задумлівыя і мяккія. Пасма валасоў падала на высокі чысты лоб. Ён слухаў. Слухаў, нахмурыўшы тонкія і чорныя, нібы тушшу наведзеныя, бровы.
Алесь побач з ім таксама пачаў слухаць пад тужлівыя ўздыхі баб.
Турэцкі кароль наступаў, каб узяць за сябе Андрэеву дачку. І не толькі яе.
І не вытрымала жаночае сэрца. Андрэева дачка ўцякла ў лес і, седзячы ў разгаліне дуба, рыхтавала падарункі каралю, загадвала сяброўкам вастрыць нажы, каб кроіць імі для яго ручнікі. І вось кароль падступіў з усёй сваёй чорнай сілай. І тады…
Страшна гулі струны:
Жабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі. Непаразумела зірнуў на Алеся. І раптам вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель.
— Здурэў, ці што? — спытаў ён гучным кплівым голасам.
Алесь цярпець не мог, каб з яго кпілі незнаёмыя.
— Цябе не спыталі, — сказаў ён.
— Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка, як макаўка, а розуму — як…
Загорскі ведаў, што працяг прыказкі злосны і трохі непрыстойны.
— Ты б паўтарыў, — з пагрозаю сказаў ён.
— А я не глухому гавару, — сказаў хлопец.
— То і відаць, што скнара. За такую песню паўрубля яму шкада.
— За гэтую песню мне мільёна не шкада. Ды толькі не з тваіх рук.
— А што мае рукі?
— А тое, што іншая дабрыня горшая за дурасць. А дабрыня багатага…
— Затое ты, відаць, з багатых. Сем коп лапцей…
Алесь сказаў гэта з вялікай крыўды. Але падлетак, апрануты сапраўды сціпла, здавалася, не пакрыўдзіўся.
— Люблю Сярка за звычай, — паказаў ён сляпуча белыя зубы. — Ды толькі не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што бога знаюць. Забяры свае бязбожныя грошы.
— Чым гэта яны горшыя?! — спытаў Алесь. — Чаго ты да мяне прычапіўся?!
— А тым, што яны дурной галавой дадзены, гэтыя грошы.
Алесь мераў хлопца вачыма. Так, той быў, відаць, дужэйшы, але ў яго было менш гнуткасці і спрыту.
— А я вось дам, дык ты і нагамі накрыешся, — сказаў хлопец.
— Ану дай. Сам пяты задзярэш.
Праз хвіліну яны малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў.
Пыл так і курэў над месцам бойкі.
Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным.
— Атрымаў? — спытаў хлопец.
— Дый ты атрымаў.
У хлопца сапраўды распухла і без таго пухлая ніжняя губа; у Алеся вуха было чырвонае і пякло.
— Ну і што? — спытаў хлопец.
— А тое, што дурань, — ужо не так злосна сказаў Алесь.
Яны ўсё яшчэ сачылі адзін за адным, але відаць было, што бойка згасне.
— Гэта ты дурань, — сказаў хлопец. — Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.