Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Знак бяды
Знак бяды - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Знак бяды

Электронная книга - «Знак бяды». Краткое содержание книги:

Ці лёгка было казаць праўду пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў змовы маўчаньня і адкрытай хлусьні? Напэўна імкненьне да праўды і яе выкрываньня прывялі да таго, што Васіль Быкаў не пайшоў па цячэньні, але выступіў насупраць хлусьні і мане пра лёсы беларусаў. Яшчэ ў час калі Савецкі Саюз падаваўся непахісным і савецкія грамадзяне рыхтаваліся да «ўступленьня ў камунізм», Васіль Быкаў адзначыў, што на трагедыі народа нельга пабудаваць «сьветлай будучыні». Ён не выступіў з асуджэньнем палітыкі Камуністычнай партыі, але проста распавёў пра лёс аднае беларускае сям’і, якой за два дзесяцігодзьдзі ўдалося пабываць у двух гіеннах. Ваенны Быкаў, хаця і са скрыпам ўспрымаўся палітычнай вярхушкай Савецкага Саюзу, а вось Быкаў, які параўнаў пакуты ваеннага ліхалецьця з пакутамі калектывізацыі прыйшоўся не да спадобы партыйным функцыянэрам. «Знак бяды» накрэсьліў сапраўднага Быкава, які больш ніколі не замаўчаў, ні крытыкаваны, ні цкаваны не сыходзіў ён ад свайго абвостранага пачуцьця праўды. «Знак бяды» Быкава адзін з найлепшых твораў, беларускага пісьменьніка, якога неаднаразова называлі «сумленьнем нацыі».
У аповесці Васіль Быкаў піша пра трагічны лёс жыхароў хутара Яхімоўшчына — Сцепаніды і Петрака Багацькаў. У жыцці гэтых людзей адлюстраваліся тыя нягоды, якія выпалі на долю беларускага народа, яго барацьба з фашысцкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
1 ... 102 103 104 105 106 107 108 109 110 ... 114
Перейти на страницу:

Яна моўчкі пастаяла трохі і пайшла назад цераз гразкую небрукаваную плошчу на яе другі бок, дзе ў спрытным каменным дамку з балконам атабарылася цяпер паліцыя. Яна думала, можа, там убачыць каго знаёмага, запытаецца, але здалёку яшчэ згледзела, што і там на прыступках стаіць нейкае мурло ў шынялі і з вінтоўкай, мабыць, таксама варта. Нерашуча падышоўшы, яна спынілася воддаль, ля тэлеграфнага слупа з падпоркай, паставіла на сушэйшае кошык, чакала, мо выйдзе Гуж або Каландзёнак, каб запытаць. Але, як на тое ліха, з паліцыі ніхто не выходзіў — ці ўсе яны там былі чым занятыя, ці там проста не было нікога. І яна ўсё стаяла на ветры, які церусіў дробным дожджыкам, яе хустка дужа макрэла, стылі на золі мокрыя ногі, але яна цярпліва чакала, не зводзячы позірку з зачыненых дзвярэй дамоўкі. Яна не адразу пачула, як ззаду запляскалі па гразі нейчыя крокі, і, азірнуўшыся, убачыла настаўніка Свянткоўскага, які дробненькай таропкай хадой кіраваў у паліцыю. Праўда, ён надаваў сабе выгляд, што не пазнае яе ці не заўважае, і нават угнуў галаву ў капелюшы, мусіць, каб не вітацца.

Але яна хуценька з апошняй надзеяй павярнулася да яго, успомніўшы, што чалавек ён нязлы, можа, скажа два словы.

— Добры дзень вам…

— Добры дзень, — суха адказаў Свянткоўскі, аднак не спыняючыся. Тады яна падхапіла з-пад слупа кошык і ступіла яму наперад.

— Можа б, вы гэта перадалі Багацьку Петраку. Мусіць жа, тут ён недзе.

— Тут, да, — сказаў Свянткоўскі і засцярожліва зірнуў на блізкую дамоўку паліцыі. Вартавы там спадылба назіраў у іх бок. Аднак Свянткоўскі амаль не спыняў хады, і яна пабаялася, што не затрымае яго, што ён зараз міне яе, тады не дагоніш.

— Можа б, вы перадалі яму… Яечкі тут, сала…

Свянткоўскі моўчкі пераняў з яе рук кошычак, яго маленькія вочкі на мізэрным вастраносенькім твары трывожна матлянуліся па плошчы.

— І зараз жа ідзіце адсюль! Зараз жа, быстра!!! — кінуў ён ціхім настойлівым шэптам.

Узрадаваная, Сцепаніда была трошкі сумелася, адчуўшы нейкі стоены непакой у тых словах былога настаўніка, і на момант знерухомела, пазіраючы ззаду на ягоную прыгорбленую спіну ў чорным суконным паліто, якое, можа, гадоў дзесяць насіў Свянткоўскі. Той падышоў да ганка, прыпыніўшыся трохі, паскрэб аб штось у доле запэцканыя гразёй боты і, коратка зыркнуўшы на яе з-пад капелюша, знік за дзвярыма. Тады толькі яна сцяміла пагрозлівы сэнс яго слоў і зразумела, што гэта ён не са злосці — хутчэй са спагады да яе. Мусіць, нешта там адбывалася, пра нешта яны дазналіся, і над ёй таксама навісла бяда.

Але бяды сабе яна не хацела, у яе быў адчайны намер, яна не магла цяпер па-дурному рызыкаваць у мястэчку пад носам у паліцаяў і спярша нетаропка, а пасля ўсё хутчэй і паспешней пашыбавала местачковай вуліцай да гасцінца. Мабыць, трэба было спяшацца, наўрад ці ў яе было многа часу, а спраў і клопату ў яе было безліч. Ужо бегучы гасцінцам, яна думала аб тым: што б магло здарыцца і дзе? Дома ці, можа, у Карнілы? Ці, можа, аб нечым прагаварыўся Пятрок? Але што ведаў Пятрок? Яна даўно ўжо адраклася ад бабскай завядзёнкі пра ўсё балбатаць з мужыком, мо таму, што Пятрок не дужа падзяляў яе думкі і з яўным недаверам адносіўся да яе намераў і планаў. Шмат што рабіла яна як сама знала. Пятрок часам трохі бурчэў, але за гады прывык да яе незалежнасці, а то і першынства, і абаім, здаецца, было някепска. Не дай Бог, каб ён даведаўся цяпер пра вінтоўку, ён бы памёр ад страху. І добра, што яна ад яго ўсё ўтаіла. Яна ўжо даўно пераканалася, што толькі тое будзе ў сакрэце, што ведаеш сам-адзін і ніхто болей у свеце. І то не заўсёды. Такі цяпер свет і такія людзі.

Сцепаніда прыцішыла крок толькі на сваім падворку, дзе з палёгкай уздыхнула, як згледзела, што тут усё па-ранейшаму, нікога няма, і ў прабоі коса тырчыць, як тырчала, уваткнутая ёю раніцай трэсачка. І яна падумала, што, можа, гэта Свянткоўскі сказаў проста так, каб пастрашыць яе ці прагнаць ад паліцыі. Але ж яго сцішаны тон быў дужа падобны на змоўніцкі і таіў нейкае спачуванне. Мабыць, усё ж тут нешта не так. Мабыць, яшчэ нешта будзе.

Нават не зайшоўшы ў хату, Сцепаніда засталася на падворку і пачала пільнаваць Карнілу. Яна неадрыўна ўзіралася ў шэры вечаровы прыцемак над шырокім прасцягам поля, дзе хутка раставалі ў шэрасці высялкоўскія хаты, дарога на пагорку, гасцінец з радам тэлеграфных слупоў. Заставаўся лепей відаць бліжні канец дарогі на хутар, але і ён паступова расплываўся, патанаў у змроку. Цямнелася.

Побач па падворку таксама сноўдаў сюды-туды прыблудны сабачка Рудзька. Калі яна спынялася, узіраючыся ўдалеч, ён таксама заміраў ля яе ног, узіраўся і ўслухоўваўся ў нешта сваё, сабачае. Але во ён неяк палахліва напружыўся, завурчэў, брахнуў, коратка і пагрозліва; Сцепаніда ціха шыкнула на яго, тупнуўшы нагой. Рудзька сціх, а яна ўжо напэўна ведала, хто там, і падалася з варотцаў у цемру. Яшчэ зводдаль яна ўчула ціхенькі стук кола ў выбоіне, змораны дых каня, неўзабаве на дарожцы паявіўся няпэўны варухлівы абрыс яго галавы, воза — побач валюхаста тупаў прысадзісты Карніла з лейцамі ў руках.

1 ... 102 103 104 105 106 107 108 109 110 ... 114
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)