Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 100 101 102 103 104 105 106 107 108 ... 147
Перейти на страницу:

…І зноў цемра, як сажа. І зноў раптоўнае святло. Замкавы двор, заліты сонцам. Вялізны спачатку абшчынны, пасля фамільны дуб. Кіпіць пад ім і вакол стракаты натоўп. Магнацкая, шляхецкая вопратка, латы воінаў, адзенні вольных сялян. Далей, у браме і за брамай, белая хмара тых, зусім простых. З агульнага гулу вырываюцца паасобныя сказы.

— А ўсіх сведкаў з тых латных людзей, — гэта падсудак, — паставіць перад вочы высокага суда нельга. Бо той жа ноччу іх нейкія ліхія, лёзныя, вандроўныя іначай, людзі да смерці выбілі. І тыя ліхія людзі не з воінаў, а з простых разбойнікаў былі, бо не мелі гакаўніц, а мелі лукі са стрэламі атручанымі.

Зноў вэрхал. Усплывае разумны твар Станкевіча. Рука на Евангеллі.

— Клянуся, што калі князь уцекінёраў наздагнаў, то і адпусціў адразу па просьбе і парадзе маёй. А што яны грошы тых бунтоўных везлі і грошы яго каралеўскае мосці — таго я не ведаў.

І пасля паўзы:

— Толькі грошы тыя дасюль нідзе не ўсплылі. І пошук наш нічога не даў. А ўсплысці павінны былі. Значыць, схаваныя яны, пад завалай. А тут трэба яшчэ даведацца б, ці не перастрэлі ўцекачоў іншыя людзі князевы.

Зноў шум галасоў. І тут ужо ля падстаўкі з Евангеллем сам князь.

— Фартугалем[60] продка майго Пятра Альшанскага клянуся, — рука ягоная цягне з грудзей залаты ланцужок.

— Продка-здрадніка, — бязгучна варушацца Станкевічавы вусны.

— …а спатрэбіцца, то паклянуся й на святым Евангеллі. Не пад катаваннямі, як слугі, а па сумленню, што я тады, адпусціўшы іх, з панам Станкевічам назад да замка прыехаў. А другі раз я іх не лавіў. І, галоўнае, не забіваў. А сведкі Язэп Гарашчук, купнік, ды Пратас Левановіч, пісар, клянуцца, што тыя — жывы. І жыць ім яшчэ, колькі адпусціць ім дзён бог. А я ані зброю, ані плахаю паскараць канец гэты не буду, у чым і слова сваё кладу.

І зноў цемра. І далёкі голас:

— Князь наш Вітаўт, не дачакаўшыся канца разбору, хуткім чынам памрэ.

Зноў змрок. Ужо на вечныя часы. Два вартаўнікі хрышчоныя, а адзін — не хрышчоны.

…Уласны скрогат зубоўны будзіць мяне.

Стан мой быў у той дзень нікудышны. Нават сустрэча са Сташкай не прынесла палёгкі: увесь час я памятаў водбліскі начнога зорнага святла на яе абліччы, калі «нас» спускалі на арканах у атвор. Апошнія водбліскі святла.

Невядома, чаму мы пайшлі ў напрамку да Альшан (хутчэй за ўсё таму, што і замак, і касцёл, і сама Альшанка абрыдлі нам, як манная каша ў часы залатога шчаслівага дзяцінства) і я, сам не ведаючы, з якой прычыны, расказаў ёй пра ўсё, не выключаючы і кашмары.

— Гэта бывае, — сказала яна. — Проста чалавек столькі думае пра гэта, што думкі не пакідаюць яго і ў сне.

— А чаму ў сне ўсё так, нібы ўсё ведаеш?

— Адсутнасць логікі. І прысутнасць нейкай вышэйшай логікі. Наяве гэта перашкаджае, а ў сне — нібы ўсё раскутае. І ўяўленне ў тым ліку. Тэарэма з Эўклідавай геаметрыі пра перасечныя прамыя (ці лініі — от, чорт, непатрэбная была навука, то ўсю тэрміналогію забыла).

— Правільна. Нехта са славутых казаў, што ведаў у ягонай кніжнай шафе болей, чым у ім самім. Але ён з гэтай прычыны не плача. Бо ён не шафа, ён — фізік… Я таксама забыў шмат чаго са школьнай прамудрасці, але калі ўжо звярнулі на забытую геаметрыю, то мае перасякальныя лініі перасякаюцца за межамі ўяўнай плоскасці, за межамі явы, у сне.

— Ну і што вы зараз думаеце аб гэтым?

— Анічога.

Усё яшчэ досыць маладая, сакаўная і зялёная лістота спляталася над дарожкай. І крочыла па гэтай дарожцы тое, што я згубіў назаўсёды не толькі ў кашмарным сне.

— А ведаеце, — раптам узгарэлася яна, — яно б і адпавядала ўсім дадзеным, ваша соннае «вырашэнне». Сапраўды, не дакрануўся Альшанскі да зноў адбітых скарбаў, сапраўды, сам пальцам не крануў спайманых. І ён іх не забіваў, проста даў ім самім памерці. І кляцьба на Евангеллі была праўдай, хаця і казуістычнай. З вадою чалавек можа пражыць без ежы, ну…

— Два тыдні, не болей.

— Чаму? Унь адна мая знаёмая на лекавальным галаданні трыццаць дзён вытрымала.

— На лекавальным. Пад наглядам лекараў, а не ў цямніцы. Бо патрэбная не толькі вада, але і свежае паветра, і рух, і, прабачце, рэгулярныя прамыванні. Іначай арганізм атручваецца прадуктамі свайго ж распаду.

— Ну, прынамсі, маглі яшчэ жыць.

— Такая клятва ды яшчэ на Евангеллі не толькі для сярэдневяковага чалавека, яна і для сучаснага… гэта ўжо зусім без сумлення трэба быць. Нават не зверам, а нейкай выкапнёвай бязмозглай рэптыліяй. Ды пра такіх летапісы беларускія казалі, хай сабе і непрыстойна, «зусім бяссовісны, за шэлег у божым храме трахне».

вернуться

60

Фартугаль (партугаль) — залаты медальён заходняй работы.

1 ... 100 101 102 103 104 105 106 107 108 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)