Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Маша i Максім здаваліся нам з жонкай шчасліваю парай. ł не толькі нам: так лічылі i тыя, хто ведаў ix бліжэй.
— Харошыя людзі. I ён, i яна…
Гэта гаворыдь мне сёння стары райвыканкомаўскі шафёр Намыста, гуцул Мікіта Самійлавіч, які пасля партызан асеў у нашым раёне. Я ведаю яго, можна сказаць, даўно, люблю паслухаць расказы старога пра даўнюю службу ў аўстра-венгерскай арміі, калі яшчэ, як ён кажа, царстваваў Франц Іосіф «эрштэр». Мы паважаем адзін аднаго i таму вось з прыемнасцю п'ём чарку ў раённай чайной, закусваем селядцом з гарачай бульбай i гаворым пра добрых людзей, якія пазаўчора селі ў вагон i паехалі ў госці, да Машыных бацькоў,— усёй сям'ёю.
— Харошыя людзі,— паўтарае стары Намыста і, размораны чаркай, змаўкае. Пасля даволі доўгай паўзы ён дастае сваю «цыбуліну» ў вялікім, падобным на грушу футляры, доўга глядзіць на стрэлкі.— Извините за мою некультурность… — кажа чамусьці па-руску. — Цяпер ужо дваццаць тры мінуты пасля чатырох… Пайду вось зараз на бакавую. Што рабіць у святую нядзелю? А ваш аўтобус падыдзе тым часам. Так i жывэмо…
Закончыўшы на роднай мове i з уздыхам, ён зноў маўчыць. У гэтым маўчанні я пачынаю падазраваць нешта незвычайнае. I праўда, — вось ён, Мікіта Самійлавіч, глядзіць на мяне трошкі іншымі, рашучымі вачыма i пачынае:
— Вам толькі i скажу… I ён чалавек харошы, а яна яшчэ лепшая. Як рідна донька, глядзіць мяне, даглядае стару, самотну людыну… — Ен выцірае вочы i зноў па-руску гаворыць: — Извините за мою некультурность… Я не скажу, што Максым Валадымэравыч нешчаслівы чалавек, але ж — не шчаслівы… Толькі вам скажу… Абы мы ехалі каля яго роднай вёскі ноччу, заўсёды спыніцца каля могілкаў i пойдзе туды. Я, вядома, сяджу ў машыне, чакаю. А раз пайшоў за ім следам. Бо доўга вельмі яны, Максым Валадымэравыч, не вярталіся. Прыйшоў, гляджу… А ён ляжыць грудзьмі на магіле i плача… як дытына, плача… Вы ведаеце, вядома…
Так, Мікіта Самійлавіч, я ведаю, я нібы толькі цяпер успомніў, што ў той магіле ляжыдь Максімава першая жонка i першы сынок, расстраляныя немцамі, калі ён пайшоў у партизаны. Я не ведаю нават імя той жанчыны, не бачыў ніколі i хлопчыка. Чуў толькi — наша звычайная вясковая маладзіца, якая ў панскую турму пасылала свайму Максіму кавалак хлеба, адняўшы яго ад уласнага рота, пісала, капаючы слязьмі на смешны, няўдалы след алоўка, што хлопчык усё пытае, а дзе тата?..
— Извините за мою некультурность… — Стары Намыста глядзіць на мяне i пытаецца, нібы просіць — Мы ёй ніколі не скажам пра гэта?.. Марыя Матвіеўна така добра… Не трэба…
…Адзін. З акна аўтобуса гляджу на жаўталістыя бярозкі i бурачковую пожню грэчкі каля гасцінца, гляджу на яркую, спакойную вячэрнюю зару i думаю, шапчу без слоў:
«Мілая Маша! I сапраўды, можа, вы лепш ніколі не ведайце пра гэтыя яго начныя слёзы!..»
1957
МАЦІ
Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было адмахнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. А рабіць трэба было, хоць і свету не бачыш… І яна жала, нікому нічога не кажучы.
Увечары, вяртаючыся дахаты са сваім наймалодшым, у тое страшнае лета адзіным у хаце сынам, старая ледзь перастаўляла ногі, натруджаныя гадамі бязлітаснай працы. Паблеклыя вочы яе глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава.
Аднак яны бачылі многа.
Вось, нечакана спыніўшыся, маці азірнулася на свайго хлопца, які, таксама з сярпом на плячы, пачціва ішоў ззаду, запавальняючы хаду, па-пастушынаму «клюючы» салодкі жытні каласок.
— Глядзі, Васіль, як ён упяўся… Эх! Трымайся, нябога, стой!
Сын перастаў на момант «кляваць», зірнуў у той бок, куды яна паказвала. За вялізнай узорнай дзяругай цераспалосіцы, недзе далёка-далёка за ўзгоркам патухала зара, а зусім блізка ад мяжы, па якой яны ішлі, стаяў пахілы мэндлік жыта. Уранні па нівах, з гары ў даліну, прайшоўся нізам вецер і панасоўваў мэндлікам шапкі на самыя вочы. Мала таго, каторы слабей пастаўлены, дык і ўсяго яго ці нахіліў, ці нават абярнуў зусім. Той, на які паказвала маці, нахілены ўсімі снапамі ўдагон ранішняму ветру, што быў ужо на другім канцы свету, — той не хацеў упасці. І старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары і не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця.