Паміж зоркай і свечкай
- Автор: Бураўкін Генадзь
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Выдавец: Бацькаўшчына
- ISBN: 985-6026-15-6
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Паміж зоркай і свечкай». Краткое содержание книги:
Новую кнігу Генадзя Бураўкіна склалі вершы трох гадоў (1995—1997 ). У іх з вышыні пражытага і перажытага ён разважае над складанымі пытаннямі жыцця і смерці, надзеннымі балючымі праблемамі сённяшняй Беларусі, вечнымі таямніцамі зямнога кахання. Глыбока лірычныя, вершы паэта вызначаюцца шчырасцю і ўзрушанасцю.
Перейти на страницу:
На шляху запыленым і тлумным,
Па якому суджана прайсці,
Вы мяне не ўспамінайце сумным.
Вам і так нявесела ў жыцці.
Згадвайце нястомным і вясёлым,
З кошыкам лазовым
I кійком
Гаманкім вясковым балаголам
Ці гарэзным босым пастушком.
Як мяне прыпомніце аднойчы,
Хай да вас смяшынкі прылятуць
I на міг памаладзеюць вочы,
I ва ўсіх усмешкі расцвітуць ...
* * *
У планеты весняй
На віду
Завяду я песню,
Завяду.
Тую,
Не забытую,
Маю,
Што ні з чым не зблытаю,
Пяю.
Тую,
Не забітую
Яшчэ,
Што з душы
Малітваю
Цячэ.
Завяду я песню,
Завяду.
Можа,
Не на шчасце —
На бяду.
Кіну,
Як расінку,
На жарству,
Каб сказала ўсім,
Што я жыву.
* * *
Я сваё жыццё, нібы пірог,
З многімі дзяліў і не бярог.
Менш за ўсё каханай адламіў...
Каб жа хоць каго ды накарміў!
Талент, вершы, веру і любоў
Раскідаў, нібы паштовых галубоў.
Можа, ад Дняпра ці ад Дзвіны
На змярканні вернуцца яны...
Перейти на страницу: