Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Палыновы вецер
Палыновы вецер - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Палыновы вецер

Электронная книга - «Палыновы вецер». Краткое содержание книги:

Леанід Левановіч — вядомы беларускі пісьменнік, аўтар пяці раманаў, звязаных аднымі героямі і месцам дзеяння. Палыновы вецер працягвае гэты цыкл, у які ўваходзяць раманы Шчыглы, Паводка сярод зімы, Дзікая ружа, Сіняе лета, Бесядзь цячэ ў акіян. У новым рамане расказваецца пра распад СССР і палітычныя падзеі 1980-90-х гадоў, якія аказаліся лёсавызначальнымі для многіх савецкіх людзей, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пра бязмежнае каханне ў радыяцыйнай зоне.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 128
Перейти на страницу:

Леанід Левановіч

ПАЛЫНОВЫ ВЕЦЕР

Раман. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 224 с.

Палыновы вецер

Даруй мой уздых глыбокі:

Душу працінае вецер.

О, як адзінока на гэтым свеце,

Хоць столькі насупраць вокан!

Душу працінае вецер,

Вецер, як у паэме Блока.

Алесь Пісьмянкоў

Черный вечер

Белый снег,

Ветер, ветер!

На ногах не стоит человек

Ветер, ветер —

На всем Божьем свете!

Аляксандр Блок

І

Звычайна  ён прачынаўся  рана — а пятай гадзіне. Сёння прахапіўся яшчэ раней: цемра ахутвала сенавал, цішыня, густая,  вязкая, панавала вакол. Аніводная  птушка не абзывалася:  птушкі  сваё адспявалі, на дварэ ўжо Спасаўка — за парогам  стаіць  восень.

Раптам Бравусаў насцярожыўся — угары, пад страхою,  пачуўся нейкі шоргат, лопат крыл. Ён аж здрыгануўся ад нечаканасці, але хутка здагадаўся: гэта вярталіся з начнога палявання кажаны. Бравусаў ведаў, што пад страхою каля вільчыка жывуць кажаны,  праз дзіркі ў франтоне вылятаюць на волю, а зімуюць у ягоным склепе: вісяць уніз галавою, маленькія, усохлыя, быццам згорнутыя ў трубачку альховыя лісткі. Кажаны адшукалі сваё сховішча, супакоіліся. Тады гучна залапатаў крыллем певень, зацягнуў спрадвечнае залівістае “кукарэку”.  Неўзабаве  адгукнуўся другі пявун, потым яшчэ адзін. зноў балюча апякла думка: як мала засталося насельнікаў у Хатынічах. Некалі было паўтары сотні двароў, а зараз нейкі тузін — засталіся самыя зацятыя, упартыя жыхары, якія не захацелі ўцякаць ад Чарнобыля. Іншыя ж, як пачалі даваць грошы за іхнія пабудовы, разляцеліся па свеце, нібы птушкі ў пошуках цёплага краю. А вось шолахі кажаноў узрадавалі Бравусава. Праўдзівей, не самі гукі, а тое, што ўчуў іх. Летась ён, Уладзімір Усцінавіч Бравусаў, адсвяткаваў сваё шасцідзесяціпяцігоддзе, паранены, кантужаны на вайне, але глядзі ты, не глухі, як турлушка. А яшчэ гэта азначае, што за ноч добра выспаўся, у галаве светла, ціск нармальны, бо апошнім часам чуў гул увушшу, жонцы Марыне даводзілася размаўляць з ім мацней.

Колькі ж гэта часу, падумаў Бравусаў, закінуў руку за падушку, дзе ў сене ляжаў пляскаты ліхтарык. Пасвяціў на гадзіннік, і хоць лічбы на цыферблаце выразныя, не маленькія, усё роўна не разабраў. Акуляры з сабой не ўзяў, каб не раздушыць неспадзеўкі. І яшчэ падумалася: ночы ўсё даўжэюць, мацней сціскаюць у абдымках дні, якія ўсыхаюць, скарачаюцца. Таму ранішняе святло ніяк не можа прабіцца на сена.

Добра, што вушы не падводзяць, а вочы... Зрэшты, няма чаго Бога гнявіць. Яшчэ ў сорак чацвёртым, пасля ранення пад Рагачовам,  пракачаўся  ў шпіталі чатыры месяцы і яго камісавалі па блізарукасці. Бравусаў вярнуўся дамоў, акрыяў, маці лячыла ягадамі, найбольш чарніцамі, і о дзіва, ён схаваў у шуфляду стала акуляры і не даставаў іх амаль сорак гадоў!

А мінулаю восенню давялося пра акуляры ўспомніць. Дык гады ж не малыя. Колькі чаго перажыта! Колькі актаў, пратаколаў склаў участковы інспектар міліцыі Бравусаў за трыццаць гадоў добрасумленнай службы! Мог загінуць яшчэ ў першыя месяцы вайны, калі прабіраўся з акружэння ажно з-пад Яльца ў родную вёску. Колькі разоў глядзеў смерці ў вочы камандзір партызанскага ўзвода Валодзька Бравусаў! І награшыў нямала. Пад Рагачовам раззлаваны спрэчкай з салдатам Рацэевым — той лаяў  калгаснае жыццё, — нават узяў яго на мушку падчас атакі. Але не паспеў націснуць на курок: нямецкі снарад апярэдзіў. Ад Рацэева засталося адно ашмоцце...

І ўсё ж Бравусаву, мусіць, было наканавана забіць чалавека. Ён зрабіў гэта не наўмысна: Крупадзёраў, былы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках, на добрым падпітку кінуўся на яго з кулакамі. Бравусаў бараніўся і перавысіў меру абароны — неспадзявана задушыў гаспадара хаты, з якім разам выпівалі. Крупадзёраў запрасіў Бравусава прыехаць па дробную бульбу, хацеў аддзячыць, што дапамог выкапаць увесь агарод. Сустрэча даўніх знаёмцаў сталася трагічнай. Але ніхто пра гэта не дазнаўся: былы ўчастковы замёў сляды.

На дварэ  святлела, у шчыліны адрыны цадзілася ранішняе святло, але сонца яшчэ не ўзышло, і ўставаць Бравусаў не спяшаўся. Пачуў, як ляснулі дзверы веранды — значыць, выйшла Марына. Ах, каб яна сюды завітала! А мо паклікаць? Жаданне імгненна авалодала ім, хуценька адчыніў вароты, гукнуў:

— Марына! Хадзі на хвілінку.

— Ну, як табе спалася? — Марына пільна зірнула на яго. — Учора ты перабраў троху.

— Ды не, Марынка. У мяне, хвакцічаскі, шматгадовая трэніроўка. Паўлітэрка ды пры добрай закусі, што сабаку муха. Не будзем пра ета. Мы з табой яшчэ сянні не цалаваліся, — прыхінуў да сябе жонку, абняў пяшчотна.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 128
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)