Гісторык. I я мог бы ўсклікнуць сёння: «Окончен труд, завещанный от Бога…» А радасці няма… Дзвесце гадоў з гакам фактычна акупацыйнага рэжыму на Бацькаўшчыне ўціснуты ў паўтысячы старонак хоць і праўдзівага, але сухога тэксту. А найгалоўнейшай падзеі пачатку мінулага стагоддзя — Першаму Усебеларускаму з’езду (кангрэсу) 1917 года, які меўся стаць пачаткам зусім іншага шляху Айчыны, адведзена тры старонкі гістарычнай факталогіі, а светлыя, мужныя, маладыя, рамантычна адухоўленыя постаці рыцараў волі і незалежнасці самастойнай дзяржавы, між іншым, як і рылы ганіцеляў і катаў нашага люду паспалітага, засталіся за межамі эмацыйнага ўспрыняцця таго, што да гэтага часу хаваецца пад пластамі маны і фальсіфікацыяў…
Палякі зразумелі такую небяспеку адразу ж пасля раскрыжавання Рэчы Паспалітай імператрыцай Кацярынай II. Тады ж таемны сход іх інтэлектуалаў-інтэлігентаў і прыйшоў да высновы: каб у варунках, што склаліся, уратаваць і захаваць польскую нацыянальную ідэю, трэба дзве рэчы — напісаць рамантычную гісторыю Польшчы і стварыць яе рамантычную гістарычную літаратуру. З пастаўленай задачай палякі справіліся. Не разгубіліся і не скурвіліся, як мы, беларусы, пасля жорсткай паразы ад усходняй дэспатыі. Не згубілі рамантычна-паэтычнага пачуцця і, здавалася б, бесперспектыўнай, нязбытнай мары вызвалення ад чужынцаў…
Арыстоцель меў рацыю, калі казаў: «Гісторык і паэт адрозніваюцца не тым, што адзін гаворыць вершамі, а другі прозай… Розніца ў тым, што адзін распавядае аб тым, што адбылося, другі ж — пра тое, што магло адбыцца…». Амаль праз стагоддзе мы пачынаем усведамляць, што ж магло адбыцца з нашай Бацькаўшчынай і намі пасля Першага Усебеларускага з’езда 1917 года, калі б ідэя яго здзейснілася.
Мяркую, што толькі тэатр, толькі вобразнае мысленне можа спалучыць гісторыю з паэзіяй барацьбы рыцараў волі за ажыццяўленне нацыянальнай ідэі як асновы дзяржаўнасці і непадлегласці. А ў тым, што мне ўдасца ўтрымацца ў строга фармальнай ролі вядучага ў відовішчы, не ўпэўнены, бо гістарычная логіка не заўсёды супадае з логікай драматургічнай. А гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. (Адыходзіць да свайго стала.)
Уваходзіць прыгожая чарнявая дзяўчына, за ёю — малады мужчына і вельмі худы чалавек невыразнага ўзросту. Здымаюць і вешаюць на калкі толькі галаўныя ўборы. Размяшчаюцца за шырокім сталом. Дзяўчына вынімае з сумачкі сшытак, насадку і чарнілку. Хударлявы расцірае азызлыя ад холаду рукі, а потым і твар. Пакашлівае.